Георгій ГАЛЕНЧАНКА Беларуская культурная традыцыя (Лекцыі 13-15)
Лекцыі № 10-12 можна прачытаць тут.
Лекцыя 13. АДУКАЦЫЯ, УНІВЕРСІТЭТЫ, ПАДАРОЖНІЦТВЫ Ў ХVI—ХVII СТСТ.
План:
1. Свецкая прыватная адукацыя
2. Канфесійныя школы. Віленская акадэмія
3. Падарожніцтвы. Замежныя ўніверсітэты
1. Cвецкая прыватная адукацыя
Рост грамадскіх і саслоўных патрэб абумовілі прыкметныя змены ў шляхецка-магнацкай адукацыі ў Беларусі. Многія паспалітыя шляхецкія і мяшчанскія сем’і сталі практыкаваць розныя формы хатняга навучання. Педагагічныя абавязкі выконвалі простыя дзякі, дробныя шляхцічы, службоўцы, мяшчане, якія бралі на “слушнае вывучэнне” за плату ці адпрацоўку аднаго або некалькіх вучняў. У 1579 г. Марк Іванавіч, службовец падсудка аршанскага, скардзіўся “на Мокарову молярову о том, иж ее сына Прокопа взял был до себе на науку, которого мел так выучыт(ь), яко и сам умеет по-руску и по-полску…”. Пані “молярова” (жонка маляра — мастака), “не ждучы до выученья слушного”, сына “отнела” і за навуку не заплаціла. Сын яе, да таго ж, “не ведат(ь) для чого пограбил” у Марка Іванавіча польскі Новы запавет.
Значная частка шляхты аддавала сваіх дзетак да паноў і магнатаў, спадзеючыся, што там яны засвояць дворскую службу і атрымаюць належную адукацыю. У 1615 г. земянка Ашмянскага павету К.Катоўская перадала свайго старшага ўнука “в ласку и оборону” Крыштофу Радзівілу, каб ён быў “выхован и вытвичон в боязни божой и в науках вызволеных”.
Рознымі шляхамі і адносна рана атрымоўвалі пачатковую адукацыю дзеці царкоўнікаў і паспалітай шляхты, занятай канцылярскімі, судовымі, адміністратыўнымі справамі. Сын пінскага земяніна, гаспадарскага пісара Міхайлы Васілевіча, унук луцкага праваслаўнага епіскапа Хведар Еўлашоўскі пачаў авалодваць “наукою рускою” (беларускай граматай), не маючы пяці гадоў. У дзяцінстве ведаў таксама польскую мову і злёгку разбіраўся ў яўрэйскім пісьме, веды пашыраў на службе ў знаных паноў: “а потом, удавше се на службу, трафяли ми се таке паны, которые ме оборачали до браня поборов и чиненя личб, поразумявши на то з натуры способного”. На той час Еўлашоўскаму не было 18-ці. Пазней ён знаходзіўся на гаспадарскай службе, удзельнічаў у ваенных падзеях 1564 г., а з 1565 выбіраў у Вільні “побор, названый покгловным”. Гэта патрабавала больш дасканалых ведаў па матэматыцы, якія дапамог яму атрымаць віленскі канонік, каралеўскі пісар Ян Макавецкі.
У дамах заможнай шляхты з канца ХV — сярэдзіны ХVI стст. з’яўляюцца не сустраканыя раней прафесійныя настаўнікі, выпускнікі ўніверсітэтаў ці школ сярэдняга ўзроўню. Магістры, бакалаўры, рэктары мясцовых навучальных устаноў служаць пры дварах заможных шляхцічаў, магнатаў, арыстакратыі. Дыпламаваныя педагогі нярэдка працягвалі апекаваць сваіх навучэнцаў і ў гады іхняй далейшай вучобы ў школах, калегіях, універсітэтах, падарожжах за мяжу. Сыноў мінскага кашталяна Яна Глябовіча ў апошнія дзесяцігоддзі XVI ст. навучалі вядомы пісьменнік-палеміст Ян Ласіцкі, нясвіскіх Радзівілаў у першай палове ХVII ст. — “русін” мясцовы ксёндз Ян Аланд і матэматык Освальд Крыгер, знаўца астранамічных прац Мікалая Каперніка. Сына крычаўскага старасты князя Багдана Саламярэцкага ў мястэчку Баркулабава, паблізу ад Магілёва, навучалі ў канцы ХVI — пачатку ХVII стст. вядомыя брацкія педагогі Лаўрэнці Зізаній і Максім (Мялеці) Сматрыцкі. Істрат Іванавіч у пачатку ХVII ст. быў педагогам дзяцей князя Багдана Агінскага ў Вільні, магілёўскі мяшчанін, бакалаўр кіеўскай брацкай школы Ігнаці Іеўлевіч разам з “інспектарам” Паўлам Галадовічам Астрапольскім апекаваўся ў 30-х гадах ХVII ст. сынам і пляменнікам Багдана Статкевіча Любавіцкага. Ад імя сына мсціслаўскага падкаморыя — Міхаіла, студэнта кіеўскага калегіюму, П.Астрапольскі прысвяціў Б.Статкевічу панегірык “Трохвугольнік”, у якім ухваляліся ягоныя шчодрасць і шляхецкія доблесці.
Патрэба сістэматычнай школьнай адукацыі асэнсоўвалася даволі шырокімі слаямі шляхты. У тэстаментах дробных і сярэдніх феадалаў усё часцей запавяшчаюцца фінансавыя сродкі на ўтрыманне і навучанне сыноў у школах, “на выхаванне” і пасаг дочкам. Згодна з запаветам праваслаўнага віцебскага земяніна, земскага суддзі Аляксандра Косава 1641 г., прадугледжваліся на гэтыя мэты прыбыткі з маёнткаў: “кгды вжо тот сын мой, Ян, будучы годен до цвиченя, тогды мают их мет(ь) панове опекунове мои того дозрет(ь), жебы малжонка моя оддала его до школы, даючы ему з маетностей моих Будовеста и Голеди всякую живност(ь)”.
Беларускія феадалы прымаюць больш актыўны ўдзел у зарганізаванні мясцовых школ, калегій, у забеспячэнні іх сродкамі і ўладаннямі. Нагадаем “фундушы” гетмана ВКЛ Хадкевіча на школьных настаўнікаў, чачэрскага старасты Крыштофа Зяновіча на школы ў Смаргоні і Глыбокім ды інш. На патрабаванні часу па-свойму адгукнуліся царкоўныя інстытуцыі.
2. Канфесійныя школы. Віленская акадэмія
З сярэдзіны ХVI ст. у Беларусі і Літве сталі ўзнікаць новыя і паволі абнаўляцца старыя канфесійныя сістэмы пачатковых навучальных устаноў. Пад апекаваннем праваслаўнага духавенства знаходзілася традыцыйная сістэма школьнай адукацыі. У крыніцах ХVI—ХVII стст. не захавалася звестак пра колькасць праваслаўных школ пры сельскіх, местачковых і гарадскіх цэрквах. Агульны лік цэркваў у межах уніяцкай мітраполіі ўпершыню пададзены ў пасланні папскага нунцыя К.Торэса на пачатку 1620-х гадоў: 2169 уніяцкіх і 1089 праваслаўных храмаў. У ХVI ст., калі давяраць гэтым лічбам, праваслаўных цэркваў у Беларусі і на Ўкраіне, верагодна, было не менш за 2 тыс. Шмат пры якіх цэрквах напэўна існавалі школы, і найбольш буйныя, з мноствам настаўнікаў, дзейнічалі пры саборных храмах.
Праграма навучання і метады педагогікі ў праваслаўных школах мяняліся марудна, асноўнымі навучальнымі дапаможнікамі заставаліся Псалтыр, Часасловец, азбука (буквар), пасля адпаведнай падрыхтоўкі — і іншыя літургічныя, вучыцельныя, чэцці-кнігі. Духоўная ярархія не рабіла асаблівых высілкаў дзеля пабольшання колькасці школ, змены навучальных праграм, эфектыўнага навучання “прыражонай рускай” і славянскай мовам. Дзейнасць пастыраў востра крытыкавалася знакамітымі прадстаўнікамі беларускай культуры, асветы, палемічнай (асабліва рэфармацыйнай) пісьменнасці. “А на остаток, што может быти жалоснейшая — пісаў Васіль Цяпінскі ў прадмове да Евангелля, — што шкарадша, иж и тые, што се межи ними зовут духовными и учители, смеле мовлю, намней его не вмеют (беларускага “языка” — Г.Г.), намней его вырозуменя не знают, ани се в нем цвичат, але и ани школы ку науце его нигде не мают, зачим в польские, або в иные писма за такою неволею немало и у себе и дети, не без встыду своего, бы се одно почули, немалого заправуют”.
Недастатковы ўзровень развіцця традыцыйнай школьнай адукацыі ў Беларусі стаў асабліва відочным з распаўсюджаннем рэфармацыйных рухаў у ВКЛ, а крыху пазней — з ростам контррэфармацыйных тэндэнцый. Тут значна шырэй выкарыстоўваліся вопыт еўрапейскай педагогікі, розныя формы і ўзроўні школьнай адукацыі.
Цяжка ацаніць стан каталіцкай сістэмы адукацыі ў Беларусі да пераўтварэнняў, пачатых руплівымі дзеячамі езуіцкага Ордэна ў апошняй трэці ХVI ст. Ужо статут віленскага біскупства, прыняты на сінодзе 1526 г., прадугледжваў зарганізаванне школ ува ўсіх парафіяльных касцёлах. У межах ВКЛ сярэдзіны ХVI ст. іх налічвалася 259. У так званых рускіх паветах, са зменшаных, на наш погляд, падлікаў Е.Ахманьскага, — 99. Сінадальная пастанова не дачакалася свайго рэальнага ўвасаблення, ува ўсякім разе, — у прадугледжаных маштабах. Скаргі на недахоп кліру, які мог бы несці святло веры і школьнай асветы літоўцам і “схізматыкам” (праваслаўным), былі амаль рытуальнымі ў перапісцы віленскіх біскупаў з гнезненскай і рымскай ярархіямі. Моцныя пазіцыі ў ВКЛ здаўна захоўвала сталічная кафедральная школа. Не выключана, што тут атрымаў веды ў лацінскай мове Францыск Скарына.
У 30—50-х гадах ХVI ст. у ВКЛ пачалі ўзнікаць рэфармацыйныя школы. Першыя з іх былі ўтвораны ў Вільні, дзе раней, чым у іншых гарадах ВКЛ, сталі адчувацца подыхі Рэфармацыі. У 1539 г. тут была адкрыта евангелісцкая школа сярэдняга ўзроўню (кшталту калегіюму), якую ўзначаліў Аўрам Кульва, вядомы літоўскі гуманіст, асветнік, доктар права, пазней прафесар Кёнігсберскага ўніверсітэту. У 1542 г. школа была закрыта з патрабавання віленскага біскупа і вярхоўнай улады.
Распаўсюджанне новых рухаў у ВКЛ у трэцяй чвэрці ХVI ст. прывяло да ўзнікнення рэфармацыйнай (пераважна кальвінісцкай) царквы і фармавання адпаведнай сістэмы адукацыі ды асветы. Рэфармацыйныя суполкі (зборы) узнікалі пераважна ў заходніх і часткова цэнтральных паветах Беларусі, дзе размяшчаліся значныя ўладанні Радзівілаў і іншых паноў і магнатаў, якія падтрымлівалі Рэфармацыю. Удзельная вага літоўскай і польскай шляхты ў гэтым рэгіёне Беларусі была істотна вышэйшай, чым у аддаленых землях. Натуральна, што пратэстанцкія школы ў параўнанні з праваслаўнымі вылучаліся большай шырынёй этнічнай прыналежнасці вучняў. Уздым Рэфармацыі ў ВКЛ у сярэдзіне XVI cт. і паступовае сыходжанне яе з гістарычнае арэны паўплывалі на прадстаўніцтва беларускай шляхты і мяшчанства (у меншай ступені) у пратэстанцкіх школах.
Навучальным і педагагічным узроўнямі (аб’ём адукацыі, методыка навучання, свецкія і гуманістычныя тэндэнцыі, веданне замежных моў) асобныя рэфармацыйныя школы не саступалі лепшым еўрапейскім установам. У 80-х гадах ХVI ст. слыннаю была арыянская школа ў Іўі — пад кіраўніцтвам блізкага сябра Сымона Буднага Яна Ліцініуса, а з другой чвэрці ХVII ст. — кальвінісцкая гімназія ў радзівілаўскім Слуцку начале з рэктарам Адамам Рэйнгольдам. У дзейнасці кальвінісцкіх навучальных устаноў у Беларусі, развіцці рэфармацыйных літаратуры, пісьменнасці, кнігавыдавецтваў асабліва выразна выявіліся ўплывы еўрапейскага і дзяржаўна-рэгіянальнага (беларуска-літоўскага) Адраджэння.
Пераемнік Радзівіла Чорнага на пасадзе віленскага ваяводы Мікалай Радзівіл Руды, падканцлер Астафій Валовіч, Ян Кішка і іншыя ўплывовыя і адукаваныя магнаты першымі падтрымалі ідэю стварэння рэфармацыйнага ўніверсітэту ў Вільні. Але з недахопу сродкаў і супраціву прыхільнікаў Контррэфармацыі, выступілых са сваім планам зарганізавання Акадэміі, яна не была рэалізавана. З канца 60-х гадоў ХVI ст. актыўныя захады да рэфармавання і пашырэння школьнай адукацыі ў Беларусі і Літве стаў чыніць езуіцкі Ордэн. Пад ягоным патранатам на гэтых землях ствараюцца навучальныя ўстановы сярэдняга ўзроўню — калегіюмы. Першы з іх, заснаваны ў Вільні ў 1570 г. Праз дзевяць гадоў ён атрымаў статус універсітэту.
Структура Акадэміі была тыповай для тых еўрапейскіх універсітэтаў, што ствараліся пад эгідай езуітаў. Кіраванне было цэнтралізаваным, і сама Альма матэр у гэтым сэнсе нічым не нагадвала самастойных сярэдневечных універсітэтаў з іхнымі аўтаноміяй, выбарнасцю рэктараў і іншымі прывілеямі, дзякуючы якім яны пераўтвараліся ў малыя рэспублікі.
Акрамя асноўнай лацінскай мовы з пашыранай праграмай, тут вывучаліся грэцкая, больш абмежавана — “руская”, нямецкая. У ніжшых класах і школьных імпрэзах выкарыстоўвалася і польская мова. Тэрмін вучобы — 7 гадоў.
Філасофскі факультэт меў дзве кафедры — філасофіі і матэматыкі, тэалагічны — 6 кафедр: тэалогіі, схаластыкі, маралі, палемікі, Св.Пісання і яўрэйскай мовы. З 1599 г. у Акадэміі дзейнічала агульнаеўрапейская праграма адукацыі, распрацаваная езуіцкім Ордэнам, — Ratio studiorum. У ХVII ст. былі заснаваны яшчэ прававы і медычны факультэты.
Віленская акадэмія была цэнтральным звяном езуіцкай і ўвогуле каталіцкай сістэмы адукацыі ў ВКЛ. Большая частка шляхты і мяшчанства, якія вучыліся ў Акадэміі, не імкнуліся да духоўнай кар’еры. Іхняя адукацыя зазвычай абмяжоўвалася курсамі навучання на факультэце гуманітарных навук.
У 1569 г. універсітэт наведвалі каля 60 вучняў, а на афіцыйным адкрыцці 15 кастрычніка 1570 г. прысутнічала ўжо 160. Гуманістычныя студыі з 90-х гадоў наведвалі 500—700 маладых людзей, а ў першай палове ХVII ст. — штогод больш за 800 студэнтаў. Колькасць слухачоў філасофскага факультэту вагалася паміж лічбамі 50—200, тэалагічнага — дасягала некалькіх дзясяткаў. Пры тэалагічным факультэце дзейнічалі два семінарыюмы — папскі і дыецэзыяльны (для біскупстваў ВКЛ). Алюмнамі першага былі беларусы, літоўцы, радзей — англічане, швейцарцы, датчане, немцы, італьянцы, венгры, скандынавы, “маскавіты”, татары; другога — пераважна літоўцы.
Нажаль, матрыкулы віленскай Акадэміі ХVI—XVII стст. не захаваліся або не знойдзены, таму немагчыма ўдакладніць этна-тэрытарыяльнае прадстаўніцтва студэнтаў. Затое можна ўявіць, які рэальны ўдзел у дзейнасці і забеспячэнні першага ўніверсітэту ВКЛ прымалі магнаты, духоўныя асобы. Галоўнае месца паўнапраўна належыць роду Сапегаў. Тут паслядоўна навучаліся некалькі пакаленняў, у т.л. два сыны канцлера ВКЛ Льва Сапегі — Ян і Казімір Леон Сапега, а таксама першы прадстаўнік гэтага знакамітага роду, які прыняў духоўны сан, — Аляксандар Сапега (нарадзіўся ў 1624 г.).
Вялікія фінансавыя і іншыя дарункі Акадэміі зроблены Львом Сапегам, але найбольш буйныя фундаванні зрабіў ягоны малодшы бяздзетны сын — падканцлер Казімір Леон Сапега. Ужо ў 1644 г. ён выдаткаваў сродкі для зарганізавання юрыдычнага факультэту з асобнай кафедрай. У фундацыйным акце запісана сума 12500 злотых на ўтрыманне двух прафесараў царкоўнага і свецкага права, і працэнты з 25 тыс. — на дадатковую аплату свецкіх юрыстаў. Пазней Сапега часткова змяніў умовы: замест другой квоты ён падараваў Акадэміі свой спадчынны маёнтак Пачаявічы ў Аршанскім павеце, які ахопліваў 16 вёсак і частку г.Лукомлю (агульны гадавы прыбытак з гэтых уладанняў — 16 тыс. злотых). Яшчэ адзін беларускі род, моцна знітаваны з універсітэтам, — Корсакі. У пачатку ХVII ст. тут, верагодна, вучыліся Сямён і Восіп, трохі пазней — Ян Караль, у 1622 г. — Казімір, Фабіян і Яронім Корсакі, а ў 1642 г. — Даніэль Корсак.
У 1618 г. земскі суддзя Ашмянскага павету Ян Мікалаевіч Корсак заснаваў бурсу (інтэрнат) для студэнтаў Акадэміі, аддаўшы на яе ўтрыманне маёнтак Ясаў і права на рыбную лоўлю ў возеры Нарач. З умоваў тэстаменту Корсака бурса прызначалася для пражывання 20 бедных студэнтаў, у т.л. “фаміліі нашай — карсакоўскай”.
Значны дар на іншую — Валерыянаўскую бурсу — памеру 1 тыс. коп грошаў літоўскіх зрабіў у пачатку ХVII ст. пан Іван Мялешка, уладальнік Жыровіч.
З 1583 г., калі пачалі прысуджацца вучоныя ступені, да 1650 г. улучна, у рэгістрацыйную кнігу ўніверсітэту занесены звесткі аб 52 дактарах і ліцэнцыятах тэалогіі, 40 магістрах філасофіі і вольных навук (арціум), у т.л. аб 8 “літвінах” і “русінах”, выхадцах з Беларусі. Сярод апошніх варта згадаць Афанасія Еранімавіча Цехановіча, прамоцыя 1605 г., пазней земскага суддзю ў Смаленску, сакратара каралеўскай канцылярыі, навагародскага кашталяніча Яна Караля Копця, пазней — берасцейскага старасту і полацкага ваяводу.
Значна больш беларускіх шляхцічаў і мяшчан атрымалі ступень бакалаўра на факультэце філасофіі. Праўда, рэгістрацыйная кніга лаўрэатаў — “Laureae academicae” — не пазначае іхняга этнічнага паходжання (“natio”). У 1630—1640-х гадах ступень бакалаўра атрымалі Іван Лаўрыновіч, Аляксандар Козел Паклеўскі, Данііл Пракаповіч, Іван Сафрановіч і іншыя — ураджэнцы, відаць, тагачаснай Беларусі.
Езуіцкія дзеячы адзначалі практычны падыход мясцовага насельніцтва да навучання ў віленскай Акадэміі. “Большасць бедных русінаў — пісаў А.Пасевіна ў 1581 г. — абіраюць тыя навукі, якія падаюцца ім прыгоднымі для вядзення прыватных спраў, больш заможныя таксама не схільны прысвячаць свае працы боскім замыслам”. Узровень адукацыі ў Віленскай акадэміі быў высокі нават у параўнанні з заходнееўрапейскімі ўзорамі. Пра гэта сведчаць перапіска віленскіх прафесараў і езуітаў з Рымам, вынікі рэвізій, устойлівыя аб’ёмы фрэквенцыі. Ускосна пра ўзровень адукацыі можна меркаваць з энергічнай дзейнасці Акадэміцкай друкарні і актыўнага ўдзелу выпускнікоў у царкоўным, дзяржаўным і грамадскім жыцці ВКЛ. Некаторыя вучні Акадэміі, у т.л. Максім (Мялеці) Сматрыцкі, праславіліся пазней як царкоўныя дзеячы, вядучыя аўтары палемічных і вучэбных выданняў, настаўнічалі ў брацкіх школах. Агульныя вынікі навучальна-місіянерскай дзейнасці ўніверсітэту ў канцы ХVI — першай палове ХVII стст. былі відочнымі. У Акадэмію ахвотна прымаліся “іншаверцы” і “схізматыкі”, нават варожыя да католікаў. Большая частка з іх потым змяняла свае погляды. Зразумела, не толькі педагагічнае майстэрства і духоўнае апекаванне езуітаў адбіваліся на гэтай канверсіі. Кардынальна ўплывалі змены грамадска-палітычных умоў пасля Люблінскай уніі і манапольны статус каталіцызму як фактычна адзінай дзяржаўнай канфесіі паноўных вярхоў Рэчы Паспалітай.
Усяго ў Віленскім універсітэце з 1579 г. да сярэдзіны ХVII ст. вучыліся студэнты больш чым 60 вядомых беларускіх шляхецкіх родаў: Вяжэвічы, Гарабурды, Глябовічы, Галоўні, Копці, Корсакі, Мялешкі, Пятровічы, Радзівілы, Руцкія, Сапегі, Сялявы, Скуміновічы, Трызны, Туры, Тышкевічы, Халецкія, Храптовічы, Чыжы, Яцынічы і інш. З тытулаванай знаці — князі Агінскія, Друцкія-Горскія, Крошынскія, Палубінскія, Саколінскія.
Мясцовыя ўраджэнцы абсалютна пераважалі ў езуіцкіх калегіюмах, створаных у канцы ХVI — сярэдзіне ХVII стст. у Берасці, Віцебску, Гародні, Нясвіжы, Воршы, Пінску, Полацку. Сярод настаўнікаў было больш чужаземцаў — палякаў, італьянцаў, шведаў, немцаў. Нярэдка яны суправаджалі сваіх выхаванцаў у вандраваннях за мяжой і наведанні іншаземных школ і ўніверсітэтаў.
3. Падарожніцтвы. Замежныя ўніверсітэты
Права наведання “инших паньств хрестиянских, кроме земль неприятельских”, запісана ўжо ў першым Статуце ВКЛ. Яно мае шырокасаслоўны характар — для абывацеляў “всякого стану”. Мяркуючы з канкрэтнага зместу гэтых артыкулаў, бачна, што маюцца на ўвазе, перш за ўсё, “вольности” і патрэбы прывілеяваных слаёў грамадства. Згаданая прававая норма ў другой палове ХVI ст. была істотна пашырана. Калі ў Статуце 1529 г. азначана, што падарожніцтвы за мяжу ўчыняюцца дзеля “набытя лепшого щастья своего и навченя учинков рыцерских”, то Статуты 1566 і 1588 гг. прадугледжвалі ўжо тры асноўныя мэты: агульнаадукацыйную, азнаямленчую з рыцарскім вайсковым майстэрствам, лекавальную: “абы княжата и панове хоруговные, шляхта и кождый чоловек рицерский и всякого стану того паньства Великого князства Литовского мели вольность и моц выехати и выйти с тых земль наших Великого князства для набытья наук, в писме цвиченья и учинков рыцерских и теж, будучи наспособого здоровья своего, для лекарств, до всяких земль и сторон кромя земль неприятелей наших, с ким бы тое панство нашо на он час вальчило…”
Універсітэцкая адукацыя за мяжой стала прыкметна прыцягваць увагу інтэлектуальных і прывілеяваных колаў ВКЛ з часоў першага заснавання Кракаўскага ўніверсітэту. Ужо тады адна з асноўных мэтаў новай інстытуцыі прадугледжвала падрыхтоўку духоўных і адміністратыўных кадраў для разнастайных патрэб ВКЛ. “Літвінскія” калегія і бурса ў канцы ХIV ст. былі створаны ў Кракаве і пры Карлавым універсітэце ў Празе (фундуш каралевы Ядзвігі). Пашырэнне знешніх сувязяў і распаўсюджанне заходнееўрапейскіх форм жыцця і побыту ў асяроддзі паноў і магнатаў, таксама як і ўзрастанне гаспадарчай і культурнай актыўнасці шляхты і мяшчанства, мелі за вынік рост замежных падарожніцтваў, а таксама агульнай колькасці беларускіх і літоўскіх студэнтаў у цэнтральна- і заходнееўрапейскіх Alma мater.
Да ўзнікнення Кёнігсберскага ўніверсітэту ў 1544 г. Кракаўская акадэмія заставалася адзіным цэнтрам вышэйшай адукацыі ў дынастычнай супольнасці Польшчы і ВКЛ. На ўсход ад яе ніякіх універсітэтаў да 1579 г. не існавала. Мяркуючы з упісных пазнак у матрыкулах, у 1501—1550 гг. у Кракаўскі ўніверсітэт паступілі 163 ліцвіны (па дзесяцігоддзях: 27, 32, 26, 52, 26), у 1551—1600 гг. — 54 (16, 10, 10, 8, 10) — усяго 217 студэнтаў. У працэнтных суадносінах да колькасці ўсіх студэнтаў — 1,1%. Рэзкае паніжэнне фрэквенцыі ліцвінаў у Кракаве ў другой палове ХVI ст. было выклікана развіццём рэфармацыйных рухаў у ВКЛ і адкрыццём універсітэтаў у Кёнігсбергу і Вільні. Адбіліся на адукацыйных працэсах, вядома, і пэўнае абвастрэнне адносін у ВКЛ пасля Люблінскай і Берасцейскай уній 1569 і 1596 гг., і перманентная мабілізацыя шляхты за часам Інфлянцкай вайны.
У Кёнігсберскі ўніверсітэт да Люблінскай уніі ўлучна запісаліся 66 ліцвінаў (3% складу). Да канца ХVI ст. — яшчэ 119.
На прадстаўніцтва беларускіх і літоўскіх студэнтаў у замежных універсітэтах у другой палове ХVI—ХVII стст. прыкметна паўплывалі рэфармацыйныя рухі ў ВКЛ. Шмат якім напросткам Рэфармацыі быў характэрны ўстойлівы піэтэт да розных заходнееўрапейскіх цэнтраў адукацыі з іхнімі аўтарытэтнымі ідэолагамі, хатнімі і іншымі школамі, гімназіямі, універсітэтамі. Большасць пратэстанцкіх навучальных устаноў, якія прываблівалі беларускіх шляхцічаў і магнатаў, знаходзіліся ў Швейцарыі, Нідэрландах, нямецкіх княствах. З 1551 да 1568 г. у ”айчынны” Кёнігсберскі і больш далёкія ўніверсітэты ў Лейпцыгу, Цюбінгене, Вітэнбергу, Базэлі, Франкфурце на Одэры запісаўся, са звестак матрыкулаў, адпаведна 45, 28, 27, 15, 11, 5 — агулам 131 студэнт з Беларусі і Літвы. Перавагу пратэстанцкім універсітэтам у 70—80-х гадах на сыходнай ужо хвалі Рэфармацыі аддавалі прадстаўнікі большасці “літвінскіх” сенатарскіх родаў Рэчы Паспалітай. У апошнім дзесяцігоддзі ХVI ст. узрасла колькасць іматрыкуляцый за межамі Рэчы Паспалітай пераважна ў італьянскіх універсітэтах (Падуя, Балоння, Рым). З пачатку ХVII ст. (асабліва выразна — з другога дзесяцігоддзя) фрэквенцыя ліцвінаў у каталіцкіх універсітэтах шматкротна перавышае колькасць іх у пратэстанцкіх акадэміях. У 1551—1640 гадах замежныя еўрапейскія ўніверсітэты (улучаючы Кракаў і Кёнігсберг) наведвалі прадстаўнікі 24 з 25 сенатарскіх родаў беларускай арыстакратыі (адсутнічаюць звесткі пра род Гайкаў).
Большасць ліцвінаў паступала на філасофскія факультэты. Узровень навучання шмат у чым залежаў ад духоўнай атмасферы асобных краін і ўніверсітэтаў, ад таго, як выразна выяўляліся ў іх гуманістычныя і рэнесансавыя тэндэнцыі, ад асабістых талентаў педагогаў. Некаторыя знакамітыя прафесары, заснавальнікі новых гуманістычных рухаў, педагагічных навацый прываблівалі замежных студэнтаў не менш, чым старыя муры Сарбоны.
Беларускія паны і магнаты зазвычай уладкоўвалі сваіх сыноў у тыя ўніверсітэты, дзе, акрамя лаціны, добра навучалі распаўсюджаным еўрапейскім мовам, палітычным дысцыплінам, свецкаму праву, рыторыцы, класічнай філалогіі. Многія беларускія арыстакраты не заканчвалі ўніверсітэтаў, абмяжоўваючы сваю адукацыю праслухоўваннем некаторых найбольш патрэбных і практычных курсаў. Прагалы ў такой адукацыі зазвычай “зацыроўвалі” прыватныя педагогі, што суправаджалі арыстакратычную моладзь і сістэматычна рабілі справаздачы пра ейныя поспехі ў пасланнях на Айчыну.
Больш адказна і зацікаўлена ставіліся да вучобы сярэдняя і дробная шляхта, выхадцы з мяшчанскага і духоўнага асяродку. Поўная ўніверсітэцкая адукацыя адкрывала пэўныя перспектывы дваровай, адміністратыўнай, царкоўнай кар’еры. Менавіта з гэтых слаёў паходзіць большасць уладальнікаў навуковых ступеняў бакалаўраў, магістраў, дактароў арціум і інш.
Другой мэтай падарожніцтваў за мяжу было, як азначана ў Статутах, дасканаленне ў вайсковых і рыцарскіх справах. Зразумела, гэтая “вольнасць” датычылася толькі прадстаўнікоў прывілеяванага стану. Яны знаёміліся з фартыфікацыйным дойлідствам, з метадамі аблогі і палявых боек, нярэдка бралі ўдзел у вайсковых дзеяннях. 23 студзеня 1596 г. Януш Радзівіл пісаў з Базэлю свайму бацьку, што хацеў бы бліжэй азнаёміцца з вайсковым майстэрствам французаў і прасіў прыслаць дарункам каралеўскаму маршалу барону Шарлю дэ Гонта якую-небудзь вытанчаную і аздобленую зброю — кончар або палаш. Ягоныя лісты 1596—1601 гадоў поўныя падрабязных звестак пра палітычнае становішча ў Францыі, Іспаніі, Англіі, Германіі, Венгрыі, Чэхіі і іншых краінах, пра ваенныя падзеі, важныя парламенцкія выступленні. У 1596 г. ён паслаў бацьку прамову францускага караля ў перакладзе на польскую мову і кнігу пра новую рыцарскую Акадэмію ў Парыжы. Феадальная знаць Еўропы магла вучыцца тут вершніцтву, фехтаванню, іншым рыцарскім і прыдворным умельствам. Таксама зацікаўлялі магнатаў мастацкія калекцыі старажытнай зброі, асабліва багаты збор у “скарбцы” князёў саскіх у Дрэздэне.
Магнатаў ВКЛ заўсёды суправаджалі нямала шляхцічаў і слуг. Карыстаючыся выпадкам або папросту з сваіх абавязкаў, некаторыя з іх наведвалі ўніверсітэты разам з “панічамі” і нярэдка вызначаліся большай руплівасцю ў навуках. У магнацкіх картэжах — “аршаках” Радзівілаў, Сапегаў, Кішак, Глябовічаў удзельнічалі Ян Агінскі, Ян Друцкі-Саколінскі, Даніэль Набароўскі, Саламон Рысінскі, Аляксандар Трызна, Ян Цадроўскі і іншыя шляхцічы, знакамітыя пазней вайсковай, палітычнай або літаратурнай дзейнасцю. Пакаёвыя пісары Мікалая Крыштофа Радзівіла на пачатку ХVII cт. рэгулярна выпраўлялі з Нясвіжу ягоныя павучальныя пасланні Масальскаму і С.Струбічу — апекунам маладых нясвіскіх князёў у падарожжах у Аўгсбург, Дылінген, Ульм, Інгальштат, Рым, Неапаль.
Пераважна багатая шляхта, высокія службоўцы, радзей — асобныя прадстаўнікі гарадскога патрыцыяту наведвалі замежныя краіны дзеля лекавання. Асабліва папулярнымі былі курорты ў Чэхіі, Італіі, нямецкіх княствах. У 1580 г. “для паратавання” здароўя выправіўся да заморскіх “цяпліц” стары Міхаіл Іванавіч Багавіцінавіч. У 1596 г. у міфалагічным Герцынскім лесе, між Дунаю і Рэйну, прымалі серныя ванны Юры і Януш Радзівілы. Для асоб, якія займалі важныя дзяржаўныя пасады, ад’езд за мяжу іншы раз ускладняўся. У 1616 г. толькі вальны сойм Рэчы Паспалітай дазволіў земскаму падскарбію пісару ВКЛ Ярашу Валовічу часова вызваліцца ад абавязкаў у сувязі з патрэбай лекавання далёка ад дому.
Статуты ВКЛ не ўтрымлівалі азнак пра замежныя паездкі з царкоўна-рэлігійнымі мэтамі. Гэта было выключнай з’явай. Найбольш вядомае доўгае падарожжа князя на Олыцы і Нясвіжы Мікалая Крыштофа Радзівіла на Блізкі Ўсход у 1582—1585 гадах. Нясвіскі князь Ян Альбрэхт Радзівіл за год да смерці пабачыў труну св. Францыска ў Асізы. Беларускія вандроўнікі, патрапляючы па справах у Кіеў, пакланяліся святыням у Кіева-Пячорскай Лаўры. Зусім рэдка ўчыняліся паломніцкія падарожжы да праваслаўных манастыроў на Афоне.
Універсітэцкая адукацыя і падарожжы спрыялі пашырэнню грамадска-палітычнага і навуковага светагляду магнатаў, родавай арыстакратыі, прагрэсіўных слаёў шляхты, былі важным сродкам саслоўнага выхавання і навучання. Вандроўнікі нярэдка наладжвалі сяброўскія стасункі з мясцовай знаццю, вывучалі метады дзяржаўнага кіравання, вайсковую справу, знаёміліся з мастацтвам, архітэктурай, навуковымі дасягненнямі, побытам і традыцыямі паспалітага насельніцтва. З выказвання вядомага ў XVI ст. базэльскага медыка К.Богена, князі Радзівілы штодзённа праводзілі па 4 гадзіны ў анатамічным тэатры, назіраючы працэдуру ўскрыцця мужчынскіх трупаў. У 1609 г. сын віцебскага ваяводы пісаў Льву Сапегу, што ён вывучае ў Парыжы стылістыку, этыку, палітыку, юрыспрудэнцыю, а пасля абеду займаецца рыцарскімі “экзерцыцыямі”. Ён паведамляў, што наняў спецыялістаў для будаўнічых работ у Рэчы Паспалітай.
Нямала аддавалася часу забавам і амурным справам, пра што рэдка паведамлялася на радзіму. Часцей апісваліся стайні, пароды коней, банкеты. Знаныя падарожнікі ўдзельнічалі ў балях, паляваннях, турнірах мясцовай знаці, аглядалі абарончыя валы, замкі, гатычныя касцёлы і інш. Вялікая колькасьць знаных князёў і паноў — Сапегі, Радзівілы, Кішка і іншыя — прысутнічала на пышнай тэатральнай імпрэзе, наладжанай на гонар каралевіча Ўладзіслава ў Фларэнцыі: “Уратаванне Ругера з вострава Альцыны” па лібрэта Ф.Сарацынелі.
Паездкі за мяжу, урэшце рэшт, знаёмілі з агульнай культурнай і грамадскай сітуацыяй. Духоўная культура, грамадскае жыццё ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе другой паловы ХVI — пачатку ХVII ст. былі прасякнуты сацыяльнымі, палітычнымі, царкоўна-рэлігійнымі кантрастамі, шмат дзе трыюмфавала Контррэфармацыя, жорстка ўдушаліся апазіцыйныя выступленні, ерасі, пераследаваліся іншаверцы, “ведзьмы”. Войны і канфесійныя разлады саслаблялі і спустошвалі многія краіны.
Доўгае знаходжанне за мяжой, бяспрэчна, спрыяла фармаванню агульнаеўрапейскіх поглядаў пэўнай часткі беларускай знаці, але разам з тым пад уплывам некаторых еўрапейскіх рэалій сталі распаўсюджвацца ксенафобскія тэндэнцыі, пачалі ідэалізавацца асобныя традыцыі замкнёнага побыту. У шляхетнай сармацкай публіцыстыцы нярэдка ўхваляліся строгае хатняе выхаванне, абмежаваная адукацыя.
Тым ня менш фактам ёсць тое, што многія прадстаўнікі дзяржаўнай і царкоўнай ярархіяў ВКЛ, у т.л. усе каталіцкія біскупы, значная частка каталіцкага, рэфармацыйнага, вышняга ўніяцкага, праваслаўнага духавенства атрымалі ўніверсітэцкую адукацыю. Яе мелі ўсе вялікія гетманы ВКЛ другой паловы ХVI — сярэдзіны ХVII стст. (Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі), канцлеры, падканцлеры, амаль усе сакратары і пісары гаспадарскай канцылярыі ў Вільні, шмат хто з суддзяў, сябраў камісій па дапаўненнях і папраўках у Статуты, пісьменнікі-палемісты, юрысты і інш. Сучаснікі, асабліва магнаты і заможная шляхта, высока ацэньвалі еўрапейскую адукацыю. Паказальна, што многія ліцвіны яшчэ на Айчыне былі дастаткова падрыхтаваны да паспяховай вучобы ў замежжы. Добры прыклад тут — віленскі ваявода, уладар Дуброўны і Заслаўя Юры Глябовіч, які ў адукаваных універсітэцкіх, дзяржаўных і дыпламатычных колах меў добрую славу. Венскія філосафы ўшанавалі яго ў сваім выданні найменнем “Decus Sarmaciae” (Гонар Сарматыі), а кракаўская Акадэмія, “калі да айчынных завітаў парогаў”, надала тытул — Gloria Lituaniae.
Універсітэцкая адукацыя дазволіла беларускім феадалам прыняць актыўны ўдзел у фармаванні палітычных дактрын, прававых канцэпцый, заканадаўчым афармленні і замацаванні асноў саслоўна-прадстаўнічага ладу, у соймавай і дыпламатычнай дзейнасці. Слабей, праўда, праглядаецца ўдзел беларускай шляхты ў развіцці “вольных” і прыродазнаўчых навук, дзе больш адчувальнай была роля адукаваных слаёў гарадскога паспольства.
Літаратура
1. АВАК. Т. 39. С. 339.
2. ИЮМ. Т. 26. С. 98—99.
3. Свяжынскі У.М. “Гістарычныя запіскі” Ф. Еўлашоўскага. Мн., 1990. С. 90.
4. Barycz H. Jan Lasicki. Wrclaw et al. 1973. S. 113, 121.
5. Pleckaitis R. Feodalizmo laicotarpio filosofija Lietuvoje. Filosofija Lietuvos mokyklose XVI—XVIII amziais. Vilnius, 1975. P. 187—188.
6. Ботвинник М. Лаврентий Зизаний. Мн., 1973. С. 88; Прокошина Е.С. Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966. С. 40—41; Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці. Мн., 1975. С. 137.
7. Голубев С. История Киевской духовной академии // Унив. изв., 1886. № 5. С. 76—78.
8. ИЮМ. Т. 26. С. 99. 1641.
9. Харлампович К.В. Западнорусские православные школы XVI — начала ХVII века, отношение их к инославным, pелигиозное обучение в них и заслуги их в деле защиты православной веры и церквию. Казань, 1898. С. 199; СГЧА. Т. 1. № 39.С. 48—55; ИЮМ. Т. 30. С. 43—54; Dzieje dobroczynnosci. 1820. R. 1. S. 420.
10. Relacye nuncyuszуw apostolskich i innych osуb o Polsce od roku 1548 do 1630. Berlin, Poznan, 1864. T. 2 . S. 165.
11. Описание старопечатных изданий кирилловского шрифта. Вып. 15. Описание изданий несвижской типографии и типографии Василия Тяпинского / Сост. Ю.А.Лабынцев. М., 1985. С. 63.
12. Sawicki J. Concilia Poloniae. Warszawa, 1948. T. 2. P. 115—132.
13. Ochmanski J. Biskupstwo Wilenskie w sredniowieczu: Ustrуj i uposazenie. Poznan, 1972. S. 77—78.
14. Глебов И. Историческая записка о Слуцкой гимназии С. 1617—1630—1901 гг. Вильно, 1903; Порецкий Я.И. Устав Слуцкого лицея // Методы обучения иностранной речи. Мн., 1972. С. 185—197.
15. Szczucki L. Jan Licinius Namyslowski // Studia nad arianizmem. Warszawa, 1959. S. 131—167.
16. Kosman M. Reformacja i kontrreformacja… S. 102; Protestanci i kontrreformacja. Wroclaw et al. 1978. S. 31; Theiner A. Vetera monumenta Poloniae et Lithuaniae. Romae, 1863. T. 3.N 39. P. 37.
17. Piechnik L. Dzieje Akademii Wilenskiej. T. I. Poczatki Akademii Wilenskiej 1570—1599. Rzym, 1984.
18. S. T. 2. S. 135; История Вильнюсского университета. Вильнюс, 1979. С.16; S. T. 2. S. 25, 248—249.
19. АВАК. Т. 8. № 188. С. 498—499; Bialozor K. Threny na… smierc… Jana Karola z Holubicz Korsaka. Wilno, 1622. K. A 3; Borkowski M. Memoriae aeternae magnifici et generosi domini… Joannis Rudomona Dusiatski… Vilnae, 1622; Korsak D. Gemina sagitta. Vilnae, 1642; Dzieje dobroczynnosci. Wilno, 1820. S. 61—65.
20. Па матэрыялах Р. Плечкайціса і нашых дадатках. Гл.: Pleckaitis R. Stopnie naukowie w dawnym Uniwersytecie Wilenskim // Sudia z dziejуw Uniwersytetu Wilenskiego 1579—1979. Warszawa, Krakуw, 1079. S. 39, 43—44, 48—49; Bielinski J. Uniwersytet Wilenski (1579—1831). Krakуw, 1899—1900. T. 3. S. 386; ВУ. АР, ф. 2. ДС 1. С. 385—392.
21. ВУ. АР, ф. 2. ДС 1. С. 467, 493.
22. Харламповіч К. Западнорусские православные школы… С. 486.
23. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік, Каментарыі. Мн., 1989. С. 120. (Раздзел 3, арт. 16).
24. Album studiosorum Universitatis Cracoviensis. Cracoviae, 1892—1950. T. 2—4. Тэрмін “літвін” у дадзенай катэгорыі дакументаў вызначаў дзяржаўна-палітычнае паходжанне. Размежаваць беларусаў і літоўцаў — “літвінаў” — са звестак матрыкулаў у пераважнай большасці немагчыма. Выключэнне складаюць, галоўным чынам, некаторыя тытулаваныя, панскія, магнацкія прозвішчы.
25. Erler G. Die Matrikel der Universitat Konigsberg i. Pr. Leipzig, 1908—1910. Bd. 1—2.
26. Foersteman C. Album Academiae Vitebergensis. Lipsiae, 1841. T. 1; Tomkowicz S. Metrica nec non liber nationis Polonicae Universitatis Lipsiensis ab anno 1409 usque ad 1600 // ADLO. 2. S. 409—467; Friedlaender E. Altere Universitat Matrikeln. I. Universitat Frankfurt a. Oder; Kallenbach J. Polacy w Bazylei w XVI wieku // ADLO. 6. S. 1—9; Hartwig O. Album Academiae Vitebergensis.Halis, 1894. T. 2; Erler G. Die Matrikel der Universitat Leipzig. 1895. Bd. 1; Hermelink H. Die Matrikeln der Universitat Tubingen. Stuttgart, 1906. Bd. 1; Erler G. Die Matrikel der Universitat Konigsberg i. Pr. Bd. 1—2; Kot S. Polacy w Bazylei za czasуw Zygmunta-Augusta // Reformacja w Polsce. 1921. R. 1.S. 105—133; Kot S. U zrуdel polskiej mysli krytycznej XVI wieku: Polacy w Bazylei. Krakуw, 1921; Wotschke T. Polnische Studenten in Wittenberg // JKGS, 1926. Bd. 2. H. 2. S. 169—200; Lechmann J. Die ortliche und soziale Herkunst der konigsberger Studenten, 1544—1649. Leipzig, 1929.
27. ВУ АР, ф. 3, арх. Аддз. 273, арк. 4.
28. НГА Беларусі, ф. 694, воп. 2, арх. аддз. 4958, арк. 639.
29. АВАК. Т. 2. № 91.
30. Е. Т. 29. S. 88.
31. VL. Vol. 3. F. 313.
32. Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968; Mikolaj Krzysztof Radziwill Sierotka. Podrуz do Ziemi Swietej, Syrii i Egiptu 1582—1584 / Oprac. L. Kukulski. Warszawa, 1962.
33. Е. Т. 12. S. 414.
34. S. T. 1. S. 216.
35. E. T. 27. S. 123—124.
36. Biki B. Osobliwe panskie dary abo raczey boskie w osobie godney pamieci.. Ierzego Karola na Dabrownie i Zaslawiu Hlebowicza, woiewody Wilenskiego, Oniksztynskiego, Radoszkowskiego…starosty przy akcie pogrzebowym z Ambony Wilenskiey Oycow Bernardynow 11. II. [лютага] r. p. 1670. Vilnae, 1670. K. C2 a.
37. Харлампович К. Западнорусские православные школы ХVI — начала ХVII века, отношение их к инославным, религиозное обучение в них и заслуги их в деле защиты православной веры и церкви. Казань, 1898; Глебов И. Историческая заметка о Слуцкой гимназии. 1617—1630—1901. Вильна, 1903; Кордт В. Чужеземні подорожні по Східній Европі до 1700 р. // Збірник ист.-филол. відділу Украін. АН. Киів, 1926. № 38; Савич А. Нариси з історіі культурних рухів на Украіні та Білорусі в ХVI — ХVIII вв. Киів, 1929; Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков: Из истории страноведения Белоруссии. Мн., 1968; Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980; Асвета і педагагічная думка ў Беларусі са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985; Cічинський В. Чужинці про Украіну. Вибір з описів подорожей по Украіні та інших писань чужинців про Украіну за десять століть. Киів, 1992;
38. Банькоўскі—Цюліг М. Студэнты і студэнткі з Беларусі ў швейцарскіх універсітэтах (ХVI—пачатак ХХ ст.) // Беларусіка 6: Беларусь паміж Усходам і Захадам. Праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу, частка 2. Мн., 1997. С. 83—90.
39. Bednarski S. Upadek i odrodzenie szkуl jezuickich w Polsce. Krakуw, 1939; Kot S. La Reforme dans le Grand-Duche de Lithuaniae. Facteur d’occidentalisation culturelle.Bruxelles, 1953; Zins H. Anglia a Baltyk w drugiej polowie XVI wieku. Wroclaw et al. 1967; Natonski B. Szkolnictwo jezuickie w dobie kontrreformacji // Studia staropolskie. Wroclaw et al. 1970. T. 29. S. 309—338;Рiechnik L. Poczatki Akademii Wilenskiej 1570—1599. T.1. Rzym, 1984; Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki. W kregu radziwillowskiego mecenatu. Poznan, 1965; Bilinski
40. Figure e momenti pollacchi a Roma. Wroclaw et al. 1992;
41. Viaggio in Italia e viaggio in Polonia. Krakуw, 1994; Джузеппе д’Амато. Сочинения иностранцев России конца ХV—ХVI веков. Историко-библиографический очерк. М., 1995 (2-е выд.); Grickevicius A. The Seminary of Gregory XIII in Vilnius (1583—1655) // Lithuania Historical Studies. Vilnius, 1997. P. 72—96.
Лекцыя 14. ЛІТАРАТУРНАЕ МЕЦЭНАЦТВА
План:
1. Уводзіны. Вызначэнне паняцця
2. Мецэнацтва як новая сацыякультурная з’ява. Асноўныя тыпы мецэнацтва
3. Эвалюцыя традыцыі: мецэнацтва князёў Слуцкіх
1. Уводзіны. Вызначэнне паняцця
Гістарычна тэрмін “мецэнацтва” звязаны з дзейнасцю рымскага багацея Гая Мецэната (Maecenatis. 1 ст. да н.э.), які за часамі імператара Аўгуста падтрымліваў паэтаў і мастакоў старажытнага Рыму. Гісторыя беларускага мецэнацтва ў мінулым фактычна не даследавалася — з прычын палітыка-ідэалагічнага характару. А паняцці “мецэнацтва”, “мецэнат” адсутнічаюць у вядомым слоўніку запазычаных лексічных форм, складзеным беларускім мовазнаўцам А.М.Булыкам. Маецца блізкі па сэнсе тэрмін — “пратэктар” (лац. protector) — “асоба, якая аказвае каму-небудзь падтрымку”: да прыкладу, пратэктары, апекуны і абаронцы манастыра.
Але адукаванаму паспольству ВКЛ тэрмін “мецэнат” быў добра вядомы. Ужо ў канцы ХV ст. мясцовыя кніжныя зборы ўпрыгожваюцца інкунабуламі з паэмамі любімых “кліентаў” Гая Мецэната — Публія Вергілія, Квінта Гарацыя Флака, аўтара знакамітай оды да Мэцэната. У панегірыках ХVI—ХVII стст. тэрмін “мецэнат” сустракаецца ў дачыненні да знатных асоб Беларусі і Літвы. Публічны панегірык акадэмічнай моладзі з нагоды атрымання ў 1623 г. Львом Сапегам пасады віленскага ваяводы адрасаваны “даўняму нашаму мецэнату” — “veteri Mecaenati suo”, “Te Moecenatem nostras Academia discat”.
Нясвіскі ксёндз Ян Аланд у сваім панегірыку “Памятка слаўнай памяці яго міласці пану Мікалаю Крыштафу Радзівілу” (Вільня, 1617) так апісаў ягоныя мецэнацкія дабрачыннасці: “Ніколі не забудзе Нясвіж свайго дабрадзея, за ўладараннем якога ён атрымаў свае залатыя вольнасці, гарадскія правы, стаў знакамітым і ў Польшчы і ў замежных краінах. Студэнты з вялікай пашанай будуць спамінаць Патрона і Мецэната сваіх навук, ухваляць у сваіх вершах і апавяць яго дзеля наступных стагоддзяў. Манахі і плебаны, для якіх ён збудаваў прыгожыя калегіі, кляштары, плебаніі, не забудуць памінаць свайго фундатара, пры абетах залецаць Пану Богу”.
У сучаснай гістарыяграфіі існуюць розныя трактоўкі мецэнацтва, гэтай незвычайнай з’явы. Нярэдка яно разглядаецца як агульная форма апякунства, падтрымкі творчых колаў, прадстаўнікоў гэтак званых вольных навук, артыстычнага рамяства, мастацтва, будаўніцтва і іншых сфер культурнай дзейнасці, незалежна ад інтарэсаў і патрэб саміх мецэнатаў. Такая трактоўка мецэнацтва здаецца нам спрошчанай і занадта шырокай. Нельга лічыць мецэнацтвам выкананне заказаў, прызначаных непасрэдна для задавалення патрэб паноў і магнатаў, дзяржаўных ці царкоўных органаў залежным ад іх людам, або матэрыяльнае забеспячэнне пэўных паўсядзённых справаў прадстаўнікамі вольных навук, рамеснікамі, мастакамі. Мецэнацтва, на наш погляд, — гэта форма падтрымкі культурнай дзейнасці і творчых суб’ектаў, непасрэдна не абумоўленая меркантыльнымі разлікамі і памкненнем захавання ўсталяванага ў грамадстве ці жаданага сацыяльнага статусу.
Палацы, што мелі магнаты Беларусі і Літвы ў розных землях ВКЛ, у сталічных гарадах — Вільні, Кракаве, Варшаве, у спадчынных і набытых маёнтках, колькі б іх ні было і якой бы раскошай яны ні здзіўлялі замежных падарожнікаў, наўрад ці праўдзіва адносіць да матэрыяльных знакаў магнацкага мецэнацтва. Тое ж можна сказаць і пра замкі ці храмы, якімі стала карысталіся фундатары. Толькі ў тым выпадку, калі дабрачыннасць выключна ці пераважна паслугавала інтарэсам іншых сацыяльных слаёў і груп (мясцовых мяшчан, сялян, шляхты, духавенства), дзяржавы ці грамадскіх арганізацый, магчыма гаварыць пра больш-менш чыстыя формы мецэнацтва.
2. Мецэнацтва як новая сацыякультурная з’ява. Асноўныя тыпы мецэнацтва
Падтрымка дзеячоў культуры асобнымі прадстаўнікамі паноўных і заможных колаў здаўна вядома ва ўсіх краінах. Мецэнатамі выступалі зазвычай вельмі заможныя людзі — некаторыя князі, царкоўныя ярархі, зрэдку — багатыя гараджане. Мецэнацтва як новая маштабная з’ява ўзнікла ў краіне ў другой палове ХVI ст. пад уплывам розных духоўных, гаспадарчых, палітычных і іншых фактараў. Развіццю мецэнацтва спрыялі культурныя, службовыя, матрыманіяльныя, канфесійныя сувязі паміж феадальнай знаццю Беларусі і Польшчы, рэнесансавая культура, Рэфармацыя ды Контррэфармацыя. Мецэнацтва ўплывала на характар літаратурнай творчасці і ў пэўнай ступені на ейную эвалюцыю.
З сваёй прыроды мецэнацтва як форма значных непрадуктыўных выдаткаў магло развівацца пераважна за конт багатых землеўласнікаў, паноў, магнатаў, што спаборнічалі з вялікімі князямі ў праяве розных амбіцый. Феадальная арыстакратыя, паны і магнаты мелі найлепшыя фінансавыя магчымасці для рэалізацыі мецэнацкіх намераў, вылучаліся адносна высокім узроўнем адукацыі, шмат падарожнічалі, а таму і выяўлялі жывое зацікаўленне пэўнымі з’явамі культуры.
У сучаснай гістарыяграфіі традыцыйна вылучаецца некалькі тыпаў мецэнацтва: 1. мецэнацтва манархаў (каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх ХVI—ХVII стст.); 2. царкоўнае мецэнацтва (царкоўная ярархія, мітрапаліты, кардыналы, біскупы і інш.); 3. свецкае мецэнацтва (князі, шляхта, мяшчане). Паперадзе паўстае, вядома ж, мецэнацтва манархаў — Жыгімонта I, Жыгімонта-Аўгуста, Стэфана Батуры, Жыгімонта III, Уладзіслава IV. Яны апекаваліся храністамі, музыкамі, мастакамі, іншаземнымі рамеснікамі, тэатральнымі артыстамі, афіцыйна выступалі абаронцамі ўсіх хрысціянскіх цэркваў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вялікакняжыя палацы былі асяродкамі рэнесансавай культуры, еўрапейскіх форм вялікасвецкага этыкету, побыту, прыдворнай службы, істотна вызначалі паноўныя моўныя і канфесійныя тэндэнцыі. Палацы мелі карцінныя галерэі, калекцыі рыцарскай і турнірнай зброі, зборы рукапісаў, карт, старадрукаў. Бібліятэка апошнягя Ягелона ў Вільні была адной з лепшых у Еўропе.
Асноўныя формы свецкага літаратурнага мецэнацтва ў Беларусі гістарычна былі звязаны з трыма групамі магнатэрыі: з багатай тытулаванай знацьцю дынастычнага паходжання; з прадстаўнікамі некаторых адгалінаванняў магнацкіх родаў, са службоўцамі, што зрабілі паспяховую кар’еру, дзякуючы вялікакняжай канцылярскай або вайсковай службе: Багавіцінавічы, Копці, Тышкевічы, Хадкевічы і інш. Па-за межамі гэтых груп паўстаюць пэўныя прадстаўнікі паспалітай — сярэдняй і дробнай шляхты, якія падтрымвалі канфесійную, выдавецкую ці грамадска-палітычную дзейнасць. Літаратурна-выдавецкае мецэнацтва гэтых людзей найлепш увасобілася ў кнігадрукаванні, якім займаліся братцтвы. (Мяшчанскае мецэнацтва патрабуе асобнага асвятлення.)
На развіццё ўсіх форм мецэнацтва значны уплыў аказвалі саслоўныя, родавыя, этнаканфесійныя традыцыі; індывідуальны, фамільны, саслоўны і дзяржаўны статусы, а таксама асабовыя якасці мецэнатаў (выхаванне, адукацыя, матрыманіяльныя стасункі, светагляд, палітычная і культурная заангажаванасць і інш.). Характэрныя і своеасаблівыя формы літаратурнага мецэнацтва ў Беларусі другой паловы ХVI — сярэдзіны ХVII стст., мабыць, найбольш яскрава праглядаюцца ў мецэнацкай дзейнасці знакамітых і найбагатшых родаў: Алелькавічаў (князёў Слуцкіх), Радзівілаў, Сапегаў.
3. Эвалюцыя традыцыі: мецэнацтва князёў Слуцкіх
У грамадска-палітычным і культурным жыцці Беларусі ХVI ст. значную ролю адыгрываў княжацкі род Слуцкіх (Алелькавічаў), якія належалі да вышэйшай тытулаванай арыстакратыі. Слуцкія былі нашчадкамі Альгерда Гедымінавіча. З першай чвэрці ХV ст. да 70-х гадоў ХVI ст. усе мужчыны роду былі праваслаўнымі і падтрымвалі цэрквы, што знаходзілся ў межах іх уладанняў.
Пры княжым двары ў Слуцку і ў слуцкіх манастырах здаўна існавалі кнігапісныя скрыпторыі. Найбольш раннія слуцкія рукапісы дайшлі да нас у спісах канца ХV ст. Большую частку прадукцыі скрыпторыяў складалі літургічныя, багаслоўскія і іншыя царкоўна-рэлігійныя кодэксы. Верагодна, невыпадкова яны пераважаюць у найбольш буйным зборы слуцкіх рукапісаў, захаваным да нашых часоў (Цэнтральная БАН Літвы).
Вопіс Слуцкага Траецкага манастыра 1494 г. дае ўяўленне пра буйныя на тыя часы зборы кніг, шмат якія былі, відавочна, напісаны або ўкладзены ў манастыр яшчэ за князямі Сямёнам і Міхалам Аляксандравічамі (памерлі ў 1470 і 1481 гг.), Васілём Сямёнавічам (1495 г.) і Сямёнам Міхайлавічам (1505 г.). У адным з рукапісаў віленскага Збору захаваны ўласны запіс вядомага ўдзельніка бітвы 1503 г. з крымскімі татарамі каля р.Уша — князя Сямёна Аляксандравіча.
У канцы ХV ст. у скрыпторыі Траецкага манастыра працаваў “Антон Семенов сын Челюстикина смолнянина”. У 1487 г. з даручэння настаяцеля манастыра Іосіф а Балгарынавіча (пазней — кіеўскага мітрапаліта) ён напісаў кнігу “Фёдар Студыт”. Пры двары князя Юр’я Сямёнавіча Слуцкага (памёр у 1542 г.) пражываў іншы выдатны кнігапісец дзяк Усцін Яцкавіч Чачэранін, які па-майстэрску аздобіў Вучыцельнае евангелле і Абраныя павучэнні.
Слуцкія князі і духавенства Траецкага манастыра далучалі да спраў і кнігапісцаў з іншых манастыроў, у т.л. Лаўрышаўскага і Марацкага. Невядомы гісторыкам кнігапісец інак Лаўрышаўскага манастыра Антоні пакінуў па сабе памяць у калафоне да Тэтра-Евангелля 501 г. Кодэкс напісаны паўустаўной граматай і ўпрыгожаны сямю рознакаляровымі застаўкамі геаметрычнага арнаменту.
Самы шыкоўны кодэкс, створаны на сродкі Юр’я Сямёнавіча Слуцкага “християном православным на прочитание”, быў завершаны ў 1539 г. Васілём Капыльскім у манастыры Міколы-цудатворца на Марачы. Вялізнае Евангелле (памер аркушаў — 354х250) было заказана Алелькавічам дзеля ўкладу ў храм Успення Багародзіцы ў слуцкім замку. Рукапісны Пралог ХVI ст., які таксама належаў замкавай царкве ў Слуцку, мае у сваім складзе апакрыфічнае “сказанне” па-беларуску — пра жыццё Багародзіцы. Як мяркуе Я.Л.Неміроўскі, на сродкі Алелькавічаў была складзена Мінея 1539 г. у “граде” Слуцку, але гэты факт дакладна не прасочваецца. З удзелам Алелькавічаў, пэўна, складаўся і кніжны збор заснаванага імі на пачатку ХVI ст. у прыгарадзе Слуцку Мікольскага Грозаўскага манастыра.
Алелькавічы ўкладалі кнігі і ва ўкраінскія манастыры, найперш — у Кіева-Пячорскую Лаўру, дзе былі пахаваны некалькі пакаленняў князёў Слуцкіх. Князь Юры Сямёнавіч у 1500 г. (верагодна, разам з сваёй маці — княгіняй Настассяй Мсціслаўскай) перадаў Тэтра-Евангелле з прадмовамі Феафілакта Балгарскага Кіева-Межыгорскаму манастыру св.Мікалая. Каштоўны кодэкс пазней папсавалі мышы, а таму ігумен Андрыян “казав есми переписать с того Евангелия”. Сродкі на рукапісныя кнігі ахвяравалі і прадстаўніцы княжага роду “па кудзелі”. Адна з рукапісных кніг Дарагабускага манастыра Ўспення Св.Багародзіцы была “свершена” ў 1581 г. накладам князя Васіля Канстанцінавіча Астроскага і Пелагеі Маціеўскай князёўны Слуцкай.
Некаторыя з князёў прымалі непасрэдны ўдзел у кнігапісанні. Напрыклад, адзін з кодэксаў пачынаецца з незвычайнай прадмовы: “Не чудисе, благоразсудительное читателю, сее светое Евангелие, которое сам светое памети Юрий Юриевич Олелько княжа благочестивое Слуцкое року божого 1582 сам своею рукою власною переписав, что починает золотом, а далие простим чернилом, и Минею, бо тое оучинилосе не от скупости, але от ревности великой ко благочестию светому; дабы такое переписмо скоро до скутку своего пришло…”. Безумоўна, рэлігійныя перакананні вызначальна ўплывалі на намеры князя прыняць удзел у кнігапісанні. Магчыма, аднак, што ён папросту пачаў “перапісмо”, асноўную ж працу выканаў люд паспаліты. Дарэчы, іншых кніг, напісаных Алелькавічамі, невядома.
Кірылічнае кнігапісанне пры дварах Алелькавічаў і падначаленага ім духавенства — мяркуючы са зместу рукапісаў і знешняга выгляду, — да сярэдзіны ХVI ст. развівалася пераважна ў традыцыях сярэдневечнай беларускай пісьменнасці. Больш выразна эвалюцыя выяўляецца перадусім у царкоўна-славянскім тэксце кніг, у які зрэдку патраплялі і элементы жывой беларускай мовы.
Падтрымкай князёў Слуцкіх у другой палове ХVI ст. карысталіся некалькі дзеячоў, што актыўна ўдзельнічалі ў духоўным і канфесійным жыцці, у т.л. вядомы рускі “ератык” старац Арцемій. Пасланні Арцемія да беларускай, літоўскай, украінскай знаці, магнатаў і ўплывовай шляхты сведчаць, што ў ВКЛ ягоныя “ератычныя” ідэі не займелі асаблівага развіцця.
На думку А.І.Клібанава, старац Арцемій не мог падзяляць скрайнасцяў радыкальнага вучэння збеглага халопа Феадосія Касога, і ў сацыяльных, царкоўна-рэлігійных поглядах заняў адносна кансерватыўныя пазіцыі. Дзейнасць Арцемія і ягоных паплечнікаў у Слуцку (пераклады, перапісванне рэдкіх помнікаў славянскай пісьменнасці, палемічныя і вучыцельныя пасланні) ува ўмовах паланізацыі шляхты, актыўных яшчэ рэфармацыйных рухаў і паступовага ўзмацнення каталіцкай царквы была накіравана на асцярожнае абнаўленне багаслоўскай традыцыі і захаванне праваслаўна-царкоўнай і моўна-культурнай супольнасці “рускага” насельніцтва ВКЛ. Магчыма, актыўныя выступленні Арцемія супраць мясцовых пратэстанцкіх выданняў, вядомыя з ягоных пасланняў да Буднага, дадаткова да іншых прычын, пераканалі нясвіскіх кнігавыдаўцоў у бесперспектыўнасці далейшага выпуску кірылічных рэфармацыйных друкаў у сярэдзіне 60-х гадоў.
Адрозна ад Арцемія, іншы рускі “выхадзец”, наўгародскі тысячнік Марк Сарыхозін, здаецца, больш займаўся практычым кнігапісаннем пры двары князёў Слуцкіх, чым міжканфесійнымі праблемамі. Яго настойліва запрашаў у Ковель князь Андрэй Курбскі, які спадзяваўся з ягонай дапамогой ажыццявіць пераклад асабліва патрэбных твораў з грэцкай і лацінскай моваў: “яви любовь ко единоплемянной Росии, ко всему словенскому языку! Не обленись до нас приехати на колько месяцей, даючи помощь нашему грубству и неискуству, бо не обвыкли есмы, яко аз, тако князь Михайло (Абаленскі — Г.Г.) словенску языку в конец, и того ради боимся пуститися едины, без помощи, на так великое и достохвальное дело”.
Разгалінаваныя сувязі князёў Слуцкіх з князямі Андрэем Курбскім, Канстанцінам Астроскім, вялікім гетманам літоўскім Грыгорыем Хадкевічам, скарбным ВКЛ Іванам Зарэцкім і іншымі грамадскімі дзеячамі, якія прымалі ўдзел у арганізацыі беларускага і ўкраінскага кнігадрукавання ў Заблудаве, Вільні, Астрогу, далі даследчыкам падставы меркаваць пра існаванне своеасаблівай культурна-асветнай супольнасці.
Літаратурнаму мецэнацтву Алелькавічаў характэрна працяглая дачыннасць да летапісання. Некаторыя летапісцы, храністы гасцявалі пры княжых дварах Алелькавічаў з канца ХV ст. Князям Слуцкім належаў Слуцкі (Увараўскі) спіс першага беларуска-літоўскага летапісу. Гэта была адна з крыніц Хронікі Быхаўца, ранняя рэдакцыя якой узнікла ў праваслаўным асяродку, верагодна, у сярэдзіне ХVI ст. На думку М.Улашчыка, толькі храніст, знаёмы з паўсядзённымі справамі князёў Слуцкіх, мог так дакладна апісаць аблогу гораду крымчакамі ў 1502 г., навакольную мясцовасць, рэаліі хатняга побыту Алелькавічаў. Хроніка адлюстроўвала погляды ўпраўных колаў ВКЛ, сябраў Рады-паноў, знанай арыстакратыі, якія ў палітыцы трымаліся дзяржаўна-патрыятычных пазіцый і баранілі ўласныя інтарэсы.
Князі Слуцкія ў ХVI ст. не займалі высокіх дзяржаўных пасад у ВКЛ, пры тым, што мелі вялікія фінансавымі сродкі і неаднойчы крэдытавалі ў гаспадарскі скарб значныя сумы. Прычынай такога становішча была змена грамадска-палітычна й сітуацыі пасля Люблінскай уніі 1569 г., паніжэнне прэстыжу арыстакратыі.
Асабліва закранала Слуцкіх, што іх не ўвялі ў сенат Рэчы Паспалітай (раней нашчадкаў паноўнай дынастыі ВКЛ персанальна ўлучалі ў Раду-паноў) і не запрашалі на вальныя соймы. З адмысловай замовы Алелькавічаў паслы ВКЛ на вальных соймах Рэчы Паспалітай неаднаразова выступалі з прапановамі прыняць адпаведнае рашэнне. Тэксты “Оповеданий о местце их милости княжат Слуцких в раде его королевское милости” былі афіцыйна ўнесены ў кнігі Метрыкі ВКЛ. Палітычныя ўплывы ў сенаце, блізкасць да ўпраўных вярхоў Рэчы Паспалітай шмат у чым вызначалі рэальныя правы і магчымасці. Таму з разумелы інтарэс Слуцкіх да гістарычных твораў, якія падкрэслівалі старажытнасць і значнасць іхняга роду.
Памылкова было б звязваць новы этап летапісання пры двары Слуцкіх у 70-х гадах ХVI ст. выключна з прагматычнымі патрэбамі. Але той факт, што Мацей Стрыйкоўскі асталяваўся ў Слуцку і Капылі менавіта ў азначаны перыяд, пацвярджае верагоднасць такой версіі. Слуцкі перыяд самага знакамітага і ўплывовага храніста ВКЛ аказаўся плённым і доўжыўся з 1576 г. да смерці князя Юр’я Юр’евіча ў канцы 1578 г. Тут быў завершаны нядаўна адшуканы даследчыкамі ягоны твор “Аб пачатках, вывадах, дзельнасцях, рыцарскіх і дамовых справах слаўнага народа літоўскага, жемайцкага і рускага…”. У прысвяце “да свайго міласцівага пана” Стрыйкоўскі падкрэсліваў важную ролю айчыннай гісторыі ў вырашэнні складаных палітычных праблем Рэчы Паспалітай, выхаванні моладзі, засваенні вопыту пакаленняў. “Таму адзін гістарычны прыклад — пісаў ён — у справах дамовых ці ваенных значыць больш, чым тысяча тэзісаў найлепшых філосафаў”. “Перш за ўсё гісторыя вучыць сенатараў, як трэба правіць у Рэчы Паспалітай, улічваць старажытныя правы і ўставы продкаў, іх звычаі, учынкі і парады…”.
Стрыйкоўскі рэальна ацэньваў складанасць працы, азначыўшы, што дагэтуль нічога падобнага не было створана. З ягоных словаў, на напісанне кнігі пайшло сем гадоў. Змест рукапісу “Аб пачатках…” шмат у чым супадае з тэкстам пазнейшай “Хронікі польскай, літоўскай, жемайцкай і усёй Русі…”, надрукаванай у 1582 г. у кёнігсберскай друкарні Ю.Астбергера. Гэта была вяршыня летапісання ВКЛ, завяршальны этап гераізацыі ягонай самастойнай гісторыі. У “Хроніцы“ і іншых творах Стрыйкоўскага відочна адбіліся ўплывы рэнесансавай культуры і новыя, больш крытычныя і шырокія, падыходы да гістарычных крыніц і паданняў. У выданне былі ўлучаны рэкамендацыйныя вершы — Еўстафія Тышкевіча, Мацея Стжэлецкага, Васіля Яцыніча і іншых сяброў аўтара, складзеныя ў характэрным стылі панегірычнай паэзіі эпохі позняга Адраджэння з ейнымі антычнымі рэмінісцэнцыямі і параўнаннямі. Стрыйкоўскі супастаўляецца з выдатнымі гісторыкамі антычных часоў — Лівіем, Тацытам, Юліем, бо “залатым пяром апісаў гістарычную мінуўшчыну Літвы” (ВКЛ) і доўгую барацьбу сарматаў за “вольнасць і Айчызну”.
Хроніка Стрыйкоўскага, у якой выкарыстаны многія польскія, беларускія, літоўскія, украінскія і іншыя летапісныя і дакументальныя крыніцы, была надзвычай папулярнай у Літве, Беларусі, на Ўкраіне і зрабілася падставай для шэрагу пазнейшых гістарычных кампіляцый.
У сферы літаратурных інтарэсаў Алелькавічаў аказваліся і іншыя гістарычныя працы. У 1580 г. для князя Аляксандра Юр’евіча быў напісаны гісторыка-этнаграфічны твор знанага дзеяча рэфармацыйнага руху ў Беларусі і Літве Яна Ласіцкага “Аб багах жэмайцкіх, сармацкіх і фальшывых хрысціянах. Таксама аб армянскім веравызнанні і пачатку панавання Стэфана Баторыя”. Рукапіс праляжаў у архіве базельскага друкара больш за 30 гадоў (разам з творам Міхалона Літвіна “Аб звычаях татар, літвінаў і маскавітаў”), перш чым у 1615 г. быў апублікаваны ў Базелі Янам Грасерам.
Пасля Люблінскай уніі старажытны княжы род, так моцна і доўга павязаны з “рускай” культурай і традыцыямі, стаў хутка паланізавацца. Прыняццё каталіцызму апошнімі прадстаўнікамі роду “па мячу” было адным з паказнікаў гэтага працэсу. Сваю духоўную місію ажыццявілі езуіты, якія даўно прыглядаліся да нашчадкаў знакамітага, фенаменальна багатага і, між тым, саслаблага роду. Алелькавічы шмат падарожнічалі на Захадзе, а Ян Сімяон Юр’евіч пастаянна, да заканчэння зямнога шляху, жыў у Любліне, дзе ў 1592 г. і быў пахаваны езуітамі.
Маюцца не зусім доказныя звесткі вядомага езуіцкага дыпламата, папскага пасланніка і пісьменніка Антоніа Пасевіна пра тое, што ў 1581 г. князь Слуцкі, як і князь Астроскі, карыстаўся ўласнай друкарняй. На думку Я.Л.Неміроўскага, князь Слуцкі мог мець нейкія адносіны з Іванам Фёдаравым, украінская друкарня якога была заснавана з дапамогай параднёнага з Алелькавічамі князя Канстанціна Канстанцінавіча Астроскага. Адносна нядаўна ў рукі польскіх даследчыкаў патрапілі цікавыя матэрыялы, што сведчаць пра c устрэчу Юр’я Алелькавіча (памёр у 1560) з Будным у канцы 50-х гадоў у Слуцку дзеля наладжвння “рускага” кнігадрукавання. Якраз у тыя гады ў Слуцку асталяваліся старац Арцемій і іншыя рускія эмігранты, якіх наўрад ці здавальнялі рэфармацыйныя погляды Буднага. Магчыма, розгалас пра выдавецкія планы князя дайшоў да Пасевіна і быў ім зафіксаваны.
Калі ўдзел князёў Слуцкіх у арганізацыі кірылічнага беларускага кнігадрукавання (не вылучаючы і Заблудава) выглядае здалёк досыць цьмяна. Адзіная на той час на землях Беларусі Берасцейская друкарня сваёй рэфармацыйнай арыентацыяй не здавальняла князёў Слуцкіх. Яны даручылі паэту і вялікакняжаму бібліятэкару Станіславу Кашуцкаму падрыхтаваць пераклад твору Рэйнгарда Ларыхіўса “Кнігі аб выхаванні і адукацыі кожнага прысвечанага”. Пераклад быў закончаны да лета 1555 г. Кніга ўбачыла свет пад рэдакцыяй педагога князёў Слуцкіх — Эразма Глічнера ў 1558 г. у кракаўскай друкарні спадчыннікаў Марка Шарфенбергера. У тым жа годзе ў кракаўскай друкарні Матфея Себенейхера была апублікавана іншая праца Глічнера — “Кніжка аб выхаванні дзяцей”, першы папулярны твор для шляхты і гараджан па педагогіцы, прысвечаны Юр’ю і Сімяону Слуцкім. Жыва напісаная кніга настаўляе бацькоў-пачаткоўцаў, як дасягаць паслушэнства, шанавання з боку сваіх распешчаных парасткаў, а таксама падказвае мажлівасць скарыстання дубца, “каб выбіць з іх дурную натуру”. Значная роля ў пасобніку аддаецца маральным прыкладам. З трох гадоў можна даваць дзецям крыху алкагольных напояў, з чатырох — прылучаць да вучобы. Адзенне не павінна быць багатым і экзатычным, лепей — непрыкметным і традыцыйным. З меркавання Глічнера, некаторыя бацькі апранаюць сваіх дзетак, як малых Ісусікаў або дзятлаў. Замежныя падарожнікі дзівяцца, бо не могуць адрозніць іх ад влохаў, немцаў, турак, татар і венграў.
У наступныя дзесяцігоддзі (да смерці апошняга князя ў 1592 г.) Слуцкім былі прысвечаны сама меней сем заходнееўрапейскіх друкаў — у Базелі, Браціславе, Данцыгу, Інгальштаце, Страсбургу. Чатыры з іх, з прысвячэннямі Аляксандру Юр’евічу, князю слуцкаму і капыльскаму, былі напісаны з удзелам знакамітых прафесараў універсітэтаў у Інгальштаце і Страсбургу — Грыгорыя з Валенсіі і заснавальніка вядомай на ўсю Еўропу гуманістычнай гімназіі новага тыпу Яна Стурма. Несумнеўна, што згаданыя выданні сталіся вынікам замежных падарожжаў князёў Слуцкіх на пачатку 80-х гадоў. Згасанне роду, якое фактычна супала з драматычнай саслабласцю ягоных грамадска-палітычных пазіцый, выклікала некалькі новых мясцовых друкаў. Смерць Яна Сімяона Слуцкага была азначана рытарычным панегірыкам езуіцкага каплана С.Высоцкага, надрукаваным на сродкі ўдавы князя Соф’і з Мельца віленскай акадэмічнай друкарняй у 1593 г.
У тым жа годзе з друкарскага варштату Мамонічаў выходзіць невялікі твор Станіслава Калакоўскага “Катамерінон княства Слуцкага, або Жалобны плач з-за ранняй смерці наследнікаў князёў Слуцкіх — Юр’я, Яна Сімяона і Аляксандра”.
Літаратура
1. Булыка А.М. Даўнія запазычанні беларускай мовы. Мн., 1972. С. 268.
2. Feigelmanas N. Lietuvos incunabulai. Vilnius. 1975.
3. Applausus Academiae Soc. Iesu in solenni Ill-i D-no Leonis Sapieha palatini Vilnensis. Vilnae, 1623. A1v, A3v.). (Чепене с. 33)
4. Aland Jan. Pamiatka jasnie o swieconemu slawnej pamieci Panu Je[go] M.P.Mikolaiowi Chrysztofovi Radziwilowi, xiaze ciu na Оlyce y Nieswiezu, hrabi na Szydlowcu i Miru, woiewodzie wilenskiemu, kawalerowi Bozego grobu ic.ic. Czynione przy Exequiach rocznych w Nieswiezu, dnia 28 Lutego. Roku 1617. Przez x. Jana Alanda Societatis Iesu, (Вільна , друк. Леона Мамоніча). Сігн. E2v.
5. Гл. напрыклад: Olkiewicz J. Polskie medyceusze. Warszawa, 1985.
6. Гл.: Tazbir J. Bracia polscy w sluzbie Radziwillуw w XVII wieku // Miscellanea historico-archivistica. T.3: Radziwillowie XVI—XVIII wieku w kregu polinyki i kultury. Warszawa, Lуdz, 1989. S. 154.
7. Topolska M.B. Czytelnik i ksiazka w Wielkim Ksiestwie Litewskim w dobie Renesansu i Baroku. Wroc l aw, 1984. S.184—188.
8. Грицкевич А.П. Слуцк. Историко-экономический очерк. Мн., 1970; Krajcar J. The last princes of Sluck and the West // JBS. V. , N3. P. 269—287.
9. Немировский Е.Л. Иван Фёдоров в Белоруссии. М., 1979. С. 62; Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882; Нікалаеў М. “Палата” кнігапісная. Мн., 1993. С. 203, 208.
10. Петров Н.И. Описание рукописных собраний, находящихся в Киеве, вып.3. Рукописи Киево-Софийского собора // ЧОИДР. 1904. Вып.4, № 28.
11. Клибанов А.И. Народная социльная утопия в России. М., 1977. С. 60, 66.
12. РИБ. Т. 31. С. 418.
13. Немировский Е.Л. Иван Фёдоров… С. 61—63.
14. Хроника Быховца. М., 1966. С. 28.
15. РДАСА, ф. 389, воп.1, кн. 277, арк.143; кн. 282, арк. 116—117.
16. “O poczatkach, wywodach, dzielnosciach, sprawach rycerskich i domowych slawnego narodu litewskiego, z emojdzkiego i ruskiego, przedtym nigdy od zadnego ani kuszone ani opisane, z natchnienia Bozego a uprzejmie pilnego doswiadczenia / opr. J.Radziszewska. Warszawa, 1979.
17. Ptaszycki S. Wiadomosc bibliograficzna o rekopisie nieswieskim kroniki Macieja Stryjkowskiego // Pamietnik literacki 1903. R.2, zesz.2. S.222.
18. “De diis Samagitarum caeterarumque Sarmtarum et falsorum christianorum. Item de religione Armenorum et de initio regiminis Stephani Batorii”. Basel, 1615.
19. Немировский Е. Л. Иван Фёдоров… С. 66.
20. Szczucki L. Szymona Budnego relacja o poczatkach i rozwoju anabaptyzmu w zborze mniejszym // Odrodzenie i Reformacja. 1986.
Лекцыя 15. ЛІТАРАТУРНАЕ МЕЦЭНЦТВА
План:
1. Пры дварах паноў і магнатаў: Радзівілы, Сапегі
2. Беларускае кнігадрукаванне. У засені шляхецкага апекавання
1. Пры дварах паноў і магнатаў: Радзівілы і Сапегі
Найзначнымі мецэнатамі другой паловы ХVI — пачатку ХVII ст. былі Радзівілы. На землях Беларусі месціліся асноўныя ўладанні нясвіскага адгалінавання роду і часткова — біржанскага. Менавіта яны адыгралі важную ролю ў развіцці магнацкага мецэнацтва ў розных сферах духоўнай культуры ВКЛ — у літаратуры, архітэктуры, выяўленчым мастацтве, артыстычным рамястве, інструментальнай музыцы і інш. Літаратурнае мецэнацтва Радзівілаў ад самага пачатку засяроджвалася на кнігадрукаванні.
Развіццё новых форм літаратурнага мецэнацтва ў сярэдзіне ХVI ст. найперш грунтуецца на дзейнасці слыннага магната ВКЛ, уплывовага палітыка, дыпламата, вайсковага і адміністратыўнага дзеяча, цягам доўгіх гадоў блізкага дарадцы Жыгімонта-Аўгуста — Мікалая Крыштафа Радзівіла (Чорнага). Сягнуўшы вышэйшых пасад у ВКЛ — гетмана віленскага ваяводства і канцлера, — князь сканцэнтраваў у сваіх руках надзвычайную ўладу і нават трымаў у нясвіскім палацы найважныя дзяржаўныя прывілеі. На пачатку 50-х гадоў ён хутка адолеў шлях канфесійнай эвалюцыі — ад не вельмі акрэсленага кальвінізму да больш радыкальных тэалагічных поглядаў, сумежных з арыянствам. Мікалай Чорны паслядоўна выступаў супраць дзяржаўнай уніі з Польшчай, чым часткова тлумачацца і ягоныя рэлігійныя схільнасці, і пагаршэнне стасункаў з каралём.
Літаратурнае і кнігавыдавецкае мецэнацтва Радзівілаў у сярэдзіне ХVI — першай палове ХVII ст. выразна выявілася ў трох асноўных формах: 1) апекаванні пісьменнікаў, перакладчыкаў, царкоўна-рэлігійных дзеячоў — удзельнікаў грамадска-палітычнага і культурнага жыцця Беларусі і Літвы; 2) скарыстанні літаратурных і кнігавыдавецкіх магчымасцяў у іншых краінах; 3) зарганізаванні кнігавыдання ў ВКЛ.
Гісторыкі кнігадрукавання абмінулі той факт, што сувязі Радзівілаў з еўрапейскімі кнігавыдавецтвамі ўсталяваліся задоўга да заснавання першыя друкарняў у межах сучаснай тэрыторыі Беларусі — у Берасці і Нясвіжы. Мікалай Радзівіл быў добра знаёмы з віленскім біскупам Янам з князёў літоўскіх, якому ў 1534 г. прадаў уладанні сваёй маці ў Крамянецкім павеце. Дарэчы, Ф.Скарына ў тыя гады выконваў абавязкі сакратара віленскага біскупа і выступаў сведкам падчас заключэння некаторых ягоных здзелак (напрыклад, са слуцкім князем). Першыя выданні друкарні, заснаванай у Нясвіжы за некалькі гадоў да смерці Радзівіла Чорнага, шрыфтамі і арнаментыкай дзіўна нагадваюць скарынаўскія “інкунабулы.
Кніжныя сувязі Радівіла Чорнага з польскімі і заходнееўрапейскімі кнігавыдаўцамі праглядаюцца з 40-х гадоў ХVI ст. Працяглае жыццё за мяжой, актыўная дыпламатычная і палітычная дзейнасць прыцягвалі да яго ўвагу універсітэцкіх, літаратурных і кнігавыдавецкіх колаў. Некаторыя выданні выйшлі ў свет, дзякуючы падтрымцы магната, зацікаўленага ўмацаваннем свайго прэстыжу ў Еўропе. Не варта забывацца пры гэтым, што ў 1547 г. Мікалай Радзівіл Чорны атрымаў ад цесара Карла V зацверджанне надзвычай рэдкага для арыстакратыі ВКЛ тытулу князя Св. Рымскай імперыі.
Так, у 1546 г. у Кракаве была апублікавана “Эпіталама Мікалаю Радзівілу” на ягоны шлюб з польскай радавітай шляхцянкай Эльжбетай Шыдлавецкай. Аўтарам першага панегірыка быў Вацлаў Шаматул, вядомы кампазітар польскага Рэнесансу. Аўтарам другога быў прафесар рымскага права Кракаўскага ўніверсітэту іспанец Пятро Ройзі — пазней адзін са складальнікаў Статуту ВКЛ 1566 г. Абодва пісьменнікі захавалі свае сувязі з Радзівіламі і надалей.
Радзівілы першымі сярод магнатаў ВКЛ асэнсавалі вялікія магчымасці кнігадрукавання ў грамадска-палітычным і духоўным жыцці краіны і сталі рабіць адпаведныя высілкі дзеля пашырэння гэтае справы: ніводзін з вядомых панскіх або княжых родаў не здзейсніў гэтак шмат для развіцця выдавецкае дзейнасці. Мікалай Радзівіл Чорны падтрымліваў кнігавыдавецкую справу ў Берасці (уладальнікі, друкары і выдаўцы — Бернард Ваявудка, Станіслаў Мурмеліўс, Цыпрыян Базілік) і Нясвіжы (Мацей Кавячынскі, Даніэль Ленчыцкі). Мікалай Крыштаф (старэйшы сын Чорнага) у 1575 г. заснаваў друкарню ў Вільні, якую пазней падараваў Віленскай акадэміі. Яна заставалася найбуйным кнігавыдавецкім цэнтрам ВКЛ да самага распаду Рэчы Паспалітай. З другога дзесяцігоддзя да сярэдзіны ХVII ст. працавала друкарня ў Любчы — уладанні біржанскіх Радзівілаў: друкары Пётар Блястус Кміта, Ян Кміта, Ян Ланге.
У літаратурным мецэнацтве Мікалая Радзівіла Чорнага параўнальна з ягонымі нашчадкамі асаблівае месца займаюць новыя пераклады і выданні Св.Пісання. У супрацьстаянні традыцыйным хрысціянскім цэрквам ВКЛ, якія падтрымвалі аўтарытэт папы або праваслаўнага патрыярхату і царкоўнай, у т.л. саборнай, традыцыі адносна Св.Пісання, Рэфармацыя аб’явіла Біблію адзінай асновай свайго веравызнання і прэтэндавала на новыя найбольш аўтэнтычныя пераклады яе на нацыянальныя еўрапейскія мовы.
Першае, незавершанае, выданне Бібліі ва Ўсходняй Еўропе было зроблена, як вядома, Францыскам Скарынам. А першы поўны друкаваны звод з’явіўся ў 1563 г. Ён атрымаў назву “Берасцейская” або “Радзівілаўская біблія” (742 арк., in folio. Друкар невядомы. Магчыма, Цыпрыян Базілік).
Да працы над гэтым зводам Мікалай Радзівіл Чорны сабраў унікальную суполку аўтарытэтных тэолагаў, перакладчыкаў, рэдактараў, у т.л. Яна Ласкага, Сымона Зацыўса, Францыска Станкара, Пятра Статорыўса, Францыска Лісманіні, Георгія Бляндрату і іншых дзеячоў рэфармацыйнага руху Заходняй Еўропы, Польшчы, Беларусі і Літвы. Над кнігай працавалі каля 6 гадоў, спачатку — у Піньчаве, а пазней — у Вільні і Берасці. Сярод асноўных крыніц выдання (акрамя, найперш, нанава перакладзеных старажытных яўрэйскага, грэцкага і лацінскага зводаў) — Новы запавет Эразма Ратэрдамскага, кнігі францускага гуманіста Феўра д’Этапля, які ў Амстэрдаме ў 1530 г. выдаў поўную Біблію. Тытульны аркуш берасцейскага выдання аформлены па матывах Альбрэхта Альтдорфера, выдатнага сучасніка Дзюрэра. Ён нагадвае тытульную гравюру англійскай Бібліі 1537 г. (Biblia English Mattew’s). Фундаментальнае выданне сталася шэдэўрам рэнесансавага друкарскага мастацтва. Яно вызначалася якасным перакладам са старажытных свяшчэнных моваў на польскую і дорага каштавала мецэнату. У прысвячэнні Мікалая Радзівіла да Жыгімонта-Аўгуста (Вільня, 19 верасня 1563 г.) акрэслены асноўныя мэты кнігі: “Абы і Ваша каралеўская міласць самі і іншыя мелі, што чытаць, і то пасцігаць, што ўсім трэба да дасягнення царства нябеснага”. Біблія выйшла значным тыражом (у некалькіх варыянтах), рассылалася ў рэфармацыйныя зборы ВКЛ, Польшчы, прэзентавалася князям і дынастам Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, захоўвалася ва ўласных зборах Радзівілаў. У ХVII ст. адзін асобнік быў падараваны электаральнай бібліятэцы ў Кёнігсбергу. Пазней адзінкавыя асобнікі ўпрыгожвалі зборы вядомых палітычных дзеячоў, вучоных, епіскапаў. Пры жыцці Мікалая Радзівіла Чорнага больш не рабілася спроб выдаць новы звод Бібліі.
У канцы 60-х гадоў новую рэдакцыю Бібліі з непрыхаваных рацыяналістычных і антытрынітарскіх пазіцый сталі рыхтаваць удзельнікі нясвіскага кнігавыдавецтва С.Будны, М.Кавячынскі і Л.Крышкоўскі (выйшла у маёнтку Кавячынскіх — Уздзе або ў Заслаўі ў 1572 г.).
Многіх патэнцыйных чытачоў у Беларусі не задавальняла і Астроскае выданне Івана Фёдарава 1581 г. — зыходна з канфесійнай арыентацыі. А таму рэфарматары Рэчы Паспалітай атрымалі ў 1632 г. новую яе рэдакцыю, зробленую на аснове Берасцейскай бібліі (Гданьск, друк Андрэя Гунефельда). У выдавецкім прысвячэнні кнігі Крыштафу Радзівілу, князю на Біржах і Дубінках, азначаны заслугі Мікалая Радзівіла Чорнага, пад наглядам якога быў падрыхтаваны пераклад “з арыентальных моў”. У іншым прысвячэнні Ўладзіславу IV акрэслена: Берасцейская біблія выйшла 69 гадоў назад, некаторыя асобнікі яе згублены з людской нядбайнасці або зайздрасці, а таму выпушчана ў свет другое выданне “dla niedostatku pierwszych Brzeskich Exzemplarzуw”. Паўплывала Берасцейская біблія і на рукапісныя зводы і пераклады Св.Пісання на Ўкраіне, а таксама на заходнееўрапейскія друкі. Некаторыя тэксты былі змешчаны немцам Эліясам Гутэрам у ягоным дванаццацімоўным выданні Новага запавету (Нюрнберг, 1599).
Радзівілу Чорнаму прысвечана і адзінае вядомае цяпер кірылічнае выданне Нясвіскай друкарні: Катэхізіс 1562 г. У прадмове, падпісанай Будным, Кавячынскім і Крышкоўскім, зважаецца на істотнасць захавання беларускай моўнай традыцыі: “Слушная бо речь ест, абы Ваши княжацские милости того народу язык миловати рачили, в котором давные продки их княжацские милости панове отци Ваших княжецских милости славне преднейшие преложеньства несуть”.
З ліку палемічных выданняў, надрукаваных за кошт Мікалая Радзівіла Чорнага, вялікі рэзананс выклікаў зборнік з двума эпісталярнымі пасланнямі — папскага нунцыя ў Польшчы Алаізія Ліпамана да Радзівіла Чорнага і адказ апошняга на ліст веронскага біскупа. Зборнік на лацінскай мове быў надрукаваны ў 1556 г. у Кёнігсбергу, у перакладзе на польскую — у 1559 г. у берасцейскай друкарні Станіслава Мурмеліўса. Папскі пасланнік некалькі месяцаў жыў у Вільні, дзе зрабіў няўдалую спробу наладзіць больш цесныя кантакты з Жыгімонтам-Аўгустам. Слаба арыентуючыся ў духоўнай атмасферы ВКЛ, ён напісаў пасланне да Радзівіла з надзеяй вярнуць яго ў каталіцызм. Ліст напісаны ў досыць звыклым павучальным стылі, характэрным для той часткі Еўропы, дзе аўтарытэт каталіцкіх ярархаў публічна не аспрэчваўся. Ліпаман паведамляў, што яшчэ за часам бытнасці ў Аўгсбургу, у ракускіх землях, — пры двары рымскага цесара, дайшлі да яго звесткі пра рэлігійнае адступніцтва Радзівіла і ягонае сяброўства з новымі ератыкамі. Наведанне Вільні і размовы з князем паслабілі гэтыя асцярогі, але яны ўзнавіліся па вяртанні ў Варшаву. Паводле аўтара паслання, новая інфармацыя атрымана “не ад подлых станаў, але ад сенатараў, шаноўных і аўтарытэтных сведак”, і яна глыбока — ”да незвычайнага сардэчнага жалю” — засмуціла яго. Больш-менш канкрэтныя вінавачанні на адрас князя можна звесці ў дзве групы: першая тычыцца ягонай антыкаталіцкай дзейнасці і асабістых паводзін: ён “галоўны гершт (правадыр — Г.Г.) усіх ератыкоў у сваім слаўным каралеўстве” (верагодна, маецца на ўвазе ВКЛ); “усюды ў сваіх уладаннях ставіць блюзнерскія алтары” (засноўвае ератычныя зборы); “утрымлівае і хавае, сапраўды ўскормлівае ератыкоў і фальшывых казнадзеяў, якія рассяваюць блюзнерства, нішчаць і прыніжаюць касцёлы божыя”; ён паслаў свайго шляхціча ў Жэневу і Базель для запрашэння “зласлівых і заражоных містраў” Кальвіна, Ласкага, Лісманіні, каб яны тут распаўсюджвалі сваю ерась. “І ўсё, што ў каралеўстве Польскім ёсць адшчапенствам, хлуслівасцю і нявер’ем, — усё здаецца яму за найлепшае”. Непакояць нунцыя і шырокія выдавецкія планы віленскага ваяводы. “Набывае кнігі адшчапенцаў не толькі для ўласнага чытання, раздае і клапоціцца аб сродках для друку”. Характэрнай прыкметай рэлігійнага адступніцтва Ліпаман лічыць незвычайныя паводзіны князя ў каталіцкіх касцёлах, якія ён змушаны наведваць падчас афіцыйных цырымоній разам з яго каралеўскай міласцю. “Бо, калі падносяць святасць Божага Цела і Келіх Гасподні, — ніколі не пазірае на іх, а глядзіць уніз або пачынае чытаць нейкія дасланыя да яго лісты…”.
Другая група вінавачванняў тычыцца царкоўных канонаў і традыцый: не прызнае вяршэнства рымскага касцёлу над усімі іншымі і папу — за Хрыстова намесніка; адмаўляе патрэбу “служб святых за нябожчыкаў”; не прызнае чысцілішча для душ памёрлых, сцвярджаючы, што “кроў божая (грэшнікаў) адкупіла”; камунію (прычасць) ухваляе пад дзвюма постацямі; найсвяцейшую святасць Божае Цела мянуе бальвахвальствам” язычніцтвам); выступае супраць цэлібату і прапануе, каб царкоўныя спевы і іншыя службы ўчыняліся на ўласнай мове. Даволі агульныя інвектывы, прыдатныя для асуджэння амаль усёй еўрапейскай Рэфармацыі, дапаўняюцца ў пасланні расплывістымі намёкамі на больш канкрэтныя акрасы рэлігійных поглядаў Мікалая Радзівіла Чорнага. Са словаў нунцыя, князь лічыў сапраўднымі хрысціянамі толькі тых людзей, з кім яднаўся рэлігійнымі перакананнямі. “Тады фальшывы быў бы голас Бога Айца, — сцвярджаў нунцый — які абяцаў сыну, што дасць яму ва ўладанне ўсе граніцы зямлі; фальшывым было б прароцтва прарока, што будзе панаваць ён ад мора да мора, ад усіх вод і да канца света; фальшывым было б і сцверджанне, што ўсе людзі сайдуцца перад тварам Пане Тваім і ўзлюбяць паміж сабой імя Тваё; фальшывымі былі б і ўсе іншыя падзеі, калі б так мізерны былі ўладанні яго, толькі частка нямецкай зямлі і малыя зямелькі Польскага каралеўства”.
У канцы свайго “краткага пісання” нунцый параўноўвае князя з сарацінскім цэсарам Саладзінам. “Аб ім даўно сказана: абдораны ўсімі чалавецкімі цнотамі (дабрадзеямі), пры адным толькі недахопе — не быў хрысціянінам”. Ён жадае князю вярнуцца да старой веры і так абараняць яе, як “зараз з ёй змагаецца”. Пасланне напісана ў Ловіцкім замку 21 студзеня 1556 г.
Хаця аўтарства адказу на пасланне прыпісваецца розным асобам, у той перыяд звязаным з Радзівілам, (ягоным дваранам Каспару Лёнцкаму, Яну Менчынскаму, доктару права, былому епіскапу з Капа д’Істрыі ў Паўночнай Італіі канверціту Пятру Паўлу Верджэрыё), важна, аднак, тое, што Радзівіл санкцыянаваў выданