Мікола ДЗЯБЁЛА. Журналісцкае расследаванне (уводзіны)

План:

1. Што такое журналісцкае расследаванне

2. Выбар тэмы

3. “Зліўны бачок” ці змагар за справядлівасць?

4. Праца з крыніцамі інфармацыі пры правядзенні расследавання на крымінальную тэматыку

5. Прыёмы журналісцкага расследавання

6. Бяспека журналіста

 

1. Жанр ці метад?

Навукоўцы, якія даследуюць журналістыку, да гэтага часу не вызначыліся: лічыць журналісцкае расследаванне асобным жанрам, альбо гэта толькі метад збору інфармацыі. У кожнага з бакоў ёсць свае аргументы на карысць прызнання журналісцкага расследавання жанрам ці толькі метадам. Напрыклад, праціўнікі прызнання журналісцкага расследавання асобным жанрам лічаць, што матэрыял такога кшталту фактычна з’яўляецца сумессю карэспандэнцыі з інтэрв’ю альбо звычайным артыкулам. Сапраўды, магчыма, па форме журналісцкае расследаванне і не мае нейкіх асаблівых адрозненняў ад карэспандэнцыі ці артыкула з элементамі інтэрв’ю. Аднак несумненна, што па сваім змесце журналісцкае расследаванне зусім не падобнае на традыцыйную карэспандэнцыю ці артыкул.

Галоўная адметнасць журналісцкага расследавання не толькі ў тым, што яно ўтрымлівае навіны, якія маюць вялізнае грамадскае значэнне. Вельмі важны таксама і сам працэс падрыхтоўкі такога матэрыялу. Пры правядзенні журналісцкага расследавання аўтар павінен не толькі паказаць нейкія хібы грамадства ці асобнай галіны ўлады, але і выкрыць іх прычыны, прааналізаваць магчымыя наступствы.

Вядомы амерыканскі журналіст, у мінулым рэдактар газеты “Філадэльфія інкуайрэр”, адзначыў, што “сутнасць журналісцкага расследавання заключаецца не ў тым, каб злавіць палітыка са спушчанымі штанамі ці выявіць асобнае парушэнне закона, а ў тым, каб дакапацца да фактаў, якія ляжаць глыбока пад паверхняю, каб дапамагчы чытачу разабрацца ў тым, што адбываецца ў нашым складаным жыцці”.

Большасць журналісцкіх матэрыялаў не з’яўляецца расследаваннем. Хоць у беларускай прэсе пад рубрыкай “журналісцкае расследаванне” нярэдка друкуюцца рэпартажы з залы суда ці нават даследаванні нейкіх бытавых праблем. Ва ўсіх гэтых выпадках рэпарцёры проста ішлі ўслед за падзеямі без загадзя распрацаванага плана, не рабілі спроб здабыць нейкую эксклюзіўную інфармацыю ці каментар.

Увогуле, журналісцкія расследаванні з’явіліся ў беларускай прэсе толькі ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Праўда, гэта зусім не азначае, што да гэтага часу журналісты не займаліся расследаваннем альбо даследаваннем тых ці іншых праблем. Проста ў беларускай журналістыцы гэта паняцце ў апошнія 15 год істотна звузілася. Зараз пад журналісцкім расследаваннем найперш маецца на ўвазе даследаванне крымінальнай тэматыкі, звязанай са злоўжываннямі чыноўнікаў, карупцыяй, бандытызмам. Разам з тым, вялікае грамадскае значэнне могуць мець і зусім іншыя тэмы журналісцкіх расследаванняў. Напрыклад, экалагічныя праблемы ці нават побытавыя: адсутнасць якаснай пітной вады ў нейкім населеным пункце. Тут справа не ў тэме, а ў спосабах яе вывучэння і грамадскай значнасці праблемы. Таленавіты журналіст можа зрабіць цікавы дэтэктыў, паспрабаваўшы, напрыклад, высветліць, чаму ў рэчцы знікла стронга. Інакш кажучы, журналісцкае расследаванне — гэта ўсебаковае даследаванне любой праблемы альбо яе даследаванне ў нейкім яе ракурсе, які да гэтага не трапляў у поле ўвагі грамадскасці і журналістаў. А паколькі ў Беларусі такая праца, як правіла, ускладняецца мноствам штучных чыноўніцкіх перашкод, то звычайнае даследаванне пераўтвараецца ў адкрыццё таямніцы.

У айчыннай прэсе апошнім часам дамінуюць журналісцкія расследаванні на прававую тэматыку. Сам факт таго, што гэты від расследаванняў апошнім часам дамінуе ў нашай прэсе, зусім не выпадковы. Крымінал, палітыка і эканоміка настолькі цесна перапляліся ў нашым жыцці, што літаральна кожная грамадска значная праблема мае гэтыя адценні. Узяць, напрыклад, тэму зніклых без вестак вядомых у Беларусі людзей: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Чаго тут больш: крыміналу ці палітыкі — не высветлена да гэтага часу. Прадстаўнікі ўлады гавораць, што памянёныя асобы сталі ахвярамі крымінальнікаў, апазіцыя сцвярджае, што да знікнення гэтых людзей спрычыніліся гэтак званыя “эскадроны смерці”, створаныя кіраўнікамі “сілавых структур”. Зрэшты і ўсе кропкі над “і” ў памянёных справах пакуль не пастаўлены.

Асноўнае адрозненне журналісцкага расследавання ад артыкула ці карэспандэнцыі, на маю думку, заключаецца ў тым, што аўтар не абмяжоўваецца пастаноўкай праблемы і яе самастойным даследаваннем. Журналіст, які займаецца расследаваннем, павінен прапанаваць і пэўныя варыянты адказаў на паўсталыя пытанні. Іншым разам можна, як кажуць, і не пісаць адкрытым тэкстам, а пабудаваць свой твор так, каб факты і каментары самі падштурхнулі чытача зрабіць адпаведную выснову. Справа гэта даволі складаная. Нездарма журналісцкае расследаванне называюць вышэйшым пілатажам у працы рэпарцёра.

Заснавальнікамі журналісцкага расследавання ў яго сучасным выглядзе лічацца амерыканцы Карл Бернстайн і Боб Вудвард, журналісты “Вашынгтон пост”, якія раскруцілі Уотэргейцкі скандал, што прывёў да адстаўкі прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана.

У Беларусі апошнім часам журналісцкія расследаванні праводзяцца вельмі рэдка. І галоўная прычына не ў адсутнасці кваліфікаваных журналістаў. Журналісцкае расследаванне — задача надзвычай складаная і падчас вельмі небяспечная. У нашай краіне пакуль няма добрых умоў для працы журналіста, які займаецца расследаваннямі. Пры цяперашняй сістэме ўлады рызыкуе не толькі журналіст, які праводзіць сапраўды незалежнае расследаванне, але і само выданне. У найноўшай гісторыі беларускай журналістыкі, на жаль, нямала прыкладаў, калі за апублікаванне крытычных артыкулаў на адрас чыноўнікаў высокага рангу закрываліся незалежныя перыядычныя выданні: “Свабода”, “Наша свабода”, “БДГ”. Журналіст Сяргей Аніська, які апублікаваў звесткі пра будаўніцтва жылля для бацькоў цяперашняга Генеральнага пракурора РБ Віктара Шэймана, быў аштрафаваны на буйную суму грошай, з ягонай кватэры судовыя выканаўцы вынеслі ўсе каштоўныя рэчы і мэблю. Супраць журналісткі “БДГ” Ірыны Халіп, якая таксама правяла журналісцкае расследаванне, у якім фігураваў Віктар Шэйман, пракуратура спрабавала ўзбудзіць крымінальную справу.

Словам, “разграбаць бруд” у нашай краіне — справа даволі небяспечная.

Да таго ж, расследаванне — праца вельмі карпатлівая, займае шмат часу. А з журналіста ў перыядычным выданні патрабуюць “гнаць радкі”, існуе нават устаноўленая норма колькасці радкоў. Калі журналіст не выканае гэты план, то не атрымае прэміі. Інакш кажучы, займацца расследаваннем у Беларусі журналістам яшчэ і нявыгадна з матэрыяльнага пункту гледжання. Іншая справа на Захадзе, дзе пад даследаванне той ці іншай праблемы журналіст можа нават атрымаць грант і спакойна працаваць, не думаючы аб хлебе надзённым.

2. Выбар тэмы

І ўсё ж, не святыя гаршкі лепяць. Расследаваннем можа займацца літаральна кожны журналіст. Нават у беларускіх рэаліях. На думку Сціва Вэйнберга, аўтара “Даведніка рэпарцёра” — самай папулярнай сярод амерыканскіх журналістаў кнігі па журналісцкаму расследаванню, для гэтага патрабуюцца наступныя якасці: цікавасць, жаданне змагацца з несправядлівасцю і скептыцызм, які мяжуе з цынізмам і нігілізмам.

З чаго пачынаецца журналісцкае расследаванне? Як і кожны твор — з выбару тэмы. Гэта адзін з самых важных момантаў у працы журналіста. Тут можа быць некалькі варыянтаў. Ідэю правядзення расследавання могуць падказаць калегі, даць адпаведнае заданне кіраўнік рэдакцыі. Але найчасцей выбірае тэму расследавання сам журналіст. Фактаў, якія заслугоўваюць расследавання, заўсёды значна больш, чым часу ў журналіста. Таму нярэдка журналіст стаіць перад выбарам: якой тэме аддаць перавагу. Безумоўна, найперш трэба кіравацца грамадскай значнасцю факта.

А перад тым, як узяцца за яго грунтоўнае расследаванне, абавязкова трэба скласці план. У прыватнасці, пажадана даць назву свайму праекту, вызначыць асноўную праблему і галоўную думку. Бо ў кожнай тэмы зазвычай некалькі напрамкаў, і калі адразу не вызначыць “маршрут”, то потым можна “заблукаць” у лабірынце фактаў, аргументаў і думак. Вельмі грунтоўна трэба абдумаць, наколькі цікавая і актуальная выбраная тэма для чытачоў вашага выдання. Варта таксама ўявіць магчымую рэакцыю на публікацыю, ці не пацерпяць ад яе невінаватыя людзі, і таму кіравацца вядомым прынцыпам урачоў: не нашкодзь!

Абавязкова трэба скласці план збору інфармацыі. Справа ў тым, што, магчыма, трэба будзе звярнуцца з афіцыйным запытам у нейкія ўстановы, каб атрымаць пісьмовы адказ ці пэўны дакумент. Зазвычай чыноўнікі не спяшаюцца выконваць просьбы рэдакцый і ў лепшым выпадку даюць адказ на працягу аднаго месяца, як гэтага патрабуе закон.

Увогуле, пры выбары тэмы для журналісцкага расследавання неабходна кіравацца 5 асноўнымі правіламі:

Першае. Абнародаваць тую інфармацыю, якая патрэбна людзям.

Другое. Пісаць аб тым, што вельмі важна для вашага кола чытачоў.

Трэцяе. Імкнуцца змяніць грамадства ў лепшы бок.

Чацвёртае. Змагацца са злоўжываннямі чыноўнікаў.

Пятае. Супрацьстаяць любому беззаконню.

3. “Зліўны бачок” ці змагар за справядлівасць?

Вельмі важная акалічнасць, хто з’яўляецца ініцыятарам расследавання. Калі журналіст сам узяўся расследаваць нейкую таямніцу, то ў яго, як кажуць, больш прасторы для манеўру, ён сам вольны выбіраць напрамак тэмы.

Крыху складаней, калі тэму расследавання падказвае нейкая пабочная асоба. Тут трэба быць вельмі абачлівым і напачатку высветліць прычыны, па якіх гэты чалавек вырашыў паведаміць журналісту сенсацыйную інфармацыю. Зусім верагодна, што з дапамогай СМІ проста спрабуюць звесці з некім рахункі. Але не выключана, што інфарматар кіраваўся і самымі шчырымі намерамі. Зрэшты, калі інфармацыя праўдзівая і мае вялікае грамадскае значэнне, то матывы яе рассакрэчвання не маюць істотнага значэння. Галоўнае, каб журналіст аб’ектыўна пра гэта паведаміў.

Нярэдка адбываецца, як у вядомай показцы: хто плаціць, той і замаўляе музыку. У такім выпадку журналіст пераўтвараецца ў звычайную марыянетку. Яму заплацілі, забяспечылі неабходнай фактурай, задалі напрамак тэмы, і ён, у рэшце рэшт, напісаў патрэбны некаму артыкул. Журналістам зазвычай спецслужбы ці праваахоўныя органы даюць нейкія аператыўныя матэрыялы, якія потым друкуюцца на старонках той ці іншай газеты. У журналісцкім асяроддзі з’явіўся нават адмысловы тэрмін: “зліўны бачок”. Так гавораць пра журналістаў, якім спецслужбы ці іншыя праваахоўныя органы “зліваюць” інфармацыю, каб дасягнуць сваіх мэт. Яскравым прыкладам такога мэтанакіраванага “зліву” інфармацыі з’яўляецца публікацыя ў “Советской Белоруссии” тэлефонных перамоў старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоля Лябедзькі з лідэрам Саюза правых сіл Расіі Барысам Нямцовым.

Пераўтварыцца ў “зліўны бачок” можна і міжволі. Напрыклад, калі нявопытны журналіст выслухае толькі адзін пункт гледжання па той ці іншай праблеме. Таму ў матэрыяле павінны быць прадстаўлены і факты, і каментары, і аргументы, і контраргументы, словам, розныя пункты гледжання. Прычым, пажадана ў роўным аб’ёме. Аўтарская пазіцыя не дэкларуецца і, тым больш, не падаецца ў эмацыйнай форме, яна павінна ўсведамляцца чытачом самастойна, дзякуючы ўмела сканструяванаму матэрыялу. Увогуле, кожны журналіст павінен узяць сабе за правіла не ўспрымаць адразу на веру ўсё, што яму скажуць нават самыя дасведчаныя асобы. Давярай, але правярай. Такім прынцыпам трэба кіравацца нават пры падрыхтоўцы бяскрыўднай зацемкі.

4. Праца з крыніцамі інфармацыі пры правядзенні расследавання на крымінальную тэматыку.

Пошукі дакладных звестак, напэўна, самая цяжкая частка журналісцкай працы пры правядзенні расследавання. Выключэнне складаюць хіба толькі тыя выпадкі, калі ваш суразмоўца сам зацікаўлены ў тым, каб інфармацыя ці каментар з’явіліся ў прэсе. Але гэта будзе толькі адзін пункт гледжання. Вам абавязкова трэба будзе знайсці і контраргументы. І тут вельмі важна пераканаць суразмоўцу “па той бок барыкады” ў неабходнасці прадставіць патрэбную вам інфармацыю альбо даць каментар. Зрабіць гэта няпроста. Бо, напрыклад, у адрозненне ад супрацоўніка праваахоўных органаў, журналіст не можа прымусіць чалавека даваць паказанні. Зрэшты, нават калі суразмоўца пагадзіўся весці з вамі размову, трэба навучыцца правільна задаваць пытанні і хутка вызначаць, наколькі праўдзівы ваш інфарматар.

Увогуле, праца журналіста вельмі падобная да працы дэтэктыва. Таму асобам, якія хочуць удасканаліць сваё майстэрства, адной журналісцкай адукацыі будзе мала. Варта пазнаёміцца з метадамі вядзення следства і дазнання, тактыкі допыту. Ёсць спецыяльная літаратура па псіхалогіі, якая дапаможа навучыцца правільна і тактоўна весці дыялогі з тымі ці іншымі асобамі.

Спецыялісту па крымінальнай тэматыцы проста неабходна авалодаць і мовай крымінальнікаў — гэтак званай “феняй”.

Ну, а з якіх каналаў чэрпаць інфармацыю пры правядзенні ўласнага расследавання, кожны журналіст вырашае самастойна. Хтосьці аддае перавагу толькі адкрытым крыніцам, але робіць свае высновы і каментары. Іншыя, наадварот, шукаюць раней не выяўленых сведак і відавочцаў, а таксама спрабуюць “вывудзіць” у супрацоўнікаў праваахоўных органаў эксклюзіўную інфармацыю.

Ва ўсіх выпадках мусіць выконвацца адна галоўная ўмова — крыніца інфармацыі павінна быць кампетэнтнай асобай. І зусім неабавязкова, каб гэты чалавек займаў нейкае высокае службовае становішча. Галоўнае, каб ён быў дастаткова інфармаваны і, як кажуць, “валодаў тэмай”. Нярэдка адбываецца так, што кіраўнік той ці іншай установы якраз і найменш інфармаваны, чым ягоныя падначаленыя. А для журналіста важная якраз не думка кіраўніка, а правільна і дакладна выкладзеная сутнасць праблемы.

Абмен інфармацыяй паміж журналістамі і супрацоўнікамі праваахоўных органаў — з’ява звычайная і паўсядзённая. Нічога заганнага ў гэтым няма. Падчас супрацоўнікі праваахоўных органаў чэрпаюць цікавыя звесткі менавіта з газетных публікацый альбо тэле- ці радыёрэпартажаў. Больш таго, журналісты нярэдка добраахвотна дзеляцца з прадстаўнікамі міліцыі, пракуратуры ці спецслужбаў нейкімі звесткамі толькі дзеля таго, каб у будучым атрымаць эксклюзіўнае інтэрв’ю ці каментар на пэўную тэму.

Бываюць выпадкі, калі супрацоўнікі праваахоўных органаў наўмысна дапускаюць “уцечку” інфармацыі. Прычын тут некалькі.

Напрыклад, калі шараговыя супрацоўнікі бачаць, што высокае начальства спрабуе “разваліць” нейкую крымінальную справу. Зразумела, пасля таго, як гэтая справа набыла вялікі грамадскі рэзананс, “адмазаць” патрэбнага чалавека ўплывовым асобам значна цяжэй.

Нярэдка ўцечка інфармацыі робіцца з санкцыі высокага начальства, каб напярэдадні судовага працэсу над нейкім палітычным апанентам улад сфарміраваць патрэбную грамадскую думку.

Гэткім жа спосабам некаторыя кіраўнікі праваахоўных органаў, якія асцерагаюцца наўпрост прыцягнуць да крымінальнай адказнасці таго ці іншага высокапастаўленага чыноўніка, спрабуюць высветліць рэакцыю кіраўніцтва краіны.

Словам, прычын “незвычайнай шчырасці” інфарматара можа быць мноства. І журналіст павінен іх ведаць. Калі журналіст не ведае, па якой прычыне адбылася ўцечка інфармацыі, то можа стаць своеасаблівай зброяй у руках крыніцы інфармацыі. Яго проста выкарыстаюць у сваіх мэтах інфарматары, і гэта будзе відавочна адразу ж пасля таго, як матэрыял будзе апублікаваны і з’явяцца іншыя каментары.

У ідэале заўсёды лепш мець справу з першакрыніцамі. Гэта можа быць следчы, пракурор, аператыўнік ці іншы супрацоўнік праваахоўнай структуры. Найлепш, калі б гэта быў кіраўнік падраздзялення. Ён у курсе ўсёй справы і можа загадаць падначаленым забяспечыць журналіста той ці іншай інфармацыяй. Праўда, неабходна мець на ўвазе, што кіраўнік сярэдняга звяна практычна ніколі не пагодзіцца з тым, каб афіцыйна ўзяць на сябе адказнасць паведаміць пра той ці іншы факт. Звычайна ён можа гэта зрабіць толькі з санкцыі вышэйшага начальства. Увогуле, у МУС і пракуратуры Беларусі ўведзены правілы зносін з прадстаўнікамі СМІ. Напрыклад, каб сустрэцца з карэспандэнтам, кожны супрацоўнік павінен спытаць дазвол у начальніка, а перад гэтым яшчэ і атрымаць адпаведнае “дабро” ад прэсавай службы.

Таму просьбу чалавека ў пагонах не рассакрэчваць яго ні пры якіх абставінах нельга ўспрымаць як звычайную баязлівасць. У адрозненне ад журналіста, гэтыя людзі рызыкуюць кар’ерай, а падчас і могуць мець непрыемнасці з законам за рассакрэчванне службовай інфармацыі. Тым больш, што ў нашай краіне ледзь не кожная інфармацыя ў сілавых структурах суправаджаецца грыфам “для службовага карыстання”.

Разам з тым, журналісту часам трэба мець вельмі шмат мужнасці і кемлівасці, каб не раскрыць крыніцу інфармацыі. Нярэдка журналіста, які не жадае паведаміць крыніцу інфармацыі, абвінавачваюць у адмове дапамагчы правасуддзю ці нават у патаканні злачынцам альбо ў саўдзеле ва ўчыненні злачынства. У такіх выпадках вельмі важна захаваць спакой і разважлівасць і на ўсе папрокі адказваць, што закон аб СМІ дазваляе журналісту не рассакрэчваць крыніцу інфармацыі.

Цяпер спынімся на першакрыніцах.

Першыя асобы

Палітыкі і грамадскія дзеячы, кіраўнікі праваахоўных органаў, вядомыя юрысты і адвакаты, кіраўнікі розных грамадскіх устаноў таксама з’яўляюцца выдатнымі крыніцамі інфармацыі. Іх асаблівая каштоўнасць у тым, што яны могуць прыняць канкрэтнае рашэнне па той ці іншай праблеме, а таксама глыбока і ўсебакова прааналізаваць праблему. Такім людзям не трэба тлумачыць, наколькі карысным можа быць іх выступленне ў СМІ.

Аднак перад тым, як уступаць у кантакт з першымі асобамі, неабходна дэталёва прадумаць, як выкарыстаць іх веды і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй публікацыі. Дзеля гэтага напачатку трэба высветліць кола абавязкаў і сферы ўплыву адказнай асобы.

Дэпутат, напрыклад, мае права ад свайго імя рабіць запыты ва ўсе дзяржаўныя ўстановы, і яму абавязаны даць адказ. Таму, калі тое ці іншае ведамства проста ігнаруе вашы пытанні, то можна ўзяць у саюзнікі дэпутата і папрасіць яго зрабіць запыт. Праўда, не выключана, што дэпутат атрымае звычайную “адпіску”, але і гэта ўсё роўна лепш, чым нічога.

Групы ціску

Апошнім часам у Беларусі зарэгістравана мноства грамадскіх арганізацый рознага кшталту. На адной толькі чарнобыльскай тэматыцы спецыялізуюцца сотні дабрачынных фондаў і іншых грамадскіх устаноў. Калі пакінуць па-за ўвагай меркантыльныя інтарэсы кіраўнікоў гэтых структур, то можна выкарыстаць іх з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці да ўзнятай журналістам праблемы. Іншымі словамі, журналіст выкарыстоўвае назапашаныя грамадскай арганізацыяй звесткі ў сваёй публікацыі ўзамен на своеасаблівую рэкламу гэтай установы. Кіраўнікі такіх арганізацый, як правіла, ахвотна ідуць на кантакты з прэсай, бо ім вельмі патрэбна рэклама ў СМІ.

Бандыты

Трэба ці не ісці на адкрыты кантакт з прадстаўнікамі крымінальнага свету — кожны журналіст вырашае сам. Я лічу, што калі справа гэтага вымагае, то не трэба цурацца кантактаў з любой крыніцай інфармацыі. І не трэба баяцца, што размова з крымінальнікам запляміць сумленную рэпутацыю журналіста.

Па-першае, у нашай краіне ад торбы і турмы нельга заракацца.

А па-другое, добрае імя журналіста ніколі не будзе забруджана, калі ён проста сумленна выконвае сваю працу, збіраючы інфармацыю дзеля таго, каб падрыхтаваць аб’ектыўны матэрыял. У рэшце рэшт, галоўная задача журналіста — інфармаваць грамадскасць. Прэса — вочы і вушы гэтага грамадства. Журналісты не прыдумваюць жыццё, а паказваюць яго такім, як яно ёсць. Калі ў гэтым жыцці ёсць крымінальнае адценне, то чаму б пра гэта не распавесці.

Дарэчы, тыя ж крымінальнікі могуць шмат расказаць пра зваротны бок медаля праваахоўных органаў. Напрыклад, аб тым, як міліцыянеры бяруць хабар альбо фальсіфікуюць справы. Безумоўна, такую інфармацыю трэба вельмі дакладна правяраць і тройчы падумаць перад тым, як публікаваць. Можа здарыцца, што крымінальнікі рукамі журналіста хочуць адпомсціць таму ці іншаму супрацоўніку праваахоўных органаў.

Ёсць яшчэ адна небяспека кантактаў з крымінальнікамі. Калі журналіст “не апраўдае іх даверу”, гэта значыць, напіша не тое, што яны хацелі б, то крымінальнікі могуць паспрабаваць адпомсціць яму.

Суд ды справа

Вельмі часта здараецца, што журналіст праводзіць сваё расследаванне паралельна з праваахоўнымі органамі. Больш таго, аб’ект расследавання можа нават знаходзіцца пад вартай. У такім разе перад журналістам паўстае дылема: публікаваць здабытыя факты да вынясення прысуду ці пачакаць вердыкту суда. З аднаго боку, вялікая спакуса апярэдзіць праваахоўныя органы і выкласці “ўсю праўду-матку”. Разам з тым, гэта можа мець непрыемныя наступствы. Бо журналісцкая аператыўнасць зазвычай вельмі не падабаецца праваахоўным органам, нават калі факты пацвярджаюцца самімі следчымі. Напрыклад, журналістаў “БДГ” пракуратура абвінавачвала ў рассакрэчванні матэрыялаў следства па справе былога прэзідэнта канцэрна “Белдзяржхарчпрам” Віктара Казекі. Хоць яны здабылі інфармацыю самастойна.

Таксама трэба быць вельмі абачлівым пры напісанні матэрыялу, калі па адпаведнай крымінальнай справе ўжо вынесена судовае рашэнне.

Чамусьці прынята лічыць, што рашэнні суда, якія ўступілі ў сілу, абмяркоўваць некарэктна. Я з гэтым не згодны. Законныя судовыя рашэнні не заўсёды справядлівыя. Нават калі суддзя найсумленнейшы чалавек, ён пастаўлены ў строгія рамкі закона, якія павінен выконваць. А законы ў нашай краіне вельмі часта адстаюць ад жыццёвых рэалій. І журналіст проста абавязаны пра гэта гаварыць, каб прымусіць адпаведныя ўстановы звярнуць увагу на ўзнятую праблему і выправіць сітуацыю.

Апроч таго, дзеянні таго ці іншага палітыка, чыноўніка не заўсёды падпадаюць пад артыкулы Крымінальнага кодэкса. Але ж гэты нядобрасумленны чалавек займае адказную пасаду. Як яго адтуль зняць? Менавіта журналісцкія публікацыі могуць стаць апошняй інстанцыяй, якая забяспечыць перамогу справядлівасці.

5. Прыёмы журналісцкага расследавання

Журналіст, які займаецца расследаваннем, павінен дзейнічаць у рамках законнасці і прытрымлівацца нормаў этыкі. Інакш ён нічым не будзе адрознівацца ад тых несумленных чыноўнікаў, чыю дзейнасць расследуе.

Гэта азначае, што журналіст не павінен кіравацца нейкімі асабістымі інтарэсамі ці палітычнымі антыпатыямі да свайго “апанента”. Факты і дакументы павінны здабывацца сумленным шляхам. Даволі часта даводзіцца чуць: а ці нельга выкарыстаць спецсродкі, каб запісаць тэлефонную размову “прадажнага чыноўніка”. Некаторыя журналісты лічаць гэта прымальным, апраўдваючыся, што падобным чынам дзейнічаюць праваахоўныя органы і спецслужбы. Такім журналістам варта ўсвядоміць, што ў іх зусім іншая мэта, чым у супрацоўнікаў міліцыі ці КДБ. Мэта праваахоўных органаў — пасадзіць за краты нядобрасумленнага чыноўніка, мэта журналіста — не толькі паказаць сутнасць таго ці іншага прадстаўніка ўлады, але і сказаць грамадству праўду пра заганнасць той сістэмы, пры якой гэта магчыма і адбываецца.

Цяпер наконт прыёмаў расследавання. Практыка сведчыць, што фактычна любое журналісцкае расследаванне можна правесці, карыстаючыся адкрытымі крыніцамі інфармацыі, без дапамогі “шпіёнскіх прылад”.

Аднак ёсць, безумоўна, тэхнічныя сродкі, без якіх журналісту проста нельга абысціся.

Гэта дыктафон і фотаапарат. Пры правядзенні расследавання ўсе інтэрв’ю неабходна запісваць на дыктафон, каб потым не было непрыемнасцей у судзе.

Таксама пажадана мець і фотаапарат. Фотаздымкі не толькі самі па сабе будуць служыць яскравымі доказамі, але і зробяць больш прывабным увесь журналісцкі матэрыял.

Найперш журналіст павінен умець назіраць. Напрыклад, калі журналіст расследуе дзейнасць пэўнай службовай асобы, то павінен вывучыць распарадак дня чыноўніка, кола знаёмых і сяброў, клубы, рэстараны, іншыя ўстановы, дзе найчасцей бывае “падазраваны”. Падобныя назіранні дапамогуць яму больш даведацца пра свой “аб’ект”, што, безумоўна, спатрэбіцца пры напісанні артыкула. Тут, аднак, трэба быць вельмі асцярожным, каб не перакрочыць мяжу і не ўмяшацца ў асабістае жыццё чалавека.

Увогуле, журналіст павінен добра ведаць законы і правілы той сферы, у якую ён збіраецца зазірнуць, каб вывесці на чыстую ваду нядобрасумленных асоб.

І, вядома, зусім не даравальна рэпарцёру, які спецыялізуецца, напрыклад, на крымінальнай тэматыцы, рабіць дробныя памылкі. У прыватнасці, сярод беларускіх “крымінальных” рэпарцёраў і журналістаў-расследавацеляў самай распаўсюджанай памылкай з’яўляецца блытаніна ў юрыдычных тэрмінах. Напрыклад, многія журналісты блытаюць затрыманне чалавека з ягоным арыштам. Хоць, з юрыдычнага пункту гледжання, гэта дзве розныя рэчы. Затрымаць грамадзяніна міліцыя можа не больш як на 3 дні з мэтай, напрыклад, высвятлення асобы. У той час як на арышт патрэбны дазвол пракурора і, натуральна, больш важкія падставы.

Нярэдка журналісты блытаюцца і ў саміх злачынствах, называючы разбой грабяжом і г.д.

Безумоўна, усіх гэтых памылак лёгка пазбегнуць, калі ўважліва ставіцца да атрыманай інфармацыі і паглыбляць свае веды ў юрыспрудэнцыі. Пад рукой у журналіста заўсёды павінны быць адмысловыя даведнікі, кодэксы і іншая спецыяльная літаратура.

Варта памятаць, што нават дробязная памылка ў публікацыі не толькі зніжае давер да ўсяго матэрыялу, але і тоіць небяспеку судовага пераследу. Бо дастаткова адной недакладнасці, каб прайграць судовы працэс, на якім “герой” публікацыі паспрабуе адстаяць свой гонар і годнасць.

Афіцыйныя дакументы. Дзеля таго, каб разабрацца ў тых ці іншых фінансавых махінацыях, журналіст сам павінен добра ведаць існае заканадаўства. У прыватнасці, калі журналіст расследуе экспартна-імпартныя аперацыі, то павінен ведаць, якімі заканадаўчымі і падзаконнымі актамі яны рэгламентуюцца. Зараз фактычна ўсе законы, прэзідэнцкія ўказы, дэкрэты і ўрадавыя пастановы можна знайсці ў Інтэрнэце, на сайце прэзідэнта альбо на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (НЦПІ). Іншая справа з пошукам нейкіх канкрэтных кантрактаў. Такія паперы сапраўды здабыць вельмі складана, асабліва іх арыгіналы. Тут ужо — як пашанцуе. Аднак зусім верагодна, што адпаведную інфармацыю будзе мець падаткавая інспекцыя, і трэба толькі пераканаць кіраўніка адпаведнай установы, што вы дзейнічаеце ў інтарэсах грамадства, дзяржавы, а не выконваеце заказ канкурэнтаў. Як сведчыць вопыт, у беларускіх рэаліях, дзеля таго каб афіцыйна атрымаць той ці іншы дакумент, трэба запасціся пісьмовым хадайніцтвам ад рэдакцыі і цярпеннем, бо чыноўнікі не надта рупяцца дапамагаць журналістам.

Праца з архіўнымі дакументамі. Журналіст-расследавацель проста абавязаны, як кажуць, ведаць “гісторыю пытання”. Для гэтага іншым разам дастаткова пагартаць падшыўкі газет. Праўда, да газетных артыкулаў трэба ставіцца вельмі асцярожна: ваш калега мог проста памыліцца пры напісанні артыкула ці наўмысна сказіць факты, выконваючы пэўны заказ. З развіццём Інтэрнэта з’явілася магчымасць атрымаць інфармацыю па той ці іншай тэме з дапамогай пошукавых сістэм Yandex, Google, Rambler і інш.

Аднак бываюць выпадкі, калі здабыць дакумент можна толькі ў архівах. Таму журналіст павінен мець уяўленне, у якіх архівах можа знаходзіцца патрэбная інфармацыя, як яны працуюць.

Апроч таго, у кожнага журналіста павінен быць свой архіў. У ім павінны захоўвацца ўсе здабытыя дакументы, якія ўяўляюць хоць якую-небудзь каштоўнасць. Можа здарыцца так, што дакументы, якія сёння здаюцца бяскрыўднымі, праз месяц-другі могуць стаць сапраўднай “бомбай”. Да таго ж, журналіст не можа адначасова весці некалькі расследаванняў. І факты, якія нечакана ўсплылі падчас расследавання, але не маюць дачынення да гэтай тэмы, можна будзе праверыць пасля і напісаць асобны артыкул.

Параўнальны аналіз. Журналіст павінен умець супастаўляць факты. Просценькі прыклад. Чаму цэны на адзін і той жа тавар ці паслугі ў розных раёнах вялікага горада неаднолькавыя. Супаставіўшы гэтыя цэны, магчыма, удасца знайсці і прычыну іх росту ў асобным месцы і вывесці на чыстую ваду карумпіраваных чыноўнікаў.

Лоўля на жыўца. Гэты прыём яшчэ мае назву “журналіст мяняе прафесію”. Іншымі словамі, каб выявіць нядобрасумленных чыноўнікаў, якія, напрыклад, вымагаюць хабар у прадпрымальнікаў, журналіст можа на пэўны час сам перакваліфікавацца ў рынкавага гандляра. Гэта даволі проста. Неабавязкова самому рэгістраваць фірму і пачынаць сваю справу. На рынках зазвычай шмат вакансій гандляроў.

Некаторыя журналісты схільныя да авантурных эксперыментаў. Напрыклад, спрабуючы праверыць якасць працы мытні альбо абвінаваціць яе супрацоўнікаў у хабарніцтве, карэспандэнты расійскіх выданняў спрабавалі правезці праз мяжу зброю, наркотыкі, незадэклараваную валюту. Падобныя метады правакацыі не толькі неапраўданыя з пункту гледжання этычных нормаў, але могуць мець і дрэнны вынік: журналіста могуць проста абвінаваціць у парушэнні закона і прыцягнуць да адказнасці. Іншая справа, калі такія “эксперыменты” праводзяцца з ведама кіраўніцтва “правяраемай” арганізацыі. Хоць у такім выпадку наўрад ці можна спадзявацца на нейкі “сенсацыйны вынік”. Ніхто ж не хоча выносіць смецце з хаты.

Іншая справа, калі журналіст паспрабуе паўтарыць “подзвіг разведчыка” і ўцерціся ў давер да нейкай крымінальнай групоўкі. З аднаго боку, гэта сапраўды “вышэйшы пілатаж” — расказаць пра норавы мафіі, пабываўшы ў самім логаве. Аднак неабходна памятаць, што такія выкрунтасы вельмі небяспечныя для жыцця, бо журналіста могуць у любы момант рассакрэціць. І калі за супрацоўнікамі спецслужбаў ці міліцыі стаяць сур’ёзныя арганізацыі, якія могуць абараніць свайго чалавека, то журналісту даводзіцца разлічваць толькі на сябе. Як кажуць, выратаванне тапельца — справа рук самога тапельца. Разгледзім падрабязна некаторыя прыёмы выратавання.

6. Бяспека журналіста

Знікненне ў Беларусі тэлеаператара Грамадскага расійскага тэлебачання Дзмітрыя Завадскага засведчыла, што праблема бяспекі журналістаў у нашай краіне таксама надзвычай вострая. На жаль, ні публічнасць гэтай прафесіі, ні яе грамадская значнасць не гарантуюць прадстаўнікам СМІ ні фізічную, ні маральную недатыкальнасць. Таму вельмі дарэчы будзе паразважаць аб тым, як журналіст можа сябе абараніць самастойна.

Спачатку аб мерах прафілактыкі.

Найперш трэба заўсёды трымаць сваё слова. Калі журналіст абяцаў не рассакрэчваць крыніцы інфармацыі, то абавязкова захавайце гэтую таямніцу. Нельга таксама падманваць свайго інфарматара, паабяцаўшы яму паказаць гатовы да друку матэрыял, а потым не выканаць абяцання.

Ні ў якім разе нельга займацца падтасоўкай фактаў альбо іх фальсіфікацыяй. За гэта можна паплаціцца не толькі рэпутацыяй, але і галавой.

Не трэба гандляваць сабраным кампраматам.

Дарэчы, самы небяспечны час для журналіста — гэта якраз перыяд паміж зборам інфармацыі і падрыхтоўкай матэрыялу да друку. Менавіта на гэтым этапе журналіст — небяспечны носьбіт інфармацыі для тых, хто не жадае яе абнародавання. Зусім верагодна, што зацікаўленыя асобы будуць у гэты час імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць апублікавання кампрамату. Напачатку з журналістам паспрабуюць дамовіцца, ці, прасцей кажучы, купіць. Спакуса вельмі вялікая. Але рабіць гэтага ўсё роўна не варта. І справа нават не ў этычных нормах. З прадажнымі журналістамі не цырымоняцца, а вось сумленных і бескампрамісных паважаюць нават бандыты.

Калі спроба подкупу не ўдалася, пачынаюцца пагрозы. Як правіла, пагражаюць ананімныя асобы па тэлефоне. Таму, як толькі спыніцца спроба купіць журналіста, яму варта чакаць менавіта пагроз і шантажу. Да гэтага трэба падрыхтавацца не толькі маральна, фізічна, але і тэхнічна. Найперш неабходна займець тэлефон з вызначальнікам нумара і запісам размоў. Запішыце гэтыя пагрозы і перадайце іх у праваахоўныя органы, якія абавязаны ўзяць вас пад ахову і ўзбудзіць па факту пагрозы крымінальную справу. Можна па-рознаму ставіцца да праваахоўных органаў, але, калі вы збіраецеся займацца журналісцкімі расследаваннямі, кантактаваць з імі давядзецца. Таму асабістую непрыязнасць да людзей у пагонах трэба будзе схаваць як мага далей.

На стадыі падрыхтоўкі матэрыялу, магчыма, будзе зроблена спроба ўсталяваць за вамі знешняе назіранне, а таксама выкрасці вашу інтэлектуальную ўласнасць: маецца на ўвазе праслухоўванне вашых тэлефонных размоў, спроба залезці ў камп’ютэр і г.д.

Самы распаўсюджаны спосаб сачэння за журналістам — праслухоўванне ягоных тэлефонных размоў. Зараз на Ждановіцкім рынку можна купіць які заўгодна “жучок” і арганізаваць “праслушку”. Таму важную інфармацыю не варта абмяркоўваць з кім-небудзь па тэлефоне. Найлепш пра ўсё гаварыць сам-насам і пажадана на нейтральнай тэрыторыі, дзе “шпіёны” не паставілі “жучкоў”.

Калі публікацыя надрукавана, то змагацца з журналістам ужо бессэнсоўна.

Літаратура

1. Шум Ю.А. Журналистское расследование: от теории к практике. —Москва, 2002.

2. Ученова В.В. Методы журналистского творчества. —Москва, 1982.

3. Фихтелиус Э. Десять заповедей журналистики. —Стокгольм, 1999.

4. Мэлет Малькальм Ф. Дапаможнік для журналістаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. — Мінск, 1995.

You may also like...