Абвешчаны набор на семінар “Пошукі ідэнтычнасці. Крыўскі праект”

Беларускі Калегіюм

 абвяшчае пачатак сэмінару

 пошукі ідэнтычнасьці. КРЫЎскі праект

Сэмінар прысьвечаны аналізу канцэпцыі Крыўі як аднаго з беларускіх “нацыянальных праектаў”, які цягам ХХ стагоддзя разглядаўся як магчымы кірунак нацыянальнага разьвіцьця рознымі мысьлярамі і грамадзкімі дзеячамі. Якое месца гэты праект займае ў беларускай гісторыі ідэй і ў сучасным працэсе станаўленьня новай нацыянальнай ідэнтычнасьці? Акрамя гэтага, удзельнікі сэмінару дасьледуюць пытаньні беларускага сакруму, рэканструкцыі традыцыйнае касмалягічнае сыстэмы і зьвязаныя з гэтым сучасныя інтэлектуальныя практыкі.

Каардынатар сэмінару: Тодар Кашкурэвіч.

Тодар Кашкурэвіч

 План семінару

1.Беларуская ідэнтычнасьць і спробы стварэньня нацыянальных праектаў новага часу.

 1.1. Пачаткі фармаваньня крыўскае ідэнтычнасьці беларусаў.

Рамантыкі ХІХ ст. Таварыствы філяматаў і філярэтаў. Пачаткі “крыўскай” ідэі. Уплыў вызвольных паўстаньняў ХІХ ст., забароны саманазвы Літва і беларускага друкаванага слова на фармаваньне нацыянальнае ідэі.  Пачатак ХХ ст. В. Ластоўскі і крыўскі праект  новай нацыянальнай ідэялёгіі тутэйшага Краю. Канкурэнцыя і процістаяньне “беларускай” і “крывіцкай” мадэляў. Нацыяналізм прадстаўнікоў крывіцкай і беларускай ідэялёгій культурніцкага рамантызму і бальшавіцкага прагматызму.

 1.2. Іншыя нацынальныя праекты. Адраджэньне ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Памылка неўлучэньня ў нацыятворчыя працэсы дзейнасці Ю. Пілсудзкага, Л. Жалігоўскага, Ю. Доўбар-Мусьніцкага і інш. Змаганьне за “Літву”. “Літоўскі”, “беларускі”, “польскі” пагляды на праблематыку. Беларуска-літоўская бальшавіцкая рэспубліка (ЛітБел), або альтэрнатыўная – “Літва сьродкова”, як беларуска-літоўская адноўленая дзяржава – ВКЛ.  Тэндэнцыі адраджэньня “літоўскай” ідэнтычнасьці ў сучаснай Беларусі.

1.3. Праблема “незадаволенасьці” беларуска-БССРаўскіх праектаў у асяроддзях беларускага грамадзтва ў 80-х 90-х.

Негатыўныя фактары станаўленьня сучаснай беларускай нацыянальнай соцыя-культурнай мадэлі  ў савецкія часы. Геапалітычныя аспэкты. Намінацыя Краіны праз назоў “Беларусь”, як магчымасьць і інструмэнт  улучэньня яе  ў “рускі мір” і арыентацыю на Усход.  Беларускія БССРаўскія дзеячы культуры і ідэялогіі: дасягненьні і паразы.  Нязгода ў беларускім грамадзтве паводле праблем сучасных нацыятворчых працэсаў.

1.4. 1980-я і 1990-я гг. Пошукі новых мадэрных ідэнтычнасьцяў Беларусі.

Тэндэнцыі новага “нацыянальнага адраджэньня”. Пошукі кшталтаў абнаўленьня нацыі. Аднаўленьне крыўскае ідэі. Інтэлектуальныя практыкі і навуковыя дасьледаваньні ў тэмах балтызму, этнацэнтрызму, дахрысьціянскіх традыцыйных культаў, этнакасмалёгіі,  этнастылю і інш. Плёны і паразы праекту “КРЫЎЯ”.

 

2.Цэнтар Этнакасмалёгіі “КРЫЎЯ”

 2.1. Ідэалягічныя ўстаноўкі Цэнтру Этнакасмалёгіі “КРЫЎЯ”.

Канцэпцыя Цэнтру этнакасмалёгіі “КРЫЎЯ” як інтэлектуальнай прасторы дасьледаваньня і каардынацыі вывучэньня дахрысьціянскае культуры і этнагенэзу беларусаў, прапанаваная філёзафам С. Санько і мастаком Т. Кашкурэвічам. Культывацыя фальклёрнай, этнаграфічнай, міталягічнай, стылістычнай спадчыны як падмурак фармаваньня новае мадэлі нацыянальнай ідэнтычнасьці. Даследаваньне і ўзнаўленьне рэлігійнайе дахрысьціянскае традыцыі (паганства) і яе сынкрэтызму з хрысьціянскімі культамі.  Вывучэньне і папулярызацыя балцкага складніку ў этнагенэзе беларусаў.

 2.2. Вынікі дзейнасьці Цэнтру Этнакасмалёгіі “КРЫЎЯ”.

Навуковыя публікацыі “КРЫЎІ”. Часопісы “KRYŬJA” і “DRUVIS”. Актуалізацыя балцкае тэмы ў беларускім культурным ужытку. Масавая рэканструкцыя архаічнае народнае музыкі і аўтэнтычнага сьпеву, рэканструкцыі народных строяў і інш.

 

  1. Дасьледаваньне беларускага сакруму

 3.1. Архаічныя сьветаглядавыя мадэлі ў сучасным сьвеце.

Магчымасьць або немагчымасьць рэканструкцыі дахрысьціянскае рэлігійнае сыстэмы. Сучасныя практыкі традыцыйных культаў. Рэлігійныя супольнасьці і фальклёрны традыцыяналісцкі рух. Крытыка нэапаганскіх рухаў у Расеі, Латвіі, Ісляндыі, Летуве і інш. Канцэптуальныя пытаньні нэапаганізму. Вера і веда.

 3.2. Стыль  у культуралягічнай  нацыятворчай праграме.

Актуальнасьць праблемы стылю ў фармаваньні нацыянальнага вобразу краіны. Візуальная рэалізацыя. Кшталты дызайнерскіх адаптацый і папулярызацыя традыцыйных арнамэнтаў. Кшталты аўтэнтысцкіх праектаў рэканструкцыі народнага сьпеву. Аўтэнтысцкія матывы ў сучасных музычных праектах. Рок, джаз, панк, мед’еваль і інш. Фармаваньне стылістычнага вобразу нацыі. Прыклады “крыўскіх” унёскаў у пазначанаю праблематыку.

3.3. Сэмантыка беларускага арнамэнту.

Сэмантычныя і міталягічныя пачаткі знакавай сыстэмы ў архаічных супольнасьцях. Марфалёгія беларускіх народных тканых і вышываных арнамэнтаў. Геамэтрычны стыль арнамэнту як праява пэўнага кшталту мысьленьня і міталягічных уяўленьняў. Жаночы беларускі народны строй як вобрз сьвету. Арнамэнт і магічныя аспэкты ў традыцыйных супольнасьцях. Ікона і строй. Два віды іканаграфіі і тыпалёгіі прысутнасьці сакральнага датычныя чалавека.

3.4. Іншыя тэмы.

Дасьледаваньні міту Хітыцкія паралелі з беларускай валачобнай традыцыяй, абрад “жаніцьба Цярэшкі” і рымскія “людзі тарэнцыі”. Міталёгія беларускае дуды – і многае  іншае.

 

Заяўкі прымаюцца да 25 студзеня 2017. Для гэтага трэба запоўніць электронную форму.

 

Дадатковая інфармацыя па электронным адрасе info@belcollegium.org

 

You may also like...