Зміцер ВІШНЁЎ. Найноўшы беларускі літаратурны працэс
План:
1. Уводзіны
2. Часопісы, газеты, Інтэрнет
3. Выдавецтвы і кніжныя серыі
4. Суполкі і асобы
Фестывалі, кангрэсы, семінары, конкурсы
6. Беларуская літаратура ў еўрапейкім кантэксце
1. Уводзіны
Мяне часта просяць распавесці пра сучасную беларускую літаратуру. І хаця я заўсёды імкнуся выкласці ўласнае разуменне яе стану, гэта, аднак, даволі цяжкая справа. Бо праблема палягае не ў тым, каб апавядаць пра сучасных беларускіх творцаў, а ў тым, як паставіцца да іх творчасці і ацаніць яе. Вядома ж, як не існуе формулы кахання, так няма й формулы таленту; а таму кожная ацэнка творчасці сучасніка можа натыркнуцца на падводныя камяні асабістых адносін, сяброўскіх ці непрыязных. Як бы тое ні было, але крытыкі заўсёды вылучаюць адны імёны і пакідаюць па-за сваёй увагай іншыя. Таму й я буду суб’ектыўным.
Ад пачатку хацеў бы засведчыць сваю нязгоду з цверджаннямі кшталту “гадоў пятнаццаць мы маем крызіс літаратуры (і не толькі беларускай). Асаблівых доказаў гэтага не патрабуецца. Яны ўсе відавочныя” (Леанід Галубовіч, ЛіМ. 2006. 15 снежня). Мне ж відочным падаецца адваротнае. Прычым, якраз датычна таго самага апошняга пятнаццацігадовага перыяду. І каб давесці сваё, я маю даказваць. Бо інакш гэта не крытыка і нават не сафістыка, а папросту пустыя словы.
Ёсць, вядома, і іншыя ўзоры крытыкі, якія падаюць што, нібыта, сучасная беларуская літаратура ўсё ж нейкім дзіўным чынам існуе, але яна другасная і неарыгінальная.
Даволі трапна пра такую прыхаваную ацэнку напісаў Анатоль Брусевіч (Тэксты. 2007. №3): “У 2005 годзе чытачы “НН” неаднаразова станавіліся сведкамі, як таварыш (цяпер ужо, відаць, спадар) Фядута, прыняўшы позу вялікага даследчыка беларускай літаратуры, дае каментар з’явам, якіх у лепшым выпадку проста не разумее. На першы погляд, рэцэнзіі Фядуты — суцэльныя дыфірамбы ў бок таго ці іншага беларускага паэта. Насамрэч, вельмі асцярожна, але мэтанакіравана, крок за крокам аўтар падводзіць нас да пазіцый заходнерусізму. І вось Рыгор Барадулін пераўтвараецца ў Дзяржавіна, Андрэй Хадановіч — у Жукоўскага, Глеб Лабадзенка — у Пушкіна, а Людка Сільнова — у Цвятаеву: Беларусь, як костка цукру, паволі рассычаецца ў кіпені расейшчыны”. З тэкстаў таго ж сп. Фядуты вынікае й тое, што ніколі не было беларускага Барока. А калі яшчэ й даць веры такой літаратурнай крытыцы, дык незаўважна прыйдзеш да думкі, што на Беларусі не тое каб назіраўся крызіс прыгожага пісьменства, а поўная адсутнасць яго.
І ўсё ж, як бы гэта парадаксальна ні выглядала, пачнем з таго, чаго ў нас няма. У Беларусі — відочна — адсутнічае арт-рынак, на тэлебачанні няма прафесійных літаратурных праграм, дзяржава практычна не падтрымлівае літаратурнага сектару (не наладжвае фестываляў, семінараў, конкурсаў, не спрыяе ўтварэнню-існаванню часопісаў, выдавецтваў, не прызначае спецыяльных прэмій, стыпендый). Адсутнічаюць таксама й падаткавыя льготы для беларускіх кнігавыдаўцоў. Але, як ні дзіўна, нягледзячы на ўсе пералічаныя праблемы, за апошнія пятнаццаць гадоў наша літаратура памацнела і выглядае на фоне еўрапейскай не самай горшай — хутчэй, малавядомай масаваму еўрапейскаму чытачу.
