Запіс на “Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Еўрапейскага звязу”
Менскі Еўрапейскі клуб у супрацы з Беларускім Калегіюмам абвяшчае набор слухачоў на публічныя лекцыі “Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Еўрапейскага звязу” (выкладчыкі – Алесь Лагвінец і Вераніка Мазуркевіч).
Курс з’яўляецца першай часткай праграмы “Еўрапейскі звяз: палітыка, эканоміка, культура” у рамках Беларускага Калегіюму.
Мэта курсу – прадставіць дэталёвую карціну палітычных працэсаў і асноўных палітыкаў Еўразвязу, паказаць асноўныя мадэлі і этапы эвалюцыі ЕЗ, развіць у слухачоў навыкі аналізу еўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў. У рамках курса будуць праводзіцца дэбаты і абмеркаванні актуальных пытанняў еўраінтэграцыі.
Запрашаюцца студэнты, маладыя спецыялісты і ўсе, хто зацікаўлены паглыбленым вывучэннем еўрапейскай інтэграцыі. Паспяховыя слухачы атрымаюць сертыфікат Еўраклубу і змогуць разлічваць на рэкамендацыйныя лісты для ўдзелу ў іншых адукацыйных праектах.
Мова выкладання – беларуская (для вывучэння ўсіх матэрыялаў курсу веданне ангельскае мовы пажаданае, але не абавязковае).
Першы занятак адбудзецца 16 лютага (панядзелак) 2015 г. а 18.30.
Просім зацікаўленых асобаў, якія не зарэгістраваліся як удзельнікі праграмы Беларускага Калегіюму, запоўніць рэгістрацыйную форму да дня пачатку заняткаў.