Таццяна ВАРОНІЧ. Сацыяльны і палітычны статус беларускай жанчыны

У новай і найноўшай гісторыі

План:

1. Жанчына ў грамадска-палітычным жыцці

2. Жанчына ў вытворчай сферы

3. Гендэрныя аспекты адукацыі

“Усе людзі — сёстры”. Чаму гэта фраза здаецца нам незвычайнай, у той час як “усе людзі — браты” гучыць звычайна? Ці магла гісторыя чалавецтва скласціся так, каб фразы памяняліся месцамі? Іншымі словамі, гэта вынік цывілізацыйнага выбару альбо прыроднага прадвызначэння? Чаму заробак жанчын, пры наяўнасці законаў аб роўнай аплаце за роўную працу, складае — як у нас, так і паўсюдна — каля 70% заробку мужчын? Чаму жаночае жыццё і мужчынскае жыццё — у сэнсе таго, што ад іх чакае грамадства — такія розныя? Такіх пытанняў шмат, а некаторыя з іх не маюць адназначнага адказу.

Паспрабуем разгледзець некаторыя з іх на прыкладзе становішча беларускай гараджанкі ў кантэксце ўсеагульнай гісторыі жанчын Беларусі новага і найноўшага часу.

1. Жанчына ў грамадска-палітычным жыцці

На мяжы XIX—XX стст. жанчына пачынае адыгрываць усё больш значную ролю ў гарадскім грамадскім жыцці. Яна займае актыўную грамадскую пазіцыю. Найбольш яскравы прыклад — удзел у выбарах у гарадскую думу. Жанчыны, якія валодалі неабходным маёмасным цэнзам, мелі права ўдзельнічаць у выбарах праз сваіх прадстаўнікоў. У 1894 г. у Віцебску выбаршчыкі — упаўнаважаныя жанчын — склалі 27,7%, а ў 1898 г. — ужо 36,2%.

Жанчына дабіваецца права сяброўства ў рознага роду грамадскіх арганізацыях, якія актыўна ў гэты час узнікаюць у гарадах Беларусі. Яна атрымоўвае магчымасць кіравання і распараджэння фінансамі гэтых аб’яднанняў. Так, у статуце Віцебскага Заручэўскага яўрэйскага таварыства беспрацэнтнай пазыкі, зацверджанага ў 1908 г., было асобна адзначана, што жанчыны могуць быць сябрамі таварыства і абірацца ў камітэт.

Першая ў Беларусі жаночая арганізацыя — Таварыства абароны жанчын — узнікла ў Мінску ў 1901 г. па ініцыятыве прадстаўніка “вышэйшага свету” графа К.Чапскага. Яна знаходзілася пад уплывам ліберальнай апазіцыі і аб’ядноўвала ў асноўным жонак чыноўнікаў і прадпрымальнікаў. Пры Таварыстве бясплатна працавала юрыдычная кансультацыя, бюро па арганізацыі лекцый, у тым ліку па астраноміі, гісторыі, літаратуры. Для гараджанак розных саслоўяў чытаўся курс жаночай гігіены. Таварыства арганізоўвала нядзельныя школы і дзённыя яслі для дзяцей рабочых.

Беларускія гараджанкі актыўна падтрымалі спартыўны рух, які шырока разгарнуўся ў гарадах на мяжы XIX—XX стст. Найбольш папулярным стаў веласіпед, на якім ездзілі ўсе, каму фізічны і фінансавы стан дазваляў гэта. На веласіпедах можна было ўбачыць і маладзенькіх дзяўчынак 16—18 гадоў, і сур’ёзных замужніх дам. Сярод першых аўтамабілістаў гарадоў было таксама шмат жанчын.

Шырокае распаўсюджанне ў асяроддзі гараджанак атрымалі заняткі рознымі відамі мастацтва. Вельмі папулярным было захапленне фатаграфіяй. Гараджанкі з вялікай цікаўнасцю наведвалі шматлікія і самыя разнастайныя публічныя лекцыі, чытанні, што збіралі вялікую аўдыторыю.

Упершыню жанчыны ўсведамілі сябе самастойнай палітычнай сілай, здольнай да актыўных палітычных дзеянняў, у лютым 1917 г. У аснову выступлення на палітычнай арэне ляглі фактары эмацыянальнага характару: стомленасць ад вайны і чэргаў за хлебам, імкненне да стабільнасці і ўпэўненасці ў будучым для сябе і сваіх дзяцей. Адным з вынікаў Лютаўскай рэвалюцыі стала атрыманне жанчынамі выбарчага права. Як правіла, жанчыны не мелі ўстойлівых палітычных перакананняў. Гэтым у большай ступені здолелі скарыстацца бальшавікі. У партыі ўсведамілі, што на выбарах “голас кожнай работніцы, кожнай кухаркі, прачкі, пасудніцы будзе роўны голасу капіталіста, прафесара, чыноўніка”. У 20-я гады жанчыны складалі больш за палову працоўнага насельніцтва Беларусі, і таму праца сярод “адсталага элемента” стала важнай часткай партыйнай палітыкі. Бальшавікі ўлічылі гэта ў сваёй агітацыі, сталі прыцягваць жанчын да работы ў саветах, што садзейнічала росту папулярнасці партыі сярод жанчын шэрагу буйных гарадоў і адыграла пэўную ролю ў прыходзе бальшавікоў да ўлады.

Марксісцкія тэарэтыкі лічылі, што эмансіпацыя жанчын і сапраўднае раўнапраўе могуць быць дасягнуты толькі праз знішчэнне класавай няроўнасці, а пасля — вызваленне іх ад цяжару сям’і і хатняй гаспадаркі і ўцягненне ў вытворчасць і грамадскае жыццё. Яны цвердзілі, што рэвалюцыя дала жанчыне палітычную роўнасць з мужчынам, зрабіла жанчыну паўнапраўным чальцом грамадства. Ідэю роўнасці ўвасаблялі ў сваіх творах савецкія майстры агітацыйнага мастацтва, якія паказвалі работніцу поруч з сімвалічнай фігурай каваля, “кующего счастия ключи”, ставілі яе ў адзін шэраг з мужчынамі.

Заканадаўства бальшавікоў у жаночым пытанні, прынятае пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, было накіравана на ўраўненне працоўных жанчын у правах з мужчынамі ў грамадска-палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, культурнай сферах, а таксама сямейна-шлюбных адносінах і стала для свайго часу даволі перадавым.

Бальшавісцкая партыя ставіла перад жанчынамі мэту палітычнай актыўнасці, удзелу ў культурнай рэвалюцыі, авалодання пісьменнасцю. Папулярная фраза Леніна “Каждая кухарка должна научиться управлять государством!” становіцца лозунгам. Заклік “Раскрепощенная женщина — строй социализм!” канкрэтызуе і паказвае на ролю жанчыны ў вытворчасці, у кааперацыі, у выбарах, у барацьбе супраць сусветнай буржуазіі. Жаночая тэма ўключае такія важныя праблемы як знішчэнне прастытуцыі, авалоданне прафесійнымі навыкамі.

Кіраўніцтва ўсведамляла, што ад прыняцця заканадаўчых норм да іх практычнай рэалізацыі доўгі шлях. Лічылася, што ў працэсе пабудовы сацыялістычнага грамадства жанчына павінна вызваліцца сама з дапамогай дзяржавы і пад кіраўніцтвам партыі. Гэта мэта ўскладалася на жаночыя аддзелы пры партыйных камітэтах. Для гэтага ў 1918—1920 гг. па ўказанні ЦК РКП(б) пры ўсіх ЦК нацыянальных кампартый, абласных і павятовых партыйных камітэтах былі створаны жаночыя аддзелы, якія праіснавалі да 1929 г. Даволі часта яны праводзілі сваю палітыку, якая адрознівалася ад партыйнай, і гэта лічыцца адной з прычын іх скасавання. Дзейнасць жанаддзела пры ЦК КП(б)Б пачалася ў 1920 г., пасля вызвалення тэрыторыі рэспублікі ад польскай акупацыі. У Віцебскай і Гомельскай губерніях, якія ўваходзілі на той момант у склад РСФСР, работа сярод жанчын пачала праводзіцца на два гады раней.

Эканоміка Беларусі ў пачатку 20-х гг. мела аграрны характар. Большасць насельніцтва (звыш 85%) пражывала ў сельскай мясцовасці. У прамысловасці пераважалі дробныя прадпрыемствы, а значную частку работніц складалі былыя жыхаркі вёскі. Псіхалогія жанчын і мужчын характыразавалася традыцыяналізмам і кансерватыўнасцю, з чым і прыйшлося сутыкнуцца бальшавікам.

Для большасці жанчын на працягу стагоддзяў адзінай магчымасцю самарэалізацыі была сфера сямейнага жыцця, у якой мацярынства і выхававанне займалі адно з галоўных месцаў. Такую норму жыцця як дадзенае ўспрымалі як мужчыны, так і жанчыны. І гэтыя стэрэатыпы аказаліся невынішчальнымі і пасля 1917 г., калі бальшавікі ў адпаведнасці з марксісцкай тэорыяй паспрабавалі максімальна далучыць жанчыну да грамадскага жыцця. Жанчыны-актывісткі Віцебскай губерніі ў 1923 г. скардзіліся, што “даволі часта ў грамадскай рабоце не знойдзеш сяброў сярод таварышаў мужчын. Ты, маўляў, баба, і няма чаго табе вырашаць дзелавыя пытанні. Часта чуеш ад сваіх таварышаў: “Я б ніколі не дазволіў сваёй жонцы працаваць у партыі”. Партыйцы таксама былі незадаволеныя тым, што іх жонкі сыходзілі надоўга ад дзяцей і няма было каму падаграваць і падаваць вячэру. А ў паведамленнях мясцовай газеты “Чырвоная работніца” распавядалася аб вельмі моцна засмучоным мужы сялянкі Марыі Грышаноўскай, абранай у савет сялянскіх дэпутатаў: “Галоўнае, не зразумела яму: ці смяюцца з яго, ці пашану выказваюць”. Але справа была не толькі ў мужчынах. Калі казаць аб адносінах гараджанак да бальшавікоў і мерапрыемстваў савецкай улады, то ў работніц многіх прадпрыемстваў у пачатку — сярэдзіне 1920-х гг. яно было абыякавым, а то і апазіцыйным. Самі жанчыны, якія актыўна займаліся грамадскай працай, адзначалі, што многія жанчыны “моцна трымаюцца за свае відэльцы і не цікавяцца новым жыццём”, “жывуць выключна сваімі кухоннымі інтарэсамі”. А работніцы віцебскай фабрыкі “Дзвіна” цікавіліся ці то жартам, ці то ўсур’ёз, па якім тарыфным акладзе ім аплоцяць сядзенне на сходзе ў халодным памяшканні і выслухоўванне паведамлення аб работніцах Германіі, якія галадаюць, калі дома сваё галоднае парасё…

Абсалютную апалітычнасць дэманстравалі і работніцы акулярнай фабрыкі, якія разбегліся з перавыбараў дэлегатак на дэлегацкі сход. Яны заявілі, што пасля працы ім не да выбараў, а адна нават бравіравала, што лепш пойдзе на вяселле танчыць, чым будзе на сходзе.

Адна частка жанчын, прычым значная, цікавілася выключна сваім прыватным жыццём і не жадала ніякай грамадскай работы. Другая, магчыма, і жадала б праявіць сябе на грамадскім полі дзейнасці, але была непісьменнай, альбо малапісьменай, першая трапляла пад скарачэнне ва ўмовах НЭПа, была звязана хатняй працай і наглядам за дзецьмі. У 1923 г. у Віцебску нават са 115 жанчын-камуністак больш за 60 былі пасіўнымі. Ніяк не выяўлялі сябе і жонкі мужчын-камуністаў. Губкамітэт канстатаваў, што на шостым годзе рэвалюцыі ў Віцебску ёсць прадпрыемствы, дзе 50% работніц непісьменныя. А непісьменную работніцу да савецкай, прафсаюзнай, партыйнай працы не далучыш.

Дакументы сведчаць, што найвялікшую актыўнасць у горадзе выяўлялі маладыя жанчыны 20—28 гадоў. Большай часткай менавіта яны былі сябрамі жанаддзелаў, партыі і камсамола і г.д.

Асноўнай формай палітычнай сацыялізацыі жанчын, выхавання іх у рэчышчы камуністычнай ідэалогіі былі дэлегацкія сходы работніц, жонак рабочых, сялянак. У гарадах у дэлегацкія сходы залучаліся галоўным чынам работніцы, а ў вёсцы — бяднячкі. Калі ў горадзе ў сярэдзіне 20-х гг. сярод дэлегатак пераважалі замужнія жанчыны (54%), то ў сельскай мясцовасці — маладыя дзяўчыны (53%). Гэты факт можна растлумачыць большым кансерватызмам сельскага насельніцтва. Наведвальнасць сходаў па БССР у 20-я гг. у сярэднім складала не больш за 50—60%. З ненаведвальнасцю спрабавалі змагацца рознымі сродкамі, аж да накладання штрафных санкцый, аднак гэта не вырашала праблемы. Справа ў тым, што сходы праводзіліся бессістэмна. Выступоўцы часта былі непадрыхтаванымі. Дэлегаткам чыталіся паведамленні аб міжнародным становішчы, у той час як яны імкнуліся абмеркаваць свае праблемы. Энтузіязм дэлегатак вельмі хутка праходзіў, таму што яны не бачылі магчымасцей для вырашэння практычных пытанняў.

Тым не менш, дэлегацкія сходы адыгралі значную ролю ў палітычнай сацыялізацыі жанчын. На дэлегацкіх сходах дыскутаваліся некаторыя аспекты дзяржаўнай палітыкі па жаночых пытаннях. Наўрад ці, канечне, меркаванне жанчын магло сур’ёзна паўплываць на выпрацоўку адпаведных пастаноў. Аднак, несумнена, удзел у сходах даваў актывісткам некаторую магчымасць атрымаць веды па знешняй і ўнутранай палітыцы дзяржаў, усведаміць свае правы ў сям’і і грамадстве, адчуць самакаштоўнасць сваёй асобы.

Самым жа істотным было вылучэнне дэлегатак на практычную работу ў саветы, прафсаюзы і г.д. Напрыклад, у секцыях акруговых горсаветаў у 1926 г. працавала 225 практыкантак. У асноўным яны былі прымацаваны да секцый аховы здароўя, камунальнай, рабоча-сялянскай інспекцыі і секцыі народнай адукацыі. Стаўленне да практыкантак у арганізацыях часта было абыякавым. Кіраўніцтва не ўваходзіла ў курс справы, не дапамагала ім асвоіцца. Аднак пры жаданні практыканткі маглі дасягнуць пэўных поспехаў. Існавалі і адваротныя прыклады. Калі дэлегатак абіралі без іх згоды, яны свядома ігнаравалі работу. Так ці інакш, інстытут практыканцтва пашыраў магчымасці жанчын трапіць у лік упраўленцаў ніжэйшага і сярэдняга звяна.

На працягу 20-х гг. назіраўся рост колькасці жанчын-выбаршчыц падчас выбараў у гарадскія саветы. Выявілася таксама тэндэнцыя да выраўнівання выбарчай актыўнасці мужчын і жанчын. Так, падчас выбарчай кампаніі гарадскіх саветаў у 1927 г. працэнт актыўнасці жанчын склаў 46,9% да агульнай колькасці выбаршчыц. На вёсцы становішча было горшым. У выбарах у сельскія саветы прынялі ўдзел толькі 26% выбаршчыц. Сяляне не жадалі абіраць жанчын куды б ні было па некалькіх прычынах. Па-першае, яны лічылі, што жанчына не здольная выконваць функцыі кіравання, па-другое, засцерагаліся, што грамадская праца адцягне яе ад хатняй справы і ад сям’і.

На фоне значных поспехаў у далучэнні жанчын да працы ў органах савецкай улады, прадстаўніцтва іх у партыйным кіраўніцтве, якое мела рэальную ўладу, заставалася ў 20-я г. вельмі нізкім. Толькі дзве жанчыны ўваходзілі ў склад ЦБ КП(б)Б. С 1 верасня 1920 г. да канца лютага 1921 г. — І.А.Лебедзева, заг. жанаддзела ЦБ, з 1 сакавіка па 3 чэрвеня 1921 г. — А.Е.Кажура, сакратар Мазырскага павятовага камітэта КП(б)Б.

Павелічэнне колькасці жанчын у савецкіх органах стварала знешні эфект дэмакратызацыі, падкрэслівала легітымнасць улады. Гэта аднак адбывалася адначасова з узмацненнем аўтарытарных тэндэнцый у грамадска-палітычным жыцці. А тое, што некаторыя жанчыны займалі кіруючыя пасады, не было сродкам рэалізацыі групавых інтарэсаў і было накіравана на падтрымку палітычнай сістэмы.

Мабыць, грамадская актыўнасць жанчын была б вышэй, калі б формы ці метады работы, якія выкарыстоўвалі жанаддзелы, партыйныя ячэйкі, былі больш разнастайнымі, набліжанымі да патрэб жанчын. Заідэалагізаваныя і запалітызаваныя сходы, паседжанні, дэманстрацыі, лекцыі аб міжнародным становішчы, гадавінах Кастрычніцкай рэвалюцыі, партыйныя справаздачы былі незразумелымі, нуднымі, аднастайнымі. Жанчыны ў першыя гады савецкай улады маглі, несумненна, далучыцца да грамадскага жыцця краіны, праўда, кантраляванага бальшавікамі. Але для большай часткі жанчын гарадоў новыя палітычныя і дзяржаўныя ідэі, планы, лозунгі былі ў пэўнай ступені ўсё ж чужыя. Значную ролю адыгрывалала тут і стаўленне сям’і да грамадска-палітычнай дзейнасці жанчыны. У 20-я гг. чальцы сям’і, звычайна бацька і муж, спрабавалі нярэдка ўтрымаць жанчыну ад наведвання курсаў, сходаў ці ўдзелу ў кружках. Такія паводзіны лічыліся “непрыстойнымі”, бо прыстойная жанчына можа належыць толькі аднаму мужчыну. Сапраўдная сутнасць канфлікту палягала ў разбурэнні традыцыйнага сацыяльнага парадку, які пачалі мяняць як сам новы лад жыцця, так і новыя функцыі, якія новае сацыяльнае ўладкаванне пачало паступова ўскладаць на жанчын.

З усталяваннем савецкай улады дзяржава ўзяла на сябе ініцыятыву, а фактычна манапалізавала права вызначаць мэты жаночага руху. Бальшавікі былі перакананыя, што сацыяльная рэвалюцыя вырашыць праблемы дыскрымінацыі жанчын і што жаночая эмансіпацыя магчыма толькі пры сацыялізме. Паколькі афіцыйная марксісцкая ідэалогія не прызнавала наяўнасці ў жанчын спецыфічных інтарэсаў, якія б адрозніваліся ад агульнакласавых, праз усю гісторыю савецкага грамадства праходзіць адмаўленне самастойнага статуса жаночых праблем. Гэта прывяло да таго, што мужчынская частка грамадства прысвоіла сябе права прадстаўляць інтарэсы жанчын, падпарадкавала жаночы рух вырашэнню глабальных сацыяльных мэт у мужчынскім разуменні — датычна ці то самой рэвалюцыі, ці то індустрыялізацыі і калектывізацыі, абароннай магутнасці краіны, ці то барацьбы з ворагамі народа і г.д. Сёння відавочна, што практыка вырашэння жаночага пытання ў Беларусі, як і ў СССР, з’явілася адной з самых вялікіх гістарычных містыфікацый. Само ж савецкае грамадства, у якім інтарэсы жанчын аказаліся падпарадкаванымі класавым мэтам, стала выразным прыкладам маскулінай культуры.

Прыкметай перадавой савецкай жанчыны 30-х гадоў абвяшчалася яе прыналежнасць да партыі, камсамола: лепшыя стаханаўкі і ўдарніцы заклікаюцца ў рады УКП(б).

Савецкая канцэпцыя раўнапраўя зыходзіля з таго, што “новая жанчына” павінна авалодаць усімі тымі прафесіямі і навыкамі, што і мужчына. Для жанчын арганізоўваліся спартыўныя секцыі; літаратура і кінематограф прапагандавалі вобразы моцных, упэўненых і жыццярадасных камсамолак-спартсменак; праводзіліся кампаніі па прызыву жанчын на працу ў міліцыю. У 1928 г. была прынята пастанова Сакратарыятам ЦК КПБ “Па пытанню падрыхтоўкі працоўных жанчын да абароны краіны”, якая вызначала накірункі работы па так званай “ваенізацыі жанчын”. У п. 3 гаварылася пра неабходнасць падрыхтоўкі жанчын да разведвальнай дзейнасці ў арміі, а ў п. 6 адзначалася неабходнасць ваеннай падрыхтоўкаі сялянак. З канца 20-х гг. і амаль да 1941 г. маладыя жанчыны вучыліся асновам вайсковай справы і прымалі ўдзел у спаборніцтвах “варашылаўскі стралок”. Яны, як і мужчыны, павінны былі быць заўсёды гатовы “к труду и обороне социалистической родины”.

У 1929 г. у 70% выпадкаў разводаў сярод моладзі Ленінграда ініцыятарам выступаў мужчына. Часта матывацыяй было тое, што “жонцы не трэба займацца грамадскай працай”, ці “жонка павінна быць менш развітай, чым муж, і тады ўсё будзе добра”. Фармаванне вобразу жанчыны сведчыла пра змяшэнне традыцыйных разуменняў і ідэй пра роўнасць. Савецкая жанчына з’яўлялася, у залежнасці ад кантэксту і патрэб моманту, у розных ролях. З аднаго боку, у 1920-я гг. прапагандавалася асвета, працаўладкаванне жанчын. У 1930-х гг. лозунгі пра падтрымку мацярынства і сям’і суіснавалі з заклікамі засвойваць новыя прафесіі, у тым ліку і такія, што лічыліся “мужчынскімі”. У 1930-х гг. моц набірае вобраз жанчыны-маці ў спалучэнні з жанчынай-актывісткай. Пікам уяўлення жанчыны ў вобразе моцнай і незалежнай асобы стаў 1941 г. Але з кожным годам вайны (і асабліва па яе заканчэнні) традыцыйная рэпрэзентацыя жанчыны, перш за ўсё як маці і захавальніцы сям’і, узмацнілася.

Пасля заканчэння вайны зноў з’явіліся плакаты са знакамітымі словамі Сталіна аб выключнасці савецкіх жанчын. Гэтыя словы пацвярджаліся вобразамі дэпутатак Вярхоўнага і мясцовага саветаў, суддзяў, Герояў Сацыялістычнай працы. Кола мірных жаночых прафесій пашыраецца за кошт выхавальніц дзіцячых садоў, настаўніц, урачоў. І ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці па-ранейшаму прэстыжная і ганаровая жанчына-працаўніца.

Савецкая ідэалогія сфармулявала і такія ўяўленні пра роль і функцыі жанчыны ў грамадстве, якія адназначна дыктавалі адпаведныя нормы паводзін, вымагалі адпаведнага спосабу мыслення і знешняга выгляду. Які ідэал жанчыны хацела бачыць савецкая ўлада? Гэта жанчына 30—40 гадоў, з простай сялянскай альбо рабочай сям’і, замужам за механікам шостага разраду, перадавіка вытворчасці. Адначасова яна “Маці-гераіня” і Герой Сацыялістычнай працы, пераможца сацыялістычных спаборніцтваў, кандыдат у дэлегаты чарговага з’езду КПСС, член Камітэта савецкіх жанчын, які змагаецца за роўныя правы жанчын ва ўсім свеце.

Дзеля такой самарэалізацыі жанчыны ў Савецкім Саюзе з 1970-х гг. стартуе своеасаблівы “конкурс прыгажосці” з вытворчым ухілам “А ну-ка, девушки!”. Асноўнае пасланне гэтага конкурса — прыгожай жанчыну робіць праца. Маладыя тэлефаністкі, прадаўшчыцы, медсёстры, швачкі, кантралёркі, кухаркі, сцюардэсы выяўлялі сваю эрудыцыю і прафесіяналізм, паказвалі ўменне гатаваць ежу, майстраваць, кіраваць аўтобусам ці трактарам, праводзіць урокі і экскурсіі і танцаваць — штосьці накшталт народных танцаў. Дзяўчыны змагаліся за званне найлепшай у сваёй прафесіі. У эфіры абіралі, калі карыстацца сучаснай тэрміналогіяй, “міс хімпрам”, “міс мінсувязі”. То быў заклік да прафесійных дасягненняў, на какетнічанне ў дзяўчат не было часу. Яны маглі прывабіць, выклікаць зацікаўленасць мужчыны вынікамі сваёй працы і высокай маральнасцю.

Разам з тым як сацыяльная група жанчыны былі па-ранейшаму ізаляваныя і ад палітыкі, і ад прыняцця рашэнняў. Удзел жанчын у палітычным жыцці вызначаўся іх лаяльнасцю да сістэмы. На выбарах у Вярхоўны Савет рэспублікі за імі рэзервіравалася 30% месцаў. А ў 1985 г. іх колькасць у Вярхоўным і мясцовых саветах аказвалася яшчэ вышэй — у ВС БССР яны складалі 37%, а ў мясцовых — нават 50%. Гэта давала магчымасць заявіць аб дасягненнях сацыялізму ў вырашэнні пытання роўных магчымасцяў для жанчын. Аднак, вядома, што Вярхоўнаму Савету адводзілася роля фіксатара ўжо гатовых рашэнняў. Як толькі пасля распаду СССР сістэма рэзэрвіравання месцаў была ліквідавана, прадстаўніцтва жанчын у парламенце ўпала да 3%. То бок жанчыны як сацыяльная група, як і раней, застаюцца фактычна ізаліраваныя і ад палітыкі, і ад працэсу прыняцця рашэнняў.

Пытанне, што рабіць жанчыне ў палітыцы, настолькі ж дзіўнае і недарэчнае, наколькі і актуальнае для Беларусі. Дзіўнае і недарэчнае, таму што дэмакратычныя грамадствы ўжо даўно не задаюць сабе такіх пытанняў. Жанчыны ў такіх грамадствах валодаюць роўнымі грамадзянскімі правамі, а таму могуць і павінны быць прадстаўлены ў органах улады.

А актуальнае яно для Беларусі таму, што 61,1% мужчын у краіне лічаць, што жанчын у парламенце “досыць дастаткова”, а 4,7% мяркуюць, што іх нават “болей, чым трэба”. Інакш кажучы, большасць беларускіх мужчын упэўнена ў тым, што 10,3% жанчын у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога склікання — лічба, якая не патрабуе далейшага павелічэння прадстаўніцтва жанчын у вышэйшым заканадаўчым органе. Пры гэтым 32% мужчын тлумачыць такое становішча тым, што “прызначэнне жанчын у іншым”, а 23,7% лічаць, што для ўдзелу ў палітычным жыцці жанчыны занадта занятыя на працы і дома. Меркаванне, што сярод палітыкаў-дзяржаўных дзеячаў жанчын мала таму, што іх туды не пускаюць мужчыны, падзяляе ўсяго 17,6% мужчын. Такія вынікі дало агульнанацыянальнае сацыялагічнае апытанне, праведзенае лабараторыяй “Новак” у 2002 г. у межах праекта Праграмы развіцця ААН “Садзейнічанне пашырэнню грамадскага ўплыву жанчын у Рэспубліцы Беларусь”.

2. Жанчына ў вытворчай сферы

Наколькі неабходным было гараджанцы на мяжы XIX—XX ст. займацца прафесійнай дзейнасцю? Гэты было яе добраахвотнае рашэнне ці жорсткая неабходнасць?

Для дзяўчат, жанчын з незабяспечаных сем’яў гэта быў, безумоўна, вымушаны крок, гэта было рашэннем пытання простага фізічнага выжывання. Тут значным эканамічным цяжарам станавіліся дзеці. Ад нежаданых дзяцей імкнуліся пазбавіцца. Немаўлят альбо пакідалі ў грамадскіх месцах, дзе іх мог хто-небудзь хутка заўважыць, альбо забівалі.

Жанчыны з забяспечаных сем’яў займаліся прафесійнай дзейнасцю па сваім уласным жаданні. Як правіла, гэта быў свядомы выбар. Прафесія давала жанчыне магчымасць самарэалізавацца, выкарыстаць свой патэнцыял. Прафесійная дзейнасць стала вынікам эмансіпацыі гарадской жанчыны, яе адукаванасці.

На мяжы стагоддзяў жанчыны складалі калі 30% самастойнага насельніцтва гарадоў. У якіх жа сферах была занятая беларуская гараджанка? Самай шматлікай была група жанчын, занятых у сферы паслуг. Перш за ўсё, гэта прыслуга — некваліфікаваная і найменш абароненая частка гарадскога жаночага насельніцтва. У гэтай сферы было занята звыш 40% самастойных гараджанак. У прыслугу наймаліся дзяўчыны, жанчыны, якія прыехалі ў горад, як правіла, з сельскай мясцовасці. Непісьменныя, бяспраўныя, яны вельмі часта траплялі ў даволі жорсткія жыццёвыя сітуацыі.

Больш высокую сацыяльную ступень у гарадскім грамадстве займалі занятыя ў вытворчай і гандлёвай сферах — звыш 33% самадзейных жанчын. У рамеснай вытворчасці жаночая праца пераважала ў кравецкім і ткацка-цырульным цахах. У пачатку XX ст. удзельная вага жанчын на буйных прадпрыемствах Віцебска, напрыклад, складала 23%.

Актыўна ішло развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці жанчын. Так, у Віцебску ў 1893 г. у 28 цахах налічвалася 1337 рамесных майстэрні — 14% з іх узначальвалі жанчыны. Яны роўна з мужчынамі праходзілі навучанне, сдавалі іспыты і атрымоўвалі званне майстрыхі таго ці іншага рамяства. Нярэдка пасля смерці мужоў жанчыны ўзначальвалі майстэрні, якія па свайму саставу і спецыфіцы вытворчасці былі выключна мужчынскімі. У Віцебску і Мінску было шмат адносна буйных прадпрыемстваў, якія ўзначальвалі жанчыны.

Даволі шырока гарадскія бізнесвумен былі прадстаўлены ў сферы медыцыны і адукацыі. Цікава, што ў інтэлектуальнай сферы дзейнасці было занята 3,4% самадзейных мужчын і 4,2% мужчын. Як бачым, розніца невялікая.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, Першай сусветнай вайны, краіна, якая панесла вялікія страты, мела патрэбу ў рабочых руках для аднаўлення гаспадаркі і пабудовы новага грамадства.

У 1930-я гг. эмансіпацыя жанчын была абвешчана дасягнутай, а жаночае пытанне — вырашаным. Рэальнасць, між тым, была іншай. Роўнасць жанчын з мужчынамі зводзілася да іх масавага ўцягнення ў вытворчасць. Пры гэтым паказчык колькасці жанчын у складзе рабочых і служачых у Беларусі (40%) быў нават вышэй, чым у сярэднім па СССР. Мэтай урада было максімальна павялічыць колькасць рабочага класа, які разглядаўся як яго галоўная апора. Аднак сотні тысяч мужчын знаходзіліся ў кадравай арміі, міліцыі, у велічэзным апараце камітэта дзяржбяспекі, былі рэпрэсаваны. Новыя будоўлі патрабавалі танных рук. Агітацыя жанчын за сацыялізм змяняецца заклікамі ісці на фабрыкі і заводы, быць ударніцамі, авалодваць тэхнікай і новымі спецыяльнасцямі, і тым самым даказваць роўныя магчымасці з мужчынамі ва ўсіх сферах жыцця. Так прыйшла чарга жанчын: дзесяткі тысяч дзяўчын прыехалі на прамысловыя будоўлі з вёсак.

У 30-я гг. жанчына становіцца гераіняй жыцця і мастацтва. Імёны ткачых, першых трактарыстак, стаханавак, гераічных лётчыц не сыходзяць са сторонак газет і часопісаў, краіна спявае песні аб праслаўленых “дзяўчынах-прыгажунях” з клапатлівымі і гаспадарчымі рукамі, пра іх складаюцца паэмы, здымаюцца фільмы. “Такіх жанчын не было і не магло быць у старыя часы”, сцвярджае Сталін. Яго словы выражаюць галоўную ідэю жаночага вобраза 30-гг. Жанчына выступае актыўнай і магутнай сацыяльнай сілай. Яна не толькі заклікае “будаваць сацыялізм”, яна яго будуе, прымая ўдзел у вырашэнні найважнейшых праблем пяцігодкі.

Аднак на плечы жанчын ускладаліся самыя цяжкія работы. Жанчына асвоіла спецыяльнасці будаўніка, токара, фрэзероўшчыка, машыніста лакаматыва. Яна прыйшла ў шкодную для здароўя ліцейную вытворчасць, паліграфічную прамысловасць. Афіцыйная прапаганда падавала гэта як “імкненне жанчын быць карыснымі сацыялістычнай Радзіме”. У перадваенныя дзесяцігоддзі неаднаразова праводзіліся масавыя кампаніі па прыцягненні жанчын у новыя прафесіі, напрыклад, “жанчына на трактар”, на будаўніцтва Днепрагэса, на асваенне Далёкага Усходу.

Разам з тым, выхад жанчын на рынак працы ў значнай ступені вырашаў праблему іх эканамічнай незалежнасці, без чаго немагчыма было дасягненне раўнапраўя. Паколькі структурныя змяненні праходзілі паступова, вобраз адукаванай і кваліфікаванай жанчыны не адразу стаў цалкам прымальны, і палітыка прасоўванння жанчын сустракала супраціўленне мужчын-начальнікаў на месцах.

Ідэалогія эпохі заахвочвала самаахвяраванне і знявагу да асабістага дзеля грамадскіх інтарэсаў. Асабістае пераходзіла ў сферу перажыткаў капіталізму, якія пры камунізме адамруць. У літаратурных дакументах таго часу можна знайсці шмат сведчанняў; прэса і літаратура сацыялістычнага рэалізму ўслаўлялі перш за ўсё жанчыну-працаўніцу. У цэлым жа, патрабаванні, якія заходняе грамадства звычайна прад’яўляе да жанчын падчас вайны, калі жанчыны пачынаюць выконваць “мужчынскую працу” і праца на карысць радзімы выходзіць на першае месца перад усімі астатнімі сацыяльнымі і асабістымі абавязкамі, у СССР прад’яўляліся да савецкіх жанчын на працягу ўсяго праўлення Сталіна.

Многія жанчыны шчыра верылі ва ўсе заклікі партыі. І з сярэдзіны 30-х гг. каля трэці усіх работніц Беларусі прымалі ўдзел у стаханаўскім руху, які стаў формай сацыялістычнага спаборніцтва на вытворчасці. Імёны гераінь гучалі на ўсю краіну: ім і іх сучасніцам немагчыма было разабрацца, што сацыялістычнае спаборніцтва пераследавала мэту інтэнсіфіцыраваць працу, зрабіць рэкорд нормай, а па сутнасці — узмацніць эксплуатацыю больш таннай жаночай працы.

Савецкая ўлада дэкларавала роўную аплату жаночай і мужчынскай працы, але нават афіцыйная даваенная савецкая статыстыка сведчыць, што ў жанчын яна была ніжэй. У 1926 г. месячны заробак рабочых мужчын складаў 59р. 92к., а жанчын — толькі 28р. 93к. Больш за тое, з канца 20—х гг. гэты разрыў нават павялічыўся.

У гісторыі зафіксаваны спробы беларускіх жанчын пратэставаць супраць цяжкіх умоў жыцця і побыту: у 1930 г. забаставала частка работніц мінскай швейнай фабрыкі “Кастрычнік”. Аднак хутка выступленні жанчын у абарону сваіх правоў спыніліся — пачыналася эпоха рэпрэсій. Становішча вясковай жанчыны было яшчэ горшым. Фактычна яна стала прыгоннай у дзяржаве (толькі ў 1960—я гг. калгаснікам сталі выдаваць пашпарты), аўтарытэт якой для яе ўвасабляў мужчына — старшыня калгаса. Цяжкімі былі ў лёсе беларускай жанчыны 1920—30-я гг.: цяжкая праца, нізкі ўзровень жыцця, палітычныя рэпрэсіі. Аб колькасці жанчын, рэпрэсаваных за гады тэрора, сведчаць дадзеныя аб рэабілітаваных гараджанках Беларусі. Сярод іх толькі па Мінску і Мінскай вобласці прыкладна 11% складалі жанчыны.

Новыя выпрабаванні былі звязаны з падзеямі Другой сусветнай вайны. Наступствы вайны балюча адазваліся на ўкладзе жыцця жанчын. Гібель мужоў парушыла сямейныя сувязі. Многія засталіся ўдовамі. У сувязі з парушэннямі прапорцый мужчынскага і жаночага насельніцтва цяжка было занава наладзіць сямейнае жыццё, паўторна выйсці замуж. Жыццё ўгатавала ім вельмі цяжкі лёс: адным выхоўваць застаўшыхся без бацькоў дзяцей, у цяжкіх умовах пасляваеннай разрухі ставіць іх на ногі. І ў той жа час жанчыны актыўна ўключаліся ў аднаўленне народнай гаспадаркі.

У 1950 г. яны склалі 45% рабочых і служачых Беларусі. Усе наступныя гады адбываўся пастянны рост іх колькасці ў складзе занятых у народнай гаспадарцы, дасягнуўшы ў 1985 г. 53%.

Як правіла, жанчыны атрымоўвалі пасады, якія не прываблівалі мужчын (з-за адсутнасці перспектыў кар’ернага росту, малааплочваемыя). Сегрэгацыя жанчын у грамадскай вытворчасці выяўлялася шляхам афармлення менш прэстыжных сфер “жаночых спецыяльнасцей”, ці “жаночых работ”, як унутры “мужчынкіх прафесій”, так і не ў сувязі з імі. Разрыў у аплаце між мужчынскай і жаночай працай існаваў за кошт “развядзення” мужчын і жанчын па гэтых сферах. Высокі ўзровень фемінізацыі прафесіі быў выразным індыкатарам яе нізкага сацыяльнага прэстыжу. Штогод узрастала колькасць жанчын, занятых разумовай працай. Найбольш высокая колькасць жанчын назіралася ў прафесіях, якія патрабавалі, перш за ўсё, выканаўчых звычак, а не пастаяннага творчага роста: сакратары, справаводкі, машыністкі, касіры, лічыльнікі і г.д. Па дадзеным перапісу 1989 г., па гэтых спецыяльнасцях у Беларусі працавала кожная трынаццатая жанчына, занятая пераважна разумовай працай. Больш прэстыжнымі ў гэтай сферы былі прафесія бібліятэкара, школьнага настаўніка, урача, эканаміста, бухгалтара.

Пытанне аб умовах працы жанчын набывала ўсё большую актуальнасць. Да 1985 г. у Беларусі 94% жанчын працавалі па-за межамі дома поўны рабочы дзень. Практычна ўсе краіны свету ратыфікавалі Канвенцыю №4 Міжнароднай арганізацыі працы, якая забараніла прыцягваць жанчын, незалежна ад узросту, да працы ў начны час як на дзяржаўных, так і на прыватных прадпрыемствах. Аднак хаця БССР прымала ўдзел у МАП з 1954 г., яе урад, як і урад СССР, адмовіўся ратыфікаваць і гэту, і другую, не менш важную канвенцыю МАП 1981 г. “Бяспека працы, гігіена і вытворчае асяроддзе”, спаслаўшыся на тое, што ў савецкай краіне аховай працы займаюцца прафсаюзы, а не дзяржава. І хаця Савет Міністраў і УЦСПС перыядычна прымалі пастановы, якімі прадугледжвалася недапушчэнне жанчын на шкодную вытворчасць і павышэнне механізацыі іх працы, зацвярджаліся спісы прафесій і прац, на якіх забаранялася выкарыстанне іх працы, кіраўнікамі міністэрстваў і саміх прадпрыемстваў фактычна яны не выконваліся.

У 1980 г. у лёгкай прамысловасці сярод ткачоў жанчыны складалі 99%, швейнікаў — 96%. На мінскім трактарным, аўтмабільным, маторным заводах, Гродзенскім заводзе аўтаагрэгатаў, Брэсцкім заводзе “Сельмаш”, Светлагорскім заводзе “Корммаш” і інш. жанчыны працавалі ў танелях ліцейных цахоў, на падвеске гарачага ліцця. У сярэдзіне 80-х гг. на прадпрыемствах міністэрстваў будматэрыялаў, дрэвапапяровой прамысловасці, а таксама сельскай гаспадарцы больш за 200 жанчын працавалі ў неспрыяльных умовах.

У народнай гаспадарцы канчаткова замацавалася месца жанчыны на самых цяжкіх і малакваліфікаваных ручных работах: яна ўкладвала асфальт, рэмантавала чыгуначныя рэйкі, працавала на будоўлях, выконвала пагруза-разгрузачная работы. У лік жаночых работ, адначасова і малааплочваемых, і самых непрэстыжных, адносіліся прыбіранне тэрыторый і памяшканняў. Каля 90% дворнікаў у краіне былі жанчыны, звычайна немаладога ўзросту.

З аднаго боку, жанчыны аб’яўляліся “слабым полам”, а з другога — на іх ускладалася намнога болей абавязкаў, чым на мужчын. У ідэале ад жанчыны патрабавалася быць адказнай работніцай, выконваць усе абавязкі па дому, адказваць за выхаванне дзяцей і пры гэтым заставацца прыгожай. У абсалютнай большасці беларускіх сем’яў мужчыны былі практычна вызвалены ад выканання сямейных абавязкаў па вядзенні хатняй гаспадаркі. Так, па выніках даследавання бюджэта часу сем’яў рабочых, служачых і калгаснікаў у 1985 г., жанчыны ў працоўныя дні трацілі ў тры разы больш часу, чым мужчыны, на хатнюю работу. Больш 40% гэтага часу ў жанчын займалі абавязкі па забеспячэнні сем’яў прадуктамі харчавання і іх прыгатаванні з-за пастаянных дэфіцытаў, чэргаў у крамах, нястачы ў гандлі паўфабрыкатаў і слабой забяспечанасці сем’яў бытавой тэхнікай. Адпаведна, вольнага часу ў жанчын было ў два разы менш: калі мужчыны ў сем’ях рабочых валодалі 175, у сем’ях калгаснікаў — 152 хвілінамі ў працоўны дзень, то жанчыны — адпаведна 90 і 60 хвілінамі.

Ёсць усе высновы сцвярджаць, што дабрабыт чалавецтва ў значнай ступені пабудаваны на бясплатнай працы жанчын. Іх неаплочваемая праца складае, па падліках ААН, 11 трлн. долараў ЗША у год, альбо 1/3 ад вырабляемага ў свеце кошту ў агульным. З улікам працы па абслугоўванні сям’і ўклад жанчыны ў сусветнае багацце складае 55%, іншымі словамі больш уклада мужчын. Гэта адбываецца з-за падвайной загружанасці жанчын. Па дадзеных сацыялагічнага апытання 2003 г., у буднія дні беларускія жанчыны працуюць амаль на 2, а ў выхадныя на 3 гадзіны болей за мужчын. Так што на адпачынак нават у выхадныя дні застаецца ў жанчын каля 1 гадзіны, у той час як у мужчын на 2 гадзіны болей.

Аднак гэта не прыводзіць да павышэння сацыяльнага статуса жанчын, паколькі дзяржава і грамадства не прызнаюць хатнюю працу жанчын у якасці працы, за якую належыць матэрыяльная ўзнагарода. Праца па абслугоўванні сям’і застаецца нябачнай для грамадства. Мужчыны ж за меншую па працягласці працу атрымоўваюць узнагароду, якая матэрыялізуе вынікі іх працы, робіць яе значнай, павышае сацыяльны статус мужчын. Заклікі паменшыць нагрузку на жанчын за лік перамяшчэння іх толькі ў сферу хатняй працы не вытрымлівае ніякай крытыкі. Па-першае,гэта яшчэ больш знізіць іх сацыяльны статус і павялічыць залежнасць ад мужа. Па-другое, структура сучаснай заработнай платы такая, что мае на ўвазе двух працоўных у сям’і дзеля таго, каб сям’я магла нармальна развівацца. Так што жанчына вымушана працаваць па-за домам, але гэтая праца разглядаецца як працяг яе “натуральных” хатніх абавязкаў.

3. Гендэрныя аспекты адукацыі

Узровень пісьменнасці беларускіх гараджанак быў даволі высокім для свайго часу. У 1897 г. сярод жанчын пісьменныя складалі прыкладна 40%, (у мужчын — 60%). У тым ліку сярод пісьменных мелі вышэйшую адукацыю менш аднаго працэнту, сярэднюю — 12%. Цікава, што працэнт жанчын з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй сярод пісьменных фактычна раўняўся аналагічным паказчыкам у мужчын. Беларускі горад пашыраў і фактычна ўраўноўваў магчымасці атрымання адукацыі жанчын з мужчынамі.

Савецкая ўлада праводзіла сваю асобную, не меўшую аналагаў у гісторыі гендэрную палітыку. У сярэдзіне 20-х гг. знішчэнне непісьменнасці было абвешчана стратэгічнай мэтай: бо ў сельскай мясцовасці Беларусі на тысячу чалавек пісьменных мужчын было 215, а жанчын — 70. Аднак змяненні праходзілі не так хутка, як чакалася. Паўсюдна сталі арганізоўвацца школы для дарослых, пункты па знішчэнні непісьменнасці, і сельскіх жанчын асабліва імкнуліся ўцягнуць у навучанне.

Пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, у перыяд індустрыялізацыі, супаўшага па часе з масавымі рэпрэсіямі, а таксама пасля вайны ў краіне востра не хапала спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Таму работа такіх спецыялістаў аплочвалася дастаткова добра і вышэйшая адукацыя была прэстыжнай. Большасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй складалі мужчыны, і хаця якія-небудзь фармальныя абмежаванні адсутнічалі, амаль да пачатку 1960-х гг. мужчыны пераважалі сярод студэнтаў ВНУ. У пачатку 1960-х гг. урад Н.С.Хрушчова “бярэ курс” на падвышэнне сацыяльнай аднастайнасці савецкага грамадства. Самы важны накірунак гэтага курса — “сціранне мяжы” паміж фізічнай і разумовай працамі, якое дасягаецца за кошт увядзення абавязковага ўсеагульнага сярэдняга (8-гадовага) навучання, хуткага пашырэння сістэмы вышэйшай адукацыі, а таксама выраўноўвання ўзроўню даходаў праз павышэнне заробку рабочых і служачых-неспецыялістаў. Некалькі гадоў пасля, калі аплата працы рабочых не толькі дагнала, але і значна пераўзышла аплату працы спецыялістаў, шырокае распаўсюджанне атрымала ідэалагічная версія, згодна з якой нізкі заробак спецыялістаў павінен кампенсаваць дзяржаве выдаткі на іх адукацыю. Эканамічна неапраўданае пашырэнне сістэмы вышэйшай адукацыі, у сваю чаргу, прывяло як мінімум да двух негатыўных наступстваў.

Па-першае, упала якасць адукацыі з-за зніжэння патрабаванняў да абітурыентаў, павелічэння нагрузкі выкладчыкаў, хуткага павелічэння выкладчыцкага корпусу, часта за кошт людзей недастаткова высокай кваліфікацыі. Па-другое, у выніку правядзення палітыкі ўсеагульнай занятасці, калі ўсе маладыя спецыялісты павінны былі быць працаўладкаваны, была створана вялікая колькасць лішніх працоўных месцаў, якія патрабавалі наўнасці дыплома аб вышэйшай адукацыі. Наваяўленыя спецыялісты з нізкай зарплатай часта не мелі вызначаных абавязкаў і маглі на рабочым месцы займацца пабочнымі справамі. Гэтыя працэсы прывялі да хуткага падзення прэстыжу вышэйшай адукацыі і пачатку масавага “выхаду” мужчын са сферы інтэлектуальнай працы. Але агульнае зніжэнне ўзроўню вышэйшай адукацыі і патрабаванняў да спецыялістаў, магчымасць займацца асабістымі справамі прывялі ў ВНУ значную колькасць жанчын даволі традыцыйных поглядаў, якія раней нават не задумваліся аб вышэйшай адукацыі. Магчымасць мець няхай і нізкааплочваемую, але “чыстую” і няцяжкую “жаночую” працу выклікала сярод жанчын ажыятажны попыт на вышэйшую адукацыю. Напрыклад, у 1985 г. у вышэйшых навучальных установах рэспублікі ў агульнай колькасці студэнтаў было 58% дзяўчын, а ў складзе навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў — 62%. У цэлым, тэмпы росту адукацыйнага узроўню жанчын былі значна вышэйшымі, чым у мужчын. З 1000 жанчын, занятых у народнай гаспадарцы Беларусі ў 1985 г., 779 мелі вышэйшую адукацыю і сярэдняе спецыяльнае ў параўнанні са 142 у 1939 г. У мужчын гэтыя лічбы адпаведна 748 і 78.

Афіцыйная прапаганда ставіла гэта ў заслугу сацыялізму. Але фемінізацыя адукацыі і навукі сведчыла хутчэй аб вельмі глыбокіх крызісных працэсах у нашым грамадстве, чым аб поспехах фемінізму. Дзяўчынам цяжка было і ўвогуле немагчыма паступіць вучыцца ў ВНУ па асобных спецыяльнасцях. Дыскрымінацыя працягвалася на этапе размеркавання па рабочых месцах пасля сканчэння ВНУ, перавагу традыцыйна мелі мужчыны. Вызначаныя тэндэнцыі назіраюцца і сёння.

У апошнія дзесяцігоддзі лад жыцця, які здаваўся непарушным, падвяргаецца сумненню і крытыцы. Нават на аснове вельмі сціслай інфармацыі, прыведзенай вышэй, становіцца зразумелай прычына незадаволення большасці жанчын, якія апынуліся перад цяжкавырашальнай праблемай. Каб цалкам рэалізаваць сябе як асобу, яны атрымоўваюць роўна з мужчынамі адукацыю, працуюць, робяць кар’еру ў самых разнастайных сферах — і фармальна не сустракаюць ніякіх перашкод. Але пры гэтым неабходнасць весці хатнюю гаспадарку павялічвае нагрузку на жанчыну, і па меры ўсё большай прафесійнай паспяховасці занятасць на працы таксама павялічваецца. Таму не дзіўна, што ў рэальнасці ўсё большая колькасць жанчын стаіць перад выбарам: альбо сям’я, альбо праца. Прымушаць людзей рабіць такі выбар жорстка, калі не сказаць — амаральна. Неабходна падкрэсліць, што для мужчыны сям’я не з’яўляецца перашкодай у працы. Хутчэй наадварот, яго поспех падтрымліваецца і забяспечваецца нябачнай жанчынай за спінай. За працэсам драматычнага выбару жанчыны паміж сям’ёй і кар’ерай насцярожана назірае ўсё грамадства: вырашаецца пытанне аб тым, якім ён будзе і ці будзе ўвогуле. Скарачэнне аднаўлення насельніцтва пагроза не меншая, чым стомленасць і знясіленасць парадзіх, якую яны ўнаследавалі ад сваіх маці.

У свеце, па статыстыцы ААН, 70% людзей, якія жывуць ва ўмовах абсалютнага жабрацтва, складаюць жанчыны. На іх прыходзіцца непрапарцыянальна малая доля крэдытаў, выдаваемых банкаўскімі ўстановамі, заробак жанчыны — усюды ў свеце — складае тры чвэрці заробку мужчын, жанчыны складаюць большасць беспрацоўных і займаюць толькі 10% месцаў у парламенце і 6% пасад у кабінетах міністраў. Прыведзеная статыстыка сведчыць, што сацыяльная няроўнасць паводле полавай прыналежнасці існуе. Толькі карэнным чынам змяніўшы размеркаванне роляў і арганізацыю грамадства, змяніўшы сям’ю, культуру, ідэалогію і палітыку, можна спадзявацца, што свет, у якім будуць жыць нашыя дзеці, стане больш справядлівым як у адносінах да жанчын, так і мужчын.

Літаратура

1. Айвазова С.Г. Свобода и равенство советских женщин // Айвазова С.Г. Русские женщины в лабиринте равноправия (Очерки политической теории и истории. Документальные материалы). —М.: РИК Русанова, 1998. —С.66—99.

2. Дулов А.Н. Вовлечение женщин Советской Беларуси в общественно-политическую жизнь в 1920-х гг. // Славянский мир и славянские культуры в Европе и мире: место и значимость в развитии цивилизаций и культур (история, уроки, опыт, современность): Материалы международ. науч.-теорет. конф., Витебск, 31 окт.—1 нояб. 2002 г.: В 2 ч. / М-во образования Респ. Беларусь. Учреждение образования “Витеб. гос. ун-т им. П.М.Машерова”; Редкол.: В.А.Космач (гл. ред.) и др. —Витебск, 2002. —Ч. 2. —С.77—81.

3. Дулов А.Н. Женщины в органах власти БССР 1920-х гг. // Актуальные проблемы из исторического прошлого и современности в общественно-гуманитарных и социо-религиоведческих науках Беларуси, ближнего и дальнего зарубежья / Материалы международной научно-теоретической конференции, 19—20 апреля 2007 г.: В 2 ч. / М-во образования Респ. Беларусь. УО “Витеб. гос. ун-т имени П.М.Машерова”; Редкол.: В.А.Космач (гл. ред.) и др. —Витебск, 2007. —Ч. 2. —С.313—316.

4. Женщины и мужчины Республики Беларусь. Статистический сборник / Министерство статистики и анализа Республики Беларусь. Минск, 1999.

5. Женщины и мужчины Республики Беларусь. Статистический сборник / Министерство статистики и анализа Республики Беларусь. Минск, 2006.

6. Курков Илья. “Безработица является поводом для проституции” (Из документов женотдела ЦК КП(б)Б ) 1920-х гг. // Женщины на краю Европы. Мн., ЕГУ: 2003. —С.130—144.

7. Пол/Гендер: справочное пособие для государственных служащих. Мн., 2005.

8. Пол/Гендер: справочное пособие для юристов. Мн., б.г.

9. Шыбека З. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Вільня, 2009.

10. Шыбека З. Мінск стогадоў таму. Мн., 2007.

11. Яковлева Галина, Дулов Анатолий. Из истории женского движения в первые годы советской власти на материале Витебской губернии // http://envila.iatp.by/g_centre/another2/article29.html

12. Ященко О. Гомель у другой палове XIX—XX ст.: гісторыка-этнаграфічны нарыс. Гомель, 1997.

Лекцыя 2

План:

1. Сям’я, дзеці і выхаванне

2. Жаноцкасць і сексуальнасць

3. Прастытуцыя ў гарадах

4. Праблема эмансіпацыі

1. Сям’я, дзеці і выхаванне

З самага ранняга ўзросту перад дзяўчынай з заможнай сям’і ставілася мэта — своечасова выйсці замуж. А жыццё яе было аднастайным і манатонным. Уставала з ложку маладая асаба не раней 12 гадзін дня. Дзве гадзіны ішло на клопаты пра знешнасць, яшчэ гадзіна — на прагулку, а ў тры гадзіны — на абед. Увесь час пасля абеду дзяўчына праводзіла на канапе, у чаканні візіта магчымага жаніха. Калі ж ён не прыходзіў, дзяўчына накіроўвалася ў госці. Вярталася да дому яна каля першай гадзіны ночы, яшчэ каля гадзіны чытала ў ложку, а потым засынала. Гараджанкі выходзілі замуж пазней сваіх вясковых аднагодак — у асноўным у 22—24 гады. Пасля пераходу ў статус замужняй дамы жанчына, як правіла, цалкам прысвячала сябе клопатам пра сям’ю — мужа, дзяцей, хатнюю гаспадарку. У адпаведнасці з законам Расійскай імперыі правы жанчыны былі абмежаваны.

Пайсці працаваць ці вучыцца жанчына магла толькі з дазволу бацькоў альбо мужа. У пэўных сітуацыях патрабаваўся і іх дазвол на адкрыццё жанчынай сваёй уласнай справы. Аднак жанчына выконвала ролю хатняй гаспадыні і фактычна мела значны ўплыў у доме. Менавіта яна часта вырашала пытанні размеркавання фінансавых сродкаў сям’і. Акрамя таго, яна станавілася галоўным дарадчыкам свайго мужа, яго правай рукой. На жонак выпісваліся даверанасці на вядзенне фінансавых аперацый, на валоданне маёмасцю. Хатняя гаспадарка, дзеці, зразумела, абмяжоўвалі самастойную дзейнасць жанчын. Але менавіта ў горадзе ў гэты час яны мелі шэраг пераваг. Напрыклад, можна было наняць прыслугу як для вядзення хатняй гаспадаркі, так і для дагляду за дзецьмі. Акрамя таго, у гарадах з’яўляюцца першыя дзіцячыя садкі і яслі. У 1901 г. у Віцебску дзейнічаў дзіцячы садок, у якім утрыманне дзіцяці каштавала бацькам 2 кап. на дзень. У 1899 і 1900 гг. было адчынена два прыстанішча для дзяцей ва ўзросце ад 2 да 10 гадоў. Такім чынам, у гарадах у жанчыны з’яўляецца вольны час.

У 1918 г. быў апублікаваны першы Кодэкс аб шлюбе і сям’і, які прадугледжваў роўны з мужчынамі статус жанчыны ў шлюбе, магчымасць для сямейных пар абіраць прозвішча мужа або жонкі, прагалошваў аднолькавыя правы дзецям, народжаным па-за шлюбам, з народжанымі ў шлюбе. Усталёўваўся законны грамадзянскі шлюб, аформлены ў органах ЗАГСу. Царкоўны шлюб губляў юрыдычную сілу і лічыўся прыватнай справай. Уведзеная рэгістрацыя шлюбаў набыла прызнанне спярша ў гарадах. На вёсцы ў асноўным захоўваўся царкоўны шлюб. Працэдура як рэгістрацыі, так і скасавання шлюбаў не была ўдакладнена і зводзілася да простага запісу. Людзі хадзілі ў ЗАГС, як на пошту — сёння распісваліся, заўтра разводзіліся. Колькасць разводаў расла шалёнымі тэмпамі: у Ленінградзе на 1000 людзей у 1920 г. разводаў было 1,9, у 1923 — 3,4, у 1927 — 9,8, у 1929 — 11,3.

У 1920 г. савецкая дзяржава вымушана дазволіць аборты, якія рабіліся ў лекавых установах па медыцынскіх і сацыяльных паказаннях. Ва ўмовах Першай сусветнай вайны, а пасля грамадзянскай вайны праблема абортаў абвастрылася: павялічылася іх колькасць, а неадпаведныя ўмовы іх правядзенння выклікалі рост смяротнасці жанчын. Адпаведная пастанова падкрэслівала, што прызнанне штучнага аборту з’яўляецца часовай з’явай. Заканадаўцы меркавалі, што сям’я жадае мець шмат дзяцей, аднак гэтаму пакуль перашкаджаюць сацыяльныя ўмовы. На працягу 1920-х гг. прагледжвалася тэндэнцыя як роста абсалютнай колькасці абортаў, так і іх рост адносна народжаных. Так, на 1925 г. па БССР на 100 народжаных прыходзілася 5,6 абортаў, па гарадах — 69,2, па сельскай мясцовасці — 2,3. Да 1928 г. аборты дасягнулі ў горадзе 92,2 % да колькасці народжаных, на вёсцы — 7,6 %.

Паступова дзяржава абмяжоўвала даступнасць аборту. У лістападзе 1924 г. была выдана пастанова аб стварэнні абортных камісій для выдачы дазволу на бясплатны штучны аборт. Дадзеная пастанова цалкам адмаўляла ў асабістых матывах для перарывання цяжарнасці. Дзейнічалі абортныя камісіі толькі ў гарадах.

Важным мерапрыемствам, закліканым спрыяць ураўноўванню правоў жанчын з мужчынамі ў сям’і і грамадстве, стала рэалізацыя ідэі аб стварэнні дзяржаўнай сістэмы аховы мацярынства і дзяцінства, а таксама грамадскага выхавання. У БССР стварэнне такой сістэмы пачалося ў 1920 г., пасля вызвалення тэрыторыі ад польскай акупацыі. Гэта сістэма мела аднолькавы від ва ўсіх савецкіх рэспубліках. Сюды ўваходзілі жаночыя і дзіцячыя кансультацыі, якія здзяйснялі нагляд за цяжарнымі жанчынамі і аказвалі жанчынам дапамогу ў даглядзе за немаўляткамі. Наступная ступень — установы грамадскага выхавання. У гарадах звычайна ствараліся сталыя яслі і дзіцячыя садкі пры прадпрыемствах, а ў сельскай мясцовасці ў летні час — сезонныя палявыя яслі і дзіцячыя пляцоўкі. Дэкрэтам 1917 г. аб “Страхаванні на выпадак хваробы” гараджанкі вызваляліся ад працы на 8 тыдняў да і 8 тыдняў пасля родаў з захаваннем поўнага заробку. Аднак многія гэтым правам не карысталіся і працавалі да самых родаў, паколькі за перыяд водпуску гублялі прэміяльныя, а з-за беспрацоўя і жорсткай канкурэнцыі баяліся згубіць працу. Да таго ж, больш 85 % насельніцтва Беларусі пражывала ў гэты час у сельскай мясцовасці і не мела магчымасці скарыстацца льготамі.

Аднак у перыяд нэпа, калі адбывалася аднаўленне эканамічнага патэнцыялу краіны, на сацыяльную сферу выдзяляліся абмежаваныя сродкі, што стрымлівала распаўсюджанне ўстаноў аховы мацярынства і дзяцінства. У 1924 г. на тэрыторыі ўзбуйненай БССР налічвалася 15 кансультацый, з іх 9 з малочнымі кухнямі, 7 ясляў у гарадах і 14 сезонных палявых ясляў. Работніцы вельмі хутка ацанілі карысць падобных устаноў, у той час як на вёсцы іх арганізацыя нярэдка сутыкалася з супрацьдзеяннем.

Жаночая тэма бальшавісцкай партыі ў 20-я гг. уключала такія важныя праблемы, як знішчэнне прастытуцыі, авалоданне прафесійнымі навыкамі. Ішла актыўная арыентацыя жанчын на сацыяльную дзейнасць. Найважнейшыя функцыі мацярынства: выхаванне дзяцей, захаванне хатняга агменя, ігнараваліся.

Калі ж ва ўмовах індустрыялізацыі ўзнікае значная патрэба ў працоўнай сіле, асноўная ўвага партыі і ўрада скіроўваецца на ўцягненне жанчыны ў вытворчасць і развіццё сістэмы дзіцячых ясляў і садкоў. Ужо ў першым пяцігадовым плане, прынятым XII з’ездам КП(б)Б, утрымлівалася палажэнне, згодна з якім да канца пяцігодкі ўсе дзеці работніц у гарадах павінны быць забяспечаны касультацыямі; планавалася таксама павышэнне колькасці дзіцячых садкоў у акруговых гарадах і прамысловых цэнтрах на 75 %, а палявых ясляў у сельскай мясцовасці — на 144 %. І пэўныя поспехі былі дасягнуты. У прыватнасці, колькасць дзіцячых кансультацый у гарадах павялічылася з 55 у 1929 г да 91 у 1937, а колькасць іх наведванняў павялічылася больш чым удвая. Дзяржава імкнулася абаперціся на ініцыятыву грамадзян, якім было ў 1932 г. прапанавана ствараць кааператыўныя таварыствы дашкольнага выхавання. У 1934 г. была ўведзена льготная сістэма аплаты яслей і дзіцячых садоў для рабочых і служачых з нізкім заробкам.

Вывядзенне жанчыны за межы сям’і, у публічную сферу азначала трансфармацыю ўсяго сацыяльнага парадку, паколькі дом з’яўляўся адначасова і рэстаранам, і дзіцячым садам, і пральняй, і гасцініцай. Каб жанчына мела магчымасць працаваць па-за межамі дома, выкананне ўсіх гэтых функцый павінна ў пэўнай ступені забяспечвацца дзяржавай (калі толькі мужчына не прымае рашэнне “вярнуцца дадому і выконваць іх замест жанчыны”), што каштуе вялікіх грошай (у той час як дома ўся гэта праца выконваецца бясплатна). Савецкая ўлада ганарылася тым, што ў значнай ступеніі вызваліла жанчын ад цяжару паўсядзеннага быту (хаця ў 20-я гг. ён усё роўна быў вельмі вялікім); арганізавала дзіцячыя сады і яслі, і тым самым дала магчымасць жанчынам не толькі працаваць, але і забяспечыла нагляд за дзецьмі, якога не было дома. Акрамя таго, арганізацыя ясляў і дзіцячых садоў непасрэдна звязвалася з вырашэннем праблемы “беспрытульных маці” — так называлі беспрацоўных і незамужніх маці, у асноўным сялянскіх дзяўчын, якія прыехалі ў горад і апынуліся на абочыне жыцця. У 20-я гг. такіх было шмат.

Рыторыка 20-х гг. зводзілася да таго, што выхаванне дзяцей — гэта работа, якую неабходна выконваць “па навуцы”, і што выконваць яе лепей людзям адпаведнай кваліфікацыі. Дзеці сталі “адзіным прывілеяваным класам у СССР”, ад іх будзе залежыць будучыня сацыялістычнай Радзімы, і з гэтай пазіцыі дзіцячы сад і сферу выхавання можна разглядаць як месца патрыятычных пачынанняў. Лічылася, што за здароўе і дабрабыт дзяцей адказныя не толькі маці, але і савецкія сацыяльныя праграмы, іншымі словамі, калектыўная маці-Радзіма.

1930-я гг. сталіся новым этапам у дзяржаўнай палітыцы, з якім была звязана трансфармацыя статуса жанчыны і самога жаночага руху. Дэбаты па “жаночаму пытанню”, якія актыўна вяліся ў 1920-я гг. у сувязі з дзейнасцю жанаддзелаў, былі забаронены. Жанчыны былі абвешчаны магутнай сілай у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, аб’яўлены апірышчам сям’і. Індустрыялізацыя і калектывізацыя, з якога б боку мы іх не разглядалі, аб’ектыўна мелі патрэбу ў жаночай вытворчай працы і садзейнічалі тым самым эмансіпацыі жанчын. Савецкі урад мэтава праводзіў палітыку, накіраваную на эмансіпацыю жанчыны, разбурэнне традыцыйнай сям’і і патрыярхатных стэрэатыпаў. Неабходна адзначыць, што гэта прынесла свой плён. Актыўны ўдзел жанчын у значнай ступені забяспечыў поспех эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, дазволіў здзейсніць шырокамаштабную індустрыялізацыю. Эмансіпацыя жанчын, іх масавы “выхад” з сям’і ў грамадскую сферу непазбежна прыводзіць да падзення нараджальнасці, што супярэчыць доўгатэрміновым інтарэсам дзяржавы, якое мае патрэбу ў пастаянным узнаўленні людскіх рэсурсаў. Сталінскае кіраўніцтва перагледзела свою палітыку, што тычылася жанчын і сямейнага жыцця. І афіцыйная ідэалогія фармавала светлы вобраз “маці-працаўніцы”, якая задавальняла адразу дзве грамадскія патрэбы — дэмаграфічную і вытворчую (жанчыны, якія не працавалі, аб’яўляліся “адсталымі хатнімі гаспадынямі”).

Мабыць, упершыню пасля рэвалюцыі савецкая жанчына была прадстаўлена не толькі як грамадская актывістка, якая вызваляецца ад путаў хатняга рабства, але і як маці.

Быў узяты накірунак на ўмацаванне сям’і як “ячэйкі грамадства” і стымуляванне высокай нараджальнасці. У 1936 г. ЦВК і СНК СССР прынялі пастанову “Аб забароне абортаў, павелічэнні матэрыяльнай дапамогі рожаніцам, устанаўленні дзяржаўнай дапамогі шматсямейным, пашырэнні сеткі радзільных дамоў, дзіцячых ясляў і дзіцячых садоў, узмацненні крымінальнага пакарання за неплацёж аліментаў і аб некаторых зменах у заканадаўстве аб разводах”. Аборты забараняліся “в связи с установленной вредностью”, за іх правядзенне ўводзілася крымінальная адказнасць ад 1 да 3 гадоў зняволення. Жанчына, якая ішла на аборт, рабілася аб’ектам грамадскага ганьбавання, а пры паўторным парушэнні закона атрымлівала штраф да 300 рублёў. Аборт мог рабіцца толькі ў крайніх выпадках, калі цяжарнасць стварала пагрозу здароўю жанчыны або пры наяўнасці ў бацькоў цяжкіх спадчыных захворванняў. Мацярынства канчаткова станавілася грамадзянскім абавязкам жанчыны. Ускладняўся працэс разводу, была павышана плата за яго рэгістрацыю, прычым пры паўторных разводах плата ўзрастала. Сям’я атрымала афіцыйную назву сацыялістычнай. Барацьба з абортамі ў 1920—1930-я гг. не суправаджалася шырокай прапагандай ведаў аб сродках кантрацэпцыі і распаўсюджваннем супрацьзачаткавых сродкаў. Дзяржава паслядоўна кантралявала нараджальнасць не толькі забаронай абортаў, але і замоўчваннем і контрпрапагандай дасягненняў кантрацэпцыі. Адначасова ўлада стварала пэўныя ўмовы, што дазвалялі сумяшчаць ролі “маці” і “працаўніцы”, у выглядзе грамадскіх сталовых, дзіцячых садоў і ясляў, затым аплочваемых адпускоў па цяжарнасці і родах, а пазней — і па нагляду за дзіцем.

Прыцягненне жанчын на бок Савецкай улады было, з аднаго боку, важным для выжывання новага рэжыму, які шукаў апору сярод розных слаёў насельніцтва, а з другога боку, — гэта сапраўды дазволіла жанчынам (гарадскім і вясковым, работніцам і сялянкам) выйсці ў раней закрытую для іх публічную прастору: набыць кваліфікаваныя прафесіі, атрымаць адукацыю (ці хаця б навучыцца пісьменнасці), прымаць удзел у грамадскім жыцці.

Спроба вырашыць “жаночае пытанне” пры ўсёй пазітыўнасці намераў вызваліць жанчыну ад знакамітых “кухня-спальня-дзіцячая” у канчатковым выніку прывяла да з’яўлення новых формаў залежнасці, а грамадска карысная праца з набытку ператварылася ў працоўную павіннасць, якая абцяжарвалася выкананнем усёй неаплочваемай хатняй працы. Тым не менш, сфармуляваная ў 1920-я гг. праграма вырашэння “жаночага пытання” у СССР была на той час прагрэсіўнай і ліберальнай.

Дэмаграфічныя праблемы выклікалі ўзмоцненую прапаганду павышэння нараджальнасці. Мацярынства для жанчыны актуалізуецца як доўг, як шчасце. У 1954 г. дзяржава, зацікаўленая ў паляпшэнні дэмаграфічнага становішча і стымуляванні нараджальнасці, павялічыла аплочваемы водпуск па цяжарнасці і родах з 63 да 77 каляндарных дзён. З шостага месяца цяжарнасці, а таксама маці, якія кармілі грудзямі, на працягу чатырох месяцаў у два разы павялічваліся нормы харчовага пайка. Аднак гэтыя новаўвядзенні не закранулі жанчын-калгасніц.

З 1954 г. для стымулявання нараджальнасці маці, якія выхавалі дзесяць і болей дзяцей, прысвойвалі ордэн і ганаровае званне “Маці-гераіня”, сем-дзевяць дзяцей — ордэн “Мацярынская слава”, пяць-шэсць — “Медаль мацярынства”. Традыцыйна менавіта селькія жанчыны нараджалі шмат дзяцей. З мэтай мабілізацыі дадатковых сродкаў для аказання дапамогі шматдзетным маці быў павялічаны падаходны падатак з халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян, уведзены яшчэ ў 1941 г. З 20-гадовага ўзросту для абодвух палоў і да 50 год для мужчын і да 45 гадоў для жанчын падатак налічаўся ў памеры 6 %, а пры наяўнасці аднаго ці двух дзяцей — адпаведна 1 і 0,5 %.

Была павялічана таксама дзяржаўная дапамога на ўтрыманне і выхаванне дзяцей па дасягненні імі 12-гадовага ўзросту. Акрамя таго, з 1956 г. жанчыны атрымалі права на пенсію па старасці на 5 гадоў раней мужчын пры наяўнасці меншага стажу працы. Пенсійны ўзрост па старасці быў ўстаноўлены для жанчын па дасягненні 55 год. Дадатковыя льготы былі дадзены жанчынам, якія нарадзілі пяць і болей дзяцей і выгадавалі іх да васьмігадовага ўзросту. Гэтыя жанчыны атрымалі права на пенсію па дасягненні 50 гадоў. У 1957 г. краіна перайшла на пяцідзённы працоўны тыдзень з двума выхаднымі, што пры захаванні традыцыйнага размеркавання гендэрных роляў у грамадстве павінна было пашырыць магчымасці жанчын займацца выхаваннем дзяцей.

Аднак даваенны ўзровень нараджальнасці не быў дасягнуты. У 1950 г. у параўнанні з 1940 г. яна паменшылася на 5 %, у 1960 — на 9 %. Не садзейнічалі гэтаму і забарона абортаў, колькасць якіх павялічвалася як у горадзе, так і на вёсцы за кошт нелегальных абортаў, што праводзіліся на даму, вельмі часта малакваліфікаванымі людзьмі і за вялікія грошы. Можна толькі здагадвацца, колькі жанчын за гады дзеяння забароны абортаў рызыкавалі сваім жыццём. У лістападзе 1955 г. аборты былі легалізаваны.

Змяняецца і вобраз жанчыны савецкага грамадства. З’явіўся новы вобраз жанчыны, прафесія якой не мае значэння. Вобраз жанчыны як бы дыстанцыруецца ад яе “працоўнай іпастасі”, з якой яна дагэтуль была цесна звязана, і набывае аўтаномнасць. Сацыяльныя характарыстыкі адыходзяць на другі план, а на першым месцы аказваецца жанчына як такая. Жанчына ўпершыню пачынае раскрывацца як жанчына, якой неабходная ўвага мужчын. Але гэта было перш за ўсё звязана з палітыкай дзяржавы, якая была занепакоена дэмаграфічнымі праблемамі. Афіцыйная прапаганда працягвала выступаць за ўдзел жанчыны ў вытворчасці, аднак ва ўмовах падзення прэстыжу грамадскіх форм выхавання дзяцей, усё больш патрабаванняў прад’яўлялася да жанчыны-маці, да яе ўдзелу ў сямейным выхаванні новага пакалення. З аднаго боку, працягваецца праслаўленне савецкай жанчыны-працаўніцы. А з другога, ідзе працэс асэнсавання унікальнальнасці прыроды і прызначэння жанчыны, які асабліва заметна выявіўся ў перыяд, які папярэднічаў аб’яўленаму Міжнароднаму году жанчыны (1975).

У 1975 г. была ўстаноўлнена 100 % аплата па цяжарнасці і родах жанчынам, якія працавалі, незалежна ад іх стажу, а таксама павялічана колькасць аплочваемых дзён па дагляду за хворым дзіцём. У 1982 г. была прынята пастанова аб прадастаўленні часткова аплачваемага водпуску па дагляду за дзіцём ва ўзросце да аднаго года і дадатковага водпуску без захавання заробнай платы па нагляду за дзіцём паўтарагадовага ўзросту. У 1989 г. было прынята рашэнне аб павелічэнні часткова аплочваемага водпуску да паўтарагадовага ўзросту дзіцяці, а дадатковага — да трох гадоў.

2. Жаноцкасць і сексуальнасць

Рэвалюцыйныя пошукі, будаванне новага савецкага грамадства ў 1920-х гг. і складаныя эканамічныя рэаліі знайшлі адлюстраванне ў поглядах на сексуальнасць і звязаныя з ёю тэмы сям’і, абортаў, кантрацэпцыі і палавых адносін. То быў час, калі Аляксандра Калантай, якая стварыла і ўзначаліла жаночы аддзел ЦК РКП(б), пісала: “Ідэалогія рабочага класу не ставіць ніякіх межаў для кахання”, “сексуальная патрэба — ёсць звычайная фізіялагічная патрэба, задавальненне якой не трэба нічым ускладняць”. З яе лёгкай рукі у афіцыйны і неафіцыйны дыскурс увайшло паняцце пра сексуальны кантакт як пра акт выпівання “шклянкі вады”.

Змена паводзін праяўлялася ў адмове, асабліва сярод рабочай моладзі, ад рытуалаў заляцанняў з дараваннем кветак ды сустрэчамі, якія пагардліва называліся “буржуазнымі перажыткамі”. У 1925 г. пры спрыянні Наркома аховы здароўя, доктара Мікалая Сямашкі, узнікла таварыства “Прэч сорам” (“Долой стыд”). Лозунгамі накшталт “Сорам — гэта буржуазны забабон” яно часта шакавала нават прыхільнікаў Краіны Саветаў.

Першае дзесяцігоддзе савецкай улады часта вызначаюць як перыяд “сексуальнай рэвалюцыі”. Вобраз Аляксандры Калантай як паборніцы вольнага кахання з’яўляецца знакавым для такога ўспрымання. У 1930-я гг. Сталін прыйшоў да ўлады, і Савецкі Саюз уступіў у новы перыяд перамен. Аднак не трэба перабольшваць “лібералізм” 1920-х гг. як дзесяцігоддзя “сексуальнай рэвалюцыі” і ўспрымаць 1930-я гг. як ”рэпрэсіўную” дэкаду “сексуальнага тэрмідору”, што паклала мяжу радыкальным эксперыментам у сферы палавых адносін. Шлях да 1930-х быў пракладзены ідэямі і палітыкай 1920-х гг. Абедзве дэкады былі пазначаны ўмяшальніцтвам дзяржавы ў асабістае жыццё сваіх грамадзян і жаданнямі яго вызначыць, нармаваць і кантраляваць. Як у 1920-я, так і ў 1930-я гг. цела савецкага чалавека, перш за ўсё жанчыны, было ўсяго толькі часткай рэвалюцыйнага праекта, а не асабістай уласнасцю. Эканаміст Я. Прэабражэнскі абагульніў, што “з сацыялістычнага пункту гледжання зусім не мае сэнсу погляд на цела асобнага чалавека як на сваю ўласнасць, таму што індывід — гэта ўсяго толькі адна кропка на пераходзе ад мінулага ў будучыню”. Будаўніцтва новага грамадства патрабавала прынесці ў ахвяру інтымную сферу, і многім гараджанкам савецкай дзяржавы тое каштавала сіл, здароўя, а часта і жыцця.

Не было такой сферы жыцця ў савецкім грамадстве, якая не была б палітычнай, іншымі словамі, не падлягала б кантролю з боку ўлад ці не патрабавала б перабудовы пры пераходзе да новага рэжыму. Рух у накірунку да раўнапраўя палоў у СССР патрабаваў вырашэння мноства нібыта непалітычных праблем у сферы рэгулявання сексуальнасці і размеркавання рэсурсаў: захаванне сям’і як асобнай групы пры выхадзе жанчыны за яе межы і працы па-за домам, забеспячэння танных (г. зн. дзяржаўных) паслуг па дагляду за дзецьмі (без чаго жаночы ўдзел у грамадскай вытворчасці быў бы немагчымы), арганізацыя грамадскага харчавання і пражывання (гэтыя практыкі ўключаюцца, у той ці іншай форме, ва ўсе праекты перабудовы свету), кантролю над цялеснымі практыкамі і іх наступствамі (гэта і шлюб, і развод, і нежаданая цяжарнасць), асэнсаванне новых падыходаў да цялеснасці (прыгажосці, моды і жаноцкасці) і прапаганды роўнасці ва ўзаемаадносінах палоў.

Манера апранацца — не толькі праяўленне нашых індывідуальных жаданняў і звычак, але і адлюстраванне пэўных сацыяльных рэалій, ідэалагічных і маральных прынцыпаў, якія дамінуюць у грамадстве. Больш за тое, адзенне выступае ў якасці інструмента, пры дапамозе якога “калектыўныя целы” падпарадкоўваюцца сацыяльнаму правілу. Эпоха 1920—30-х гг. з уласцівымі ёй сацыяльна-палітычнымі дыскурсамі і практыкамі ўладных і ідэалагічных структур пакінула свой уласны след у гісторыі адзення і моды. Тое, што мы сёння называем модай unisex, узнікла менавіта тады. Ва ўсялякім выпадку, устаноўка на роўнасць палоў і выхад жанчыны ў публічную прастору прадугледжвала радыкальнае змяненне стыля адзення, прычосак і манер.

Макіяж і адзенне пры савецкім рэжыме мелі ярка выражаны палітычны сэнс. Адзенне савецкіх людзей у 20-я гг., па-першае, мела ў сваёй аснове класавую семантыку. Тыповым можна лічыць пытанне, якое нярэдка гучала на камсамольскіх сходах: “Як павінен апранацца камсамолец і ці магчыма па адзенні вызначыць класавага ворага?” Апроч “скуранкі” — самага распаўсюджанага тавара і сімвала рэвалюцыйнай моды (да 1925 г.) моднымі атрыбутамі адзення жанчын лічыліся чорная спадніца, белая блузка і чырвоная хустка. Па-другое, семіётыка савецкага адзення базавалася на эканоміцы беднасці, калі не сказаць, жабрацтва: адсутнасці грошай, матэрыялаў, разбурэнні ўсёй сістэмы забеспячэння насельніцтва таварамі. Таму аскетызм у адзенні савецкай жанчыны — гэта не толькі і не столькі свядомая класавая пазіцыя, але і сведчанне нястачы самых элементарных рэчаў. Жанчыны імкнуліся выглядаць прыгожа. Аднак гэта было няпроста. У крамах прыгожае адзенне адсутнічала. Тыя, у каго была магчымасць, набывалі тканіну і шылі самі. Касметыкі работніцы практычна не ведалі.

У 30-я гг. савецкая рэклама паказвае, што жанчыне-гераіні “не чуждо” нішто чалавечае і асабліва жаночае — уборы, стыльная прычоска, касметыка, ласункі і прысмакі, новыя віды разнастайных паслуг. Чырвоная хустка рэвалюцыйных часоў была заменена шлемамі лётчыц, фуражкамі трактарыстак, берэтамі; модныя кароткія стрыжкі робяць разнастайнымі сціплыя гладкія прычоскі; камбінезоны і кофтачкі суседнічаюць з белымі халатамі калгасніц і моднымі касцюмамі жанчын-дэпутатаў, дзяўчыны-спартсменкі дэманструюць прыгажосць здаровага моцнага цела, поруч з маладымі гераінямі сустракаюцца пажылыя. Калгасніцы ў сваім знешнім выглядзе раўняюцца на гараджанак. Зразумела, што даступныя ўсе гэтыя перамены былі толькі абмежаванаму колу савецкіх грамадзян, галоўным чынам жаночай “палавіне” новай партыйнай і бюракратычнай наменклатуры.

У 50-60-х гг. можна казаць пра масавы ўдзел жанчыны ў вытворчасці. Тое, што ў перыяд індустрыялізацыі лічылася і ўспрымалася як гераізм, ператварылася ў паўсядзённую практыку. Мэта знішчыць жаноцкасць як “вынік тысячагадовага рабскага становішча жанчыны” уводзілася ў масавую свядомасць праз сціранне знешніх адметнасцей паміж паламі на працы. Жанчыны на вытворчасці насілі мужчынскае адзенне, якое хавала іх фігуры. Кароткія, неахайна зачасаныя валасы, твар без макіяжу і распухлыя ад цяжкай працы рукі сапраўды набліжалі жанчыну да мужчыны. Яна лёгка ўваходзіла ў мужчынскі калектыў і пераймала яго звычкі, манеры паводзін. Жанчыны-кранаўшчыцы, муляры, штукатуры, дворнікі, катальшчыцы асфальту, работніцы, што клалі рэйкі на чыгунцы — сталі візітнаю карткай Савецкага Саюзу. У 1980-х гг., калі Савецкі Саюз быў адкрыты для іншаземцаў, магчымасць убачыць гэтых спрацаваных, старых не па ўзросце жанчын у фуфайках, кірзавых ботах і аранжавых камізэльках, складала значную канкурэнцыю Эрмітажу і Крамлю. Іншаземцы не маглі паверыць, што жанчына можа стаць настолькі роўнай з мужчынам.

Савецкая ўлада разглядала цела як інструмент працы і нараджэння дзяцей. Функцыю асексуалізацыі выконвала бялізна. Французскі акцёр Жерар Філіп, які ў 1955 г. прыехаў у Маскву, быў настолькі ўражаны цёмнымі сінімі панталонамі “з начосам” і баваўнянымі панчохамі, падобнымі на зморшчаны кардон, што скупіў увесь асартымент у ГУМе і арганізаваў у Парыжы выставу “Ці можна закахацца ў жанчыну ў такой бялізне?”. Да 1980-х гг. бялізна ў савецкіх часопісах дэманстравалася ў малюнках.

Раіса Гарбачова, жонка Генеральнага сакратара М.Гарбачова, стала першай публічнай савецкай жанчынай, якая мела элегантны выгляд сапраўднай лэдзі, умела добра трымацца, валодала добрымі манерамі паводзін, чым і выклікала раздражненне і нелюбоў савецкіх жанчын. У 1987 г. брытанскі часопіс назваў яе жанчынай года.

3. Прастытуцыя ў гарадах

Да спецыфічнай сферы паслуг можна аднесці і заняцце прастытуцыяй. Па дадзеным перапісу 1897 г. гэтай прафесіяй зараблялі сабе на жыццё выключна жанчыны, і было іх даволі няшмат. Аднак рэальная колькасць прастытутак у гарадах у 6—7 разоў пераўзыходзіла афіцыйныя лічбы. Так, у Віцебску іх было каля 200—300. Заканадаўча прастытуцыя ў Расійскай імперыі была забаронена. На месцах яна легімітызавалася гарадскім адміністрацыйным правам. Бяспраўнае становішча жанчын, якія займаліся прастытуцыяй, яскрава сведчыла аб юрыдычнай безабароннасці жанчын у Расійскай імперыі. У адпаведнасці з законам, кожны мужчына, захварэлы на венерычнае захворванне, мог паказаць на любую жанчыну як на заразіўшую яго. І гэта жанчына падлягала прымусоваму медыка-паліцэйскаму дагляду. У адносінах да мужчын такіх дзеянняў не праводзілася.

Рэакцыя бальшавісцкай дзяржавы на прастытуцыю спярша вагалася між рэабілітацыйнымі да рэпрэіўнымі падыходамі. У 1920-х гг. пра гэтую праблему пісалі юрысты, медэксперты, грамадскія дзеячы. Прастытуцыя ўспрымалася бальшавікамі як буржуазная спадчына, варожая прынцыпам сацыялістычнага грамадства. У ёй бачыліся “элементы эксплуатацыі і прыгнёту асобы, паразітызму, пагроза распаўсюджвання венерычных захворванняў”. Меркавалася, што з пабудовай новага грамадства прастытуцыя знікне, а перавыхаванне і ёсць адпаведны метад.

Матэрыяльная нястача была асноўнай прычынай, што штурхала жанчын да прастытуцыі. Ускладнялі становішча вялікая колькасць разводаў, неурэгуляваная сістэма выплаты аліментаў, а таксама беспрацоўе, асабліва сярод жанчын, якія калісь рабілі ў якасці прыслугі і страцілі сваю працу праз сацыяльныя катаклізмы. Прастытуцыя была гарадской з’явай, але да яе часта далучаліся дзяўчаты і жанчыны, якія прыехалі з вёскі, прыцягнутыя першай хваляй індустрыялізацыі.

У тэзісах, распрацаваных камісіяй па барацьбе з прастытуцыяй у 1919 г., гаварылася: “Камунізм — магіла прастытуцыі!” Але зараз, у пераходны перыяд, прызнавалася існаванне аб’ектыўных прычын гэтай з’явы: адзіноцтва і незабяспечанасць маладых дзяўчат, іх непадрыхтаванасць да працы, беспрытульнасць; адносіны мужчын да жанчын як да бяздушнага аб’екту фізічнага прыцягнення. Вылучаліся дзве катэгорыі жанчын, што выходзілі на панель: “працоўныя жанчыны, для якіх прастытуцыя была дапаможным заняткам” і “прастытуткі-прафесіяналкі”. Да першых адносіны былі больш мяккімі і спачувальнымі. На іх імкнуліся ўздзейнічаць агітацыяй. Другія ж аб’яўляліся “грамадскімі паразітамі, дэзерцірамі”. Іх вярталі да працы прымусовымі сродкамі, нават змяшчалі ў канцлагеры (лагеры прымусовых работ). У час грамадзянскай вайны і інтэрвенцыі з прастытуткамі змагалася УНК (ВЧК), пазней — міліцыя. Асуджаныя жанчыны перад накіраваннем у лагер аглядаліся, а калі патрабавалася — заставаліся на прымусовае лячэнне ў скура-венералагічным шпіталі. Зняволеныя выконвалі розныя віды працы пры канцлагеры. Частка з іх накіроўвалася на прадпрыемствы горада (без аплаты працы). У студзені 1920 г. Віцебскі губжанаддзел заняўся прафілактычнай работай. На дэлегацкіх і агульных сходах чыталі даклады аб прастытуцыі і сродках барацьбы з ёю.

Асаблівая ўвага надавалася тлумачальнай рабоце сярод чырвонаармейцаў, якія актыўна карысталіся паслугамі прастытутак. У 1919 г. пачалі стварацца ў гарадах Камісіі па барацьбе з прастытуцыяй. Кодэкс 1922 г. дазваляў прыцягваць да крымінальнай адказнасці суценёраў і ўладальнікаў прытонаў. У Віцебску Камісія па барацьбе з прастытуцыяй і нарада пры ёй пачалі дзейнічаць са студзеня 1921 г. Аснову складалі актывісткі жанаддзела. Камісіяй быў адкрыты Дом часовага знаходжання, у які прымаліся ўсе, хто жадаў, “пераважна зусім адзінокія, беспрытульныя як прастытуткі, так і маладыя дзяўчаты, якія стаялі на шляху да прастытуцыі ў выніку матэрыяльна цяжкіх умоў”. Пры Доме была створана навучальна-працоўная школа, у якой 30 дзяўчат навучаліся швейнай справе. Дзяўчаты працавалі для аддзела сацыяльнага забеспячэння, за што і атрымоўвалі паёк па норме інвалідаў і жалаванне, як навучэнцы профтэхнічных школ. І работа давала станоўчыя вынікі. Але ў канцы 1921 г. дом і школа апынуліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Дзяўчыны вымушаны былі хадзіць на працу па чарзе. У іх на 30 чалавек было ўсяго толькі 7 паліто і 10 пар абутку, не хапала бялізны. Гэта, зразумела, змяніла настрой дзяўчат, ускладніла правядзенне агульнакультурнага і палітычнага выхавання.

Тым не менш, установы камісіі пратрымаліся да лістапада 1922 г., калі яны былі зачынены з-за недахопу сродкаў. Такім чынам, дарэвалюцыйная сістэма ўзаемаадносін дзяржавы з інстытутам прастытуцыі, што зводзілася да кантролю і рэгламентацыі, для савецкай улады была непрымальнай. Змяненне дзяржаўнай палітыкі прывяло да таго, што асноўнай формай прастытуцыі стала вулічная, і гэта сфера адыходзіць пад кантроль крымінальнага свету. Барацьба з прастытуцыяй вялася ў двух накірунках: да пачатку 20-я гг. пераважалі карныя сродкі, а пазней больш важнае месца стала займаць прафілактычная праца. Але дамы часовага знаходжання наўрад ці маглі сур’ёзна змяніць становішча, хаця і дапамагалі асобным дзяўчынам, якія вымушана сталі займацца прастытуцыяй, вярнуцца да нармальнага жыцця.

З канца 1920-х гг. можна казаць пра пераход да прымусова-рэпрэсіўных метадаў у барацьбе са сферай секс-паслуг. Савецкае грамадства павінна было быць ачышчана ад “перажыткаў буржуазнага мінулага”, і прастытуткі апынуліся ў катэгорыі “грамадска шкодных элементаў” разам з “кулакамі”, дробнымі гандлярамі, жабракамі, цыганамі і інш. У выніку чыстак 1930-х гг. тысячы людзей, вызначаных як “шкодныя”, у тым ліку і прастытуткі, былі высланы з гарадоў, арыштаваны і сасланы ў лагеры ГУЛАГа. “Большая Советская Энциклопедия” канстатавала, што “у 1930-я гг. прастытуцыя як распаўсюджаная з’ява была ліквідавана”.

У савецкіх гарадах прастытуцыя мела маргінальны характар, але ўсё ж існавала. Ніжэйшую ступень займалі вакзальныя і вулічныя прастытуткі: наркаманкі, алкагалічкі, былыя асуджаныя. Да больш высокай ступені стаялі дзяўчаты з вёсак і гарадскіх пасёлкаў. Вышэйшай кастай былі валютныя прастытуткі. Асаблівасцямі 1960-1980-х гг. было тое, што шмат прастытутак былі адукаванымі жанчынамі, нярэдка прадстаўніцамі шляхетных прафесій: медсёстрамі, настаўніцамі, выхавацелямі. Матывацыяй займацца прастытуцыяй было жаданне прыгожага жыцця ў вялікім горадзе. Гэта была нібы дадатковая работа. Гэтыя жанчыны пражывалі два паралельных жыцця: у адным яны былі добрымі работніцамі, часта маці-адзіночкамі, а нават і жонкамі, а ў другім — прыгажунямі, якія “пражыгалі” свае гады.

4. Праблема эмансіпацыі

Трэба канстатаваць, што сапраўднай эмансіпацыі савецкай жанчыны так і не адбылося. Яна не атрымала свабоды выбару, права рэальна вызначаць свой лёс. Калі да рэвалюцыі ёй навязваліся ролі маці і хатняй гаспадыні, то пазней стала навязвацца сумяшчэнне сямейных і вытворчых роляў, пры практычна поўным выключэнні з працэсу прыняцця рашэнняў. І гэтае навязванне мела не толькі ідэалагічны, але і эканамічны характар: заробная плата ва ўмовах планавай эканомікі мэтанакіравана ўстанаўлівалася на такім узроўні, каб адзін работнік не мог пракарміць сям’ю, і жанчына, нават меўшая малалетніх дзяцей, была вымушана працаваць. На гэта ж была накіравана сістэма сацыяльнага забеспячэння, што базавалася на бесперапынным стажы. Такім чынам, савецкая жанчына замест эмансіпацыі, аб якой марылі феміністкі першых савецкіх урадаў, атрымала трайную і часта непасільную нагрузку, а сама ідэя эмансіпацыі аказалася глыбока скампраметаванай.

Неабходнасць траціць значны час і сілы на хатнія справы і выхаванне дзяцей не дазваляла большасці жанчын на роўных канкураваць з мужчынамі за прэстыжныя і добрааплатныя рабочыя месцы. Складалася ўражанне, што жанчыны “у цэлым” працуюць горш і менш, чым мужчыны, што ў сваю чаргу давала маральнае “апраўданне” так называемай статыстычнай (заснаванай на агульнай тэндэнцыі) дыскрымінацыі жанчын, якая выяўлялася ў больш нізкай аплаце працы, абмежаванні кар’ернага росту, праблемах працаўладкавання. Прывілеяванае становішча на працы замацоўвала ў мужчын усведамленне сваёй перавагі, уяўленне пра сябе як аб больш каштоўных работніках (кармільцах), што ўмацоўвала патрыярхатныя стэрэатыпы ў сям’і, і “дазваляла” патрабаваць ад жанчыны выканання працы па дому і па выхаванні дзяцей. Значным фактарам ва ўзмацненні патрыярхатных стэрэатыпаў прадстаўляецца таксама жудасная дыспрапорцыя палоў, што ўтварылася ў выніку войнаў, рэвалюцый і масавых рэпрэсій, якія закранулі пераважна мужчынскую частку насельніцтва.

У некаторых пакаленнях (напрыклад, 1920—1925 гадоў нараджэння) колькасць жанчын пасля вайны ўдвая перавышала колькасць мужчын. Гэтыя абставіны літаральна разбэсцілі не толькі даваеннае, але і некалькі пасляваенных пакаленняў мужчын, якія мелі багаты выбар нявест як сярод сваіх аднагодак, так і сярод жанчын старэйшага ўзросту. Мужчыны маглі выбіраць сабе жонак, якія пакорліва выконвалі хатнюю працу і ў той жа час уносілі свой уклад у сямейны бюджэт. Эмансіпіраваныя, кар’ернаарыентаваныя жанчыны аказаліся найменш канкурэнтаздольнымі на шлюбным рынку, што прывяло да хуткага адраджэння традыцыйных сямейных каштоўнасцей, але ўжо ва ўмовах усеагульнай занятасці жанчын у вытворчасці.

Жанчыны практычна ніколі не бываюць вольнымі для дзеянняў і рызыкі: на іх ляжыць клопат пра дзяцей, яны звычайна даглядаюць састарэлых бацькоў і іншых сваякоў і г.д. У 1990 г. былі прыняты змяненні, якія вызначалі, што водпуск можа ўзяць любы член сям’і, які здзяйсняе фактычны нагляд за дзіцём. Аднак нават пры прыняцці гэтых змяненняў заўсёды мелася на ўвазе, што водпуск будзе браць маці (што і адбываецца амаль што ў 100 % выпадкаў), бо ў большасці грамадстваў жанчынам надаецца абавязак па наглядзе і выхаванні ў сувязі з іх біялагічнай магчымасцю выношваць дзяцей: сацыяльныя паводзіны разглядаюцца як працягненне біялагічнай уласцівасці. Становішча выглядае наступным чынам: жанчыны (бясплатна, г.зн. дома, у прыватнай сферы) выконваюць неабходную для існавання грамадства працу па рэпрадукцыі, узнаўленні насельніцтва і наглядзе за састарэлымі ці хворымі людзьмі (калі б гэта праца выконвалася па-за межамі дома і за грошы, гэта праца патрабавала б велізарнай часткі дзяржаўнага бюджэта) і аказваюцца “пакаранымі” за гэта ў публічнай сферы адсутнасцю роўных з мужчынамі магчымасцяў прафесійнай рэалізацыі, кар’ернага росту і атрымання даходаў.

Калі статус чалавека залежыць ад яго/яе магчымасці зарабляць, то неабходна прызнаць, што ўклад жанчын сур’ёзна недаацэньваецца. Статыстыка ААН сведчыць, што з агульнага аб’ёму працоўнага часу мужчын у прамыслова развітых краінах дзве трэці ідзе на аплочваемую дзейнасць, адна трэць — на неаплочваемую (праца па дому, дабрачынная дзейнасць). Жанчыны знаходзяцца ў прама супрацьлеглым стане. Іншымі словамі, жанчыны аказваюцца ў падпарадкаванай сацыяльнай пазіцыі толькі таму, што яны жанчыны.

Крытычнае дэмаграфічнае становішча ўяўляе значную небяспеку для эмансіпацыі і прафесійнага станаўлення жанчыны. Простае дэмаграфічнае ўзнаўленне прадугледжвае, што кожная здаровая жанчына павінна нарадзіць у сярэднім траіх дзяцей. Такім чынам, доўгатэрміновыя інтарэсы грамадства знаходзяцца ў прамой супярэчнасці з правам жанчыны самастойна вызначаць свой лёс. Вяртанне жанчны “ў сям’ю“ дазволіла б дзяржаве вырашыць не толькі дэмаграфічныя, але і праблемы занятасці ва ўмовах крызісу і скарачэння колькасці рабочых месцаў. У грамадстве мэтанакіравана насаджаюцца “традыцыйныя”, а па сутнасці патрыярхальныя каштоўнасці, рэгулярна ўзбуджаюцца грамадскія рухі за забарону абортаў і нават сродкаў кантрацэпцыі.

Не менш небяспечным з’яўляецца і тое, што большасць жанчын па-ранейшаму не маюць выбару. З аднаго боку, адраджаецца тып мужчын з добрым заробкам, якія забараняюць жанчынам працаваць. У той жа час, многія жанчыны, добраахвотна альбо вымушана выконваюць усю працу па дому і нагляду за дзецьмі, павінны працаваць не з-за патрэбнасці рэалізаваць свае здольнасці, а ў сілу жорсткай эканамічнай неабходнасці. І жанчыны, якім умовы жыцця і адносіны ў сям’і не дазваляюць скараціць хатнія нагрузкі, часта разглядаюць магчымасць пакінуць працу ў якасці адзіна магчымага выйсця з палажэння. У гэтым выпадку традыцыйныя каштоўнасці, якія ўключаюць “права” патрабаваць ад мужа, каб ён адзінаасобна забяспечыў сям’і прыстойны ўзровень жыцця, становяцца для іх надзейнай псіхалагічнай абаронай. Хто ведае, можа нас чакае чарговы рэнесанс патрыярхату?

Такім чынам, мы атрымоўваем “клас жанчын”, якія мала зарабляюць, а таму гатовы “сядзець дома” і забяспечваць мужчынам, занятым вялікімі справамі, дамашні тыл. Такое раздзяленне працы дазваляе дасягнуць дамінавання ў грамадстве, але (у значнай ступені) пазбаўляе мужчын задавальнення ўдзельнічаць у выхаванні свайго ўласнага дзіцяці (убачыць яго першую ўсмешку, пачуць яго першае слова, навучыць першай літары). І гэта не адзіныя негатыўныя моманты становішча сучаснага мужчыны. Стэрэатыпы паводзінаў, знешняга выгляду, сацыяльнага статуса навязваюцца жанчынам со сродкаў масавай інфармацыі, але тое ж адбываецца і з мужчынамі. Са сродкаў масавай інфармацыі, у рэкламе мы бачым вобраз мужчыны фізічна моцнага, актыўнага, паспяховага ў кар’еры і жыцці, упэўненага ў сабе і сваіх сілах, багатага. Мужчыны, як і жанчыны, вымушаны адпавядаць гэтаму вобразу ці хаця б імкнуцца да яго. Але наколькі кожны мужчына гатовы і хоча быць такім?

Ці ёсць у мужчыны магчымасць аформіць водпуск па нагляду за сваім дзіцём і не страціць свой сацыяльны статус, знайсці разуменне сярод сяброў і бацькоў? Магчымасці жанчыны ў выбары прафесіі абмежаваны, але ці можа мужчына свабодна абіраць спецыяльнасць, ці валодае ён абсалютнай свабодай выбару? Я не ведаю ніводнага мужчыну-настаўніка малодшых класаў альбо мужчыну-выхавацеля ў дзіцячым садзе. Няцяжка ўявіць, наколькі складана хлопцу стаць выхавацелем, нават калі гэта праца і ёсць яго прызванне, і пры гэтым “быць мужчынам” у вачах дзяўчат. Не абаронены правы мужчын і пры разводзе. Каб дзеці па рашэнні суда засталіся з бацькам, маці павінна быць, па меншай меры, наркаманкай і алкагалічкай. Ва ўсіх астатніх выпадках перавагу, фактычна, мае маці. Фемінізм — гэта рух за вызваленне жанчын і мужчын ад навязаных ім роляў. Праблема свабоды выбару, роўнасці актуальна не толькі для жанчын, але і для мужчын.

Савецкі эксперымент эмансіпацыі жанчын пакінуў у многіх з іх пачуццё расчаравання і радражнення. Сапраўды, эмансіпацыя, якая разумелася як вызваленне жанчыны з-пад улады мужчын, якія адводзілі ім падпарадкаванае месца ў сацыяльнай і сямейнай іерархіі, не магла здзейсніцца і не здзейснілася. Рэальнасцю стала з’яўленне ўстойлівага непрыняцця большасцю беларускіх жанчын саміх слоў “эмансіпацыя” і “фемінізм”. Яны сталі асацыіравацца ў іх свядомасці не з вызваленнем, а з жорсткай эксплуатацыяй таннай жаночай працы на вытворчасці і ў сям’і на фоне поўнага выключэння са значных грамадскіх сфер і працэсу прыняцця рашэнняў. Значная колькасць жанчын, атрымаўшы магчымасць выбару, “вяртаецца” дадому, марыць і пры магчымасці аддае перавагу “кар’еры” хатняй гаспадыні пры мужы-кармільцу. У постсавецкім грамадстве фемінізм застаецца “нерэабілітаваным”, а антыфемінізм — агрэсіўны і наступальны.

Адзінкавыя звесткі, якімі беларускае грамадства валодае аб фемінізме, узяты са стэрэатыпаў, што пераходзяць з адной газетнай публікацыі скандальнай хронікі ў другую. Для вялізнай колькасці беларускіх жанчын працягвае заставацца невядомым, што фемінісцкая тэорыя можа быць урадлівай глебай для фармавання альтэнатыўнай культуры, у якой жанчыны з аб’екта палітыкі “другога класу” ператварыліся б у моцную сілу грамадскіх і персанальных зменаў.

Літаратура:

1. Айвазова С.Г. Свобода и равенство советских женщин // Айвазова С.Г. Русские женщины в лабиринте равноправия (Очерки политической теории и истории. Документальные материалы). —М.: РИК Русанова, 1998. —С. 66—99.

2. Воронич Т.В. Белорусская горожанка на рубеже XIX—XX вв. // Актуальные проблемы из исторического прошлого и современности в общественно-гуманитарных и социо-религиоведческих науках Беларуси, ближнего и дальнего зарубежья / Материалы международной научно-теоретической конференции, 19—20 апреля 2007 г.: В 2 ч. / М-во образования Респ. Беларусь. УО “Витеб. гос. ун-т имени П. М. Машерова”; Редкол.: В.А. Космач (гл. ред.) и др. —Витебск, 2007. —Ч. 1. —С. 360—362.

3. Воронич Т.В. Как боролись с проституцией в Витебске на рубеже XIX—XX вв. // Материалы VII Респ. науч. конф. студентов и аспирантов Беларуси (НИРС — 2002): В 3 т. / М-во образования Респ. Беларусь. Учреждение образования “Полоц. гос. ун-т”; Под ред. Ф.И. Пантелеенко. —Новополоцк, 2002. —Т. 1. —С. 14—16.

4. Гапова Е. Между войнами: женский вопрос и национальные проекты в Советской Белоруссии и Западной Беларуси // Гендерные истории Восточной Европы. Мн.: ЕГУ, 2002. С. 100—123.

5. Дулов Анатолий. Метод интервью в историко-феминологическом исследовании (на примере изучения положения женщин Советской Беларуси 1920—1930 годов).

6. Дулов Анатолий. Брак, семья, материнство в государственной политике БССР 1920-х — первой половины 1930-х гг. // Женщины в истории: возможность быть увиденными: Сб. науч. ст. / Под ред. И.Р. Чикаловой. —Мн.: БГПУ, 2004. —Выпуск 3. —308 c. С.128—146.

7. Дунаева И.Н. По результатам социологического исследования: Семья и работа

8. Женщины Беларуси в зеркале эпохи: Национальный отчет / UNDP —Минск: ЮНИПАК, 1997. —125 с.

9. Женщины и мужчины Республики Беларусь. Статистический сборник / Министерство статистики и анализа Республики Беларусь. Минск, 1999.

10. Женщины и мужчины Республики Беларусь. Статистический сборник / Министерство статистики и анализа Республики Беларусь. Минск, 2006.

11. Ирина Чикалова. Белорусские женщины между “общественным” и “частным” в годы советской власти // Иной взгляд № 2.

12. Оксана Кись. Осторожно: сексизм! // http://www.radyjo.net

13. Шыбека З. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Вільня, 2009.

14. Шыбека З. Мінск сто гадоў таму. Мн., 2007.

15. Яковлева Галина, Дулов Анатолий. Из истории женского движения в первые годы советской власти на материале Витебской губернии

16. Ященко О. Гомель у другой палове XIX—XX ст.: гісторыка-этнаграфічны нарыс. Гомель, 1997.

You may also like...