Нельга адмаўляць, вядома, і досведу часткі беларускай савецкай літаратуры, якая, безумоўна, спрычынілася да сучаснай літаратурнай сітуацыі. Перадусім гэта творы Міхася Стральцова, Алеся Асташонка, Янкі Маўра, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Алеся Наўроцкага… Не трэба забывацца й на тое, што на пачатку ХХ стагоддзя беларуская літаратура была фактычна выразана “пад корань”. Тагачасныя мадэрністы і авангардысты (Паўлюк Шукайла, Тодар Кляшторны, Валеры Маракоў, Уладзімір Хадыка, Міхась Чарот, Алесь Дудар, Юрка Лявонны) былі рэпрэсаваны, і гэта, напэўна, адкінула нашу літаратуру на дзесяцігоддзі. Нездарма й да сёння большасць выпускнікоў школы асацыююць усю беларускую літаратуру з вайной і калгасам. Папраўдзе, даўно наспеў момант перагляду школьнай праграмы: пара ўжо выдаліць з падручнікаў савецкіх ідэолагаў і нажывіць іх тэкстамі сапраўдных творцаў. Мне блізкая думка празаіка Альгерда Бахарэвіча, які ў сваёй кніжцы “Ніякай літасьці Валянціне Г.” піша: “… той мужык, які гучна й груба ўсклікнуў калісьці: “А хто там ідзе?”, насамрэч быў сьляпым што да літаратуры, а другі мужык, з абавязковым батанічным псеўданімам, не ўмеў пісаць прозы, а трэцяга праз пяцьдзесят гадоў не надрукавала б нават тая антылітаратурная газэта, дзе працаваў Хадок, настолькі цьмянае ўяўленьне пра мастацтва слова меў клясік”. Гэта нармальны здаровы сарказм з нагоды штучназбудаваных тэкстаў. Ён, насамрэч, — антыдот супраць смецця не толькі ў “класічнай”, але і ў сучаснай беларускай літаратуры.
2. Часопісы, газеты, Інтэрнет
Нязважна на адсутнасць хоць як уладкаванага літаратурнага ці мэдыя- рынку ў краіне ўсё ж выходзяць літаратурныя часопісы і газэты. Прычым, стала прыкметнай тэндэнцыя апошніх пятнаццаці гадоў да паступовага пераносу цэнтру літаратурнай увагі з дзяржаўных на недзяржаўныя перыядычныя выданні. Па-ранейшаму паслядоўна выходзяць дзяржаўныя перыёдыкі — па-беларуску часопісы “Полымя” і “Маладосць”, па-расейску “Нёман” і “Всемирная литература”, а таксама беларускамоўная газета “Літаратура і мастацтва”. Але недзяржаўных выданняў куды болей: часопісы “Дзеяслоў”, “Arche”, “Паміж”, “pARTisan”, “Тэксты”, “Калосьсе”, “Фрагменты”, “Правінцыя”, “Топас”, газеты “Наша ніва” і “Новы Час”. Праўда, рэгулярна выходзяць толькі “Дзеяслоў” ды “Arche”, які арыентуецца збольшага не на мастацкія, а на аналітычныя тэксты, і памянёныя тут газеты. А таму прастора перыядычнага літаратурнага друку аказваецца ўсё ж завузкай, хаця сітуацыю часткова выпраўляе Інтэрнет — з літаратурнымі сайтамі, форумамі, віртуальнымі кнігамі, дзённікамі. Сярод Інтэрнэт-рэсурсаў, што асвятляюць культурнае жыццё Беларусі, можна вылучыць спецыфічна літаратурны сайт www.litara.net, а таксама моладзевую старонку: www.uff-by.org (дзе з’яўляюцца інфармацыя пра літаратурныя імпрэзы, інтэрв’ю з пісьменнікамі) і студэнцкі праект www.studfarmat.org. Асаблівай увагі варты электронная бібліятэка www.knihi.com і інтэрнэт-крама www.knihi.net.
Дзяржаўныя ж літаратурныя выданні цягам апошніх гадоў відочна ідэалагізаваліся. Асабліва заўважныя ў гэтым сэнсе змены ў змесце тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, які прэтэндуе на ролю “газеты творчай інтэлігенцыі Беларусі”. Насамрэч газета выконвае функцыю рупара дзяржаўнай ідэалогіі і ёсць “грамадскай пляцоўкай” для так званых “правільных літаратараў”, дзе апошнія публікуюць свае творы. У газеце, да прыкладу, можна натрапіць на такія паэтычныя радкі: “Амерыка, спаць не дае табе чужое багацце. // Каго б толькі ты // Не пусціла на друз, // А не дазваляў табе // Разгуляцца // Непераможны // Савецкі Саюз.”; “А здалёку плылі // Акулы даляраў для “перабудовы…” // Гэта, Амерыка, ты // Лоўка, як купляюцца нейкія модныя соскі, // Запускала маланкава ў нас “франты” У.Карызна, ЛіМ. 2007. 10 снежня). Для газеты “ЛіМ” гэта, напэўна, высокі штыль паэзіі… У тым жа нумары чытаю Н.Гальпяровіча, які параўновае жанчыну з пупавінай. Можа, гэта лімаўскі постмадэрнізм?
Недзяржаўная газета “Наша Ніва” падобных твораў не друкуе. Але часам даволі суб’ектыўна асвятляе тыя ці іншыя мастацкія і літаратурныя з’явы. Вышэй ужо цытаваўся гэткі прыклад (артыкулы А.Фядуты). Ігнаруе “НН” таксама й некаторыя вартыя ўвагі падзеі, кіруючыся, напэўна, толькі ёй зразумелымі крытэрамі. Так, вялізнай імпрэзы літаратурнага руху “Бум-Бам-Літ”(з нагоды дзесяцігадовага існавання), зладжанай у сталічным Доме літаратараў, на якую не здолелі патрапіць многія ахвочыя, журналісты “НН” папросту “не заўважылі”. Такая самая сітуацыя мела месца й з прэзентацыяй у 1999 годзе першага нумару часопісу “Nihil”. Тым не менш, варта ўхваліць рэдакцыю за распачын кніжнай серыі “Кнігарня Наша Ніва” з яе памкненнем да прамоцыі прыгожага беларускага пісьменства.
Пэўную станоўчую ролю ў літаратурным працэсе нкекалі адыгралі такія дзяржаўныя газеты, як “Культура” і “Звязда”. У сярэдзіне 90-х менавіта дзякуючы “Культуры” ў беларускую літаратуру насур’ёз увайшоў тэрмін “постмадэрнізм”. На жаль, літаратурна-філасофскага сшытку “ЗНО”, што раз на месяц выходзіў пры выданні, цяпер няма. У сучасных варунках газета ігнаруе многія недзяржаўныя літаратурныя і мастацкія падзеі і засяроджана збольшага на афіцыйных акцыях і мерапрыемствах. Зрэдзьчасу друкуе літаратурныя творы й газета “Звязда”. Ды й часопіс “Роднае слова”, з намаганняў Віктара Жыбуля, апошнія гады стаў друкаваць удумлівыя літаратурныя даследаванні. Мастацкія творы часам змяшчае й напаўлегальная газета “Народная воля”. А з другой паловы 2007 году пачаў нарэшце выходзіць штомесяцовы дадатак “Літаратурная Беларусь” да газеты “Новы Час”. Аднак жа нядаўні судовы пераслед выдання і вялікія грашовыя спагнанні робяць далейшае існаванне яго надзвычай праблематычным.
Як выглядае, Інтэрнет — пакуль што адзіны непадкантрольны сродак свабоднага слова ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму. У выніку ў беларускай Інтэрнет-прасторы асталяваны своеасаблівы паралельны літаратурны свет. Тут жывуць свае героі, утвараюцца цэлыя кантыненты і планеты. Большасць літаратараў старой генерацыі ставяцца да Інтэрнету падазрона, цвердзячы, што ён шкодзіць распаўсюду кніг. Усё ж якраз наадварот. З падмогі новых тэхналогій узрастае роля і кнігі, і самаго літаратурнага тэксту. З сучасных беларускіх літаратараў у Інтэрнет-наваколлі актыўна прысутнічаюць Адам Глобус, Юрась Барысевіч, Альгерд Бахарэвіч, Яўген Лёсік, Віка Трэнас, Валерыя Кустава, Алесь Аркуш, Ігар Бабкоў, Ганна Кісліцына, Аксана Бязлепкіна, Сяргей Балахонаў, Сяргей Дубавец…
3. Выдавецтвы і кніжныя серыі
Нягледзячы на малую колькасць перыядычных літаратурных выданняў, цягам апошніх двух гадоў у краіне з’яўляецца досыць шмат якаснай мастацкай літаратуры. Гэта своеасаблівы беларускі парадокс. І адбываецца такое насуперак таму, што дзяржаўныя выдавецтвы фактычна выконваюць палітыку забарон на выхад твораў, якія альбо не ўпісваюцца ў мадэль постсавецкага рэалізму, альбо належаць аўтарам, далучаным да апазіцыйнага Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
І ўсё ж серыя “Дэбют” дзяржаўнага выдавецтва “Мастацкая літаратура” пазнаёміла чытачоў з некалькімі кнігамі, якія выклікалі пэўны розгалас. Перадусім гэта “Галоўная памылка Афанасія” Югасі Каляды, “Вясна ў кароткім паліто” Зміцера Арцюха, “Вогнепаклоннік” Янкі Лайкова, “Даты” Ўсевалада Гарачкі, “Сонца за тэрыконамі” Юліі Новік ды інш.
Але большасць мастацкіх твораў, адметных добрай якасцю літаратуры, выпускаюць у свет прыватныя выдавецтвы — “Логвінаў”, “Беларускі кнігазбор”, “Медысонт”, “Радыёла-плюс”, “Ходр” і “Галіяфы”. І гэта з улікам таго, што недзяржаўныя выдавецтвы, якія спецыялізуюцца на беларускамоўнай кніжцы, пастаўлены ў даволі жорсткія ўмовы. Прынамсі, магчымасці выдання за свой кошт у іх вельмі абмежаваныя, бо вольных сродкаў ніколі не стае. А продаж і зусім звужаны: запатрабаваны ж толькі кнігі вядомых аўтараў. А таму, беручы да падрыхтоўкі кнігу маладога аўтара, напрыклад, Змітра Пляна, выдавецтва вельмі рызыкуе. Не іміджам, вядома, а грашыма.
Маладому аўтару, дарэчы, таксама “раскруціцца” складана. Цягам колькіх апошніх гадоў узвычаілася практыка перашкод публічным выступам. Тэлебачанне запрашае адно членаў “правільнага”, афіцыйнага, Саюзу пісьменнікаў Беларусі. На дзяржаўным радыё сітуацыя гэткая ж самая. І почасту кнігі маладых з’яўляюцца вынікам зусім не бізнесу, а мецэнацтва. А ладная частка творцаў выдае кнігі цалкам за ўласныя грошы. Бо, на жаль, у краіне недастаткова фондаў і арганізацый, здатных і ахвочых падтрымаць творчыя праекты айчынных кнігавыдаўцоў… Акрамя таго, прыватны выдавец змушаны асабліва пільна чытаць рукапіс не толькі з гледзішча мастацкай вартасці, але й з пазіцыі палітычнай бяспекі — каб не патрапіць у сітуацыю пазбаўлення ліцэнзіі.
Сярод найбольш цікавых і неардынарных недзяржаўных кніжных серый трэба вылучыць “Другі фронт мастацтваў” (у межах якой існуюць таксама дзве меншыя серыі — “Бібліятэка Бум-Бам-Літу” і “SCHMERZWERK”). Пералічым толькі некаторыя выданні: Пятро Васючэнка “Адлюстраванні першатвора”, Вольга Гапеева “Рэканструкцыя неба”, Усевалад Гарачка “Пралетарскія песні”, Лера Сом “Свабода Слова Зіма”, Сяргей Кавалёў “Стомлены д’ябал”, Ілля Сін “Нуль” і г.д. Найбольш “раскручанай” кніжнай серыяй сталася галерэя “Б”, што трымае супрацу з рознымі выдавецтвамі (куратар Ігар Бабкоў). У ёй выйшлі кнігі Міхася Баярына “Шалёны вертаградар”, Юрася Барысевіча “Цела і тэкст” і г.д. У серыі “Кнігарня “Наша Ніва”” пабачылі свет “Суд на Каляды” Алеся Кудрыцкага, анталогія жаночага апавядання “Жанчыны выходзяць з-пад кантролю”, кніга замежных перакладаў “Бабілёнская бібліятэка” ды інш.
У 2006 годзе заснавана бібліятэчка часопісу “Дзеяслоў”, у якой выйшлі кнігі Анатоля Івашчанкі “Вершнік”, Усевалада Сцебуракі “Крушня” і інш.
4. Суполкі і асобы
У 90-я гады ХХ ст. паўстаў новы літаратурны рух “Бум-Бам-Літ”. Даволі хутка назва набыла пераноснае значэнне і нейкі час усё неардынарнае альбо незразумелае называлі бумбамлітам. Што ж датычыцца саміх сяброў таго руху, дык іх ужо зусім не шкадавалі. Сяржук Мінскевіч у артыкуле “Да пытання фармалёгіі Бум-Бам-Літу” (Тэксты. 2007. № 3) піша: “Нярэдка на працягу 10 год існаваньня руху ў некаторых артыкулах ці кулюарных выступах можна было сустрэць азначэньні, дадзеныя Бум-Бам-Літу: аморфны, безыдэйны, Акудовічавы хлопцы, Барысевіч і “іжэ с нім”, Бахарэвіч і сябры, Вішнёў і кампанія, Мінскевіч і інш., “жыбулёўшчына”… Сёння, аднак, большасць сяброў таго руху адыгрываюць сур’ёзную ролю ў літаратурным працэсе краіны. Таму небеспадстаўна з’явілася й зусім іншая пазіцыя, адрозная ад ранейшай, пагардлівай, якую ў артыкуле да нямецка-беларускай анталогіі “Лінія фронту-2” (2007) выказала крытык Маргарыта Аляшкевіч. Яна гэтак ацэньвае творчасць былых бум-бам-літаўцаў (з сямі аўтараў зборніка толькі двое не ўдзельнічалі ў літаратурным руху: Вера Бурлак і Вольга Гапеева): “Усе беларускія аўтары, творы якіх адабраныя для гэтага выданьня, прыйшлі ў літаратуру ў 90-я гады ХХ стагодзьдзя — час, калі індывідуалізм дарэшты прасякнуў ужо нават айчыннае пісьменства, якое традыцыйна вызначалася… калектывісцкімі схільнасьцямі. Уласна, менавіта індывідуалізм — а зусім ня цяга да эксплікацыі брутальнай тэматыкі альбо адыход ад фармальных канонаў звыклай літаратуры — можа быць названы галоўным паяднаўчым крытэрам для гэтых сямі розных аўтараў. Кожны зь іх у той ці іншай ступені стварае правілы ўласнай літаратурнай гульні”.
Адметнай з’явай было і ёсць Таварыства Вольных Літаратараў, што, як і ББЛ, было заснавана ў 90-я. Суполка выдае часопіс “Калосьсе”, які, на жаль, выходзіць даволі нерэгулярна. У часы свайго росквіту гэта згуртаванне выпусціла вялікую колькасць малюпасенькіх кніжак у серыі “Паэзія новай генерацыі”. Акрамя таго, ТВЛ час ад часу ладзіць міжнародныя семінары і раз на год уручае прэмію “Гліняны Вялес” за лепшую кнігу году. Варта прыгадаць і літаратурную суполку “Вулей”, якая пэўны час стварала самвыдатаўскую газету “Соты”. На жаль, групоўка велькі хутка развалілася.
Яшчэ адно кола пачаткоўцаў утварылася вакол Андрэя Хадановіча — гэтая “тусоўка” пастаянна бярэ ўдзел у конкурсах маладых літаратараў, адным з галоўных куратараў якога з’яўляецца вышэй азначаная асоба. Штогод конкурс прысвячаецца аднаму з класікаў прыгожага пісьменства: У. Караткевічу, Н. Арсенневай, Ф. Пятрарку.
У 2001 годзе заявіла пра сябе суполка “SCHMERZWERK”, у якой сабраліся радыкальныя мастакі і літаратары: Юрась Барысевіч, Вальжына Морт, Вольга Гапеева, Альгерд Бахарэвіч, Ілля Сін, Зміцер Вішнёў. Суполка надрукавала свой маніфест у часопісе “pARTisan” і беларуска-нямецкай анталогіі “Лінія фронту-1” (2003). Увайсці ў аб’яднанне можна толькі з стопрацэнтнай згоды ўсіх удзельнікаў, таму, адрозна ад ББЛ, гэта структура даволі замкнёная. “SCHMERZWERK” ладзіць фестывалі і акцыі, выдае кнігі і часопіс “Тэксты”.
У новым тысячагоддзі гучна заявілі пра сябе ўдзельнікі літаратурна-перформавай групоўкі “Яна-тры-ён”. Яны маюць свой маніфест і бяруць актыўны ўдзел у розных акцыях і фэстах (Адам Шостак, Юрась Ленскі, Вольга Рагавая). Дарэчы адзначыць, што творчыя сілы даволі часта гуртуюцца не толькі вакол літаб’яднанняў, але й вакол газет і часопісаў. Тут можна вылучыць газету “Наша Ніва” і часопіс “Arche”. Гэтыя выданні не проста маюць кола сваіх аўтараў: яны спрабуюць выкіроўваць і да сваёй канцэпцыі літаратурнага працэсу…
5. Фестывалі, кангрэсы, семінары, конкурсы
Сярод найбольш “раскручаных” фестываляў можна назваць штогадовы “Не-фармат”, на якім, апрача літаратараў, бяруць удзел перформары, мастакі, музыкі. Некалькі гадоў запар цягам месяца па кніжных крамах пад назвай “Другі фронт мастацтваў” ладзіліся “Літаратурныя чытанні”. Пад брэндам “Тры дні” адбываюцца не толькі творчыя выступы, але й прэзентацыі новых кніг. Можна прыгадаць таксама вандроўныя фэсты “Дзень муміфікатара” і “Адсутнае беларускае мастацтва”. Ужо некалькі разоў праводзіўся міжнародны літаратурны фестываль “Парадак слоў”. Істотна заўважыць: усе вышэй пералічаныя акцыі ажыццяўляюцца з прыватнай ініцыятывы, і даволі часта бюджэт імпрэз папросту мінімальны (альбо й наагул адсутнічае). Затое ў краіне заўсёды маюцца грошы на “Дажынкі” і “Славянскі базар”. Думаецца, бюджэту аднаго з гэтых дзяржаўных свят дазволіў хапіла б, каб арганізаваць дваццаць недзяржаўных (прычым, на добрым узроўні). Ды, на жаль, шмат што з фінансаванага дзяржавай адпачатна прызначана перадусім для ўдзелу асаблівых, “правільных творцаў”. Зрэшты, нехта можа запярэчыць: маўляў, гэта справа густу. Так, я згодзен. Але ўсё-ткі дзяржава мусіць фінансаваць мастацтва рознагустоўнае: скарыстоўваюцца ж на памянёныя намі ўрачыстасці грошы ўсіх падаткаплатнікаў.
6. Беларуская літаратура ў еўрапейскім кантэксце
За апошнія дзесяць гадоў відочна ўзрасла цікавасць еўрапейцаў да сучаснай беларускай літаратуры. Выйшла некалькі сумесных кніг: беларуска-шведскі зборнік “4+4+4” (1999), беларуска-нямецкія “Лінія фронту-1” (2003) і “Лінія фронту-2” (2007), беларуска-ўкраінскі “Сувязьразрыў” (2006). Выдаюцца таксама анталогіі беларускай паэзіі на розных славянскіх мовах. Да таго ж, некаторыя нашы літаратары займаюць першыя месцы на міжнародных фестывалях. Прыкладам, Вальжына Морт атрымала першае месца ў 2005 годзе ў Славеніі на фестывалі “Віленіца”. У 2007 годзе ў чэшскім Брно прайшоў месяц беларускай літаратуры. Творы Алеся Разанава, Барыса Пятровіча, Альгерда Бахарэвіча, Вольгі Гапеевай, Віктара Жыбуля, Юрася Барысевіча, Веры Бурлак і многіх іншых спраўна перакладаюцца на самыя розныя мовы.
За савецкім часам творы беларускіх літаратараў свет мог пазнаць выключна праз расейскую культуру: напачатку аўтара перакладалі на расейскую, а потым ужо — на каторую іншую еўрапейскую мову. З развалам Савецкага Саюзу сітуацыя каардынальна змянілася: на расейскую з беларускай болей не перакладаюць (прынамсі, прыкладаў пакуль няма), а таму наша прыгожае пісьменства быццам закансервавалі. І ўсё ж цяпер робіцца прыкметнай тэндэнцыя ўтварэння перакладчыцкіх школ з беларускай на еўрапейскія мовы — найперш на нямецкую і шведскую… Магчыма, з цягам часу менавіта праз гэтыя мовы ў свеце будуць ведаць лепшыя творы беларускіх пісьменнікаў.
Выкарыстаная літаратура:
1. Галубовіч Л. ЛіМ. 2006. № 50.
2. Кісліцына Г. Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы. Мн.: Логвінаў. 2006.
3. Валеры П. Аб мастацтве. М.: Искусство. 1993.
4. Вішнёў З. Верыфікацыя нараджэння. Мн.: Логвінаў. 2005.
5. Шаўлякова І. Рэстаўрацыя шчырасці. Мн.: Логвінаў. 2005.
6. Васючэнка П. Адлюстраванні першатвора. Мн.: Логвінаў. 2004.
7. Кісялёў Г. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн.: “Беларуская навука”. 2003.
8. Мальро А. Люстэрка лімба. М.: Прогресс. 1989.
9. Шкраба І. Варыянтнасць у сучаснай беларускай мове. Мн.: Асар. 2004.
10. Марыяк Ф. Не скарыцца ночы… М.: Прогресс. 1986.
11. Парандоўскі Я. Алхімія слова. М.: Прогресс. 1972.
12. Артэга-і-Гасет Х. Дэгуманізацыя мастацтва. М.: Радуга. 1991.
13. Штогоднік Акадэміі рускай сучаснай славеснасці. L-крытыка. М.: Объединенное гуманитарное издательство. 2001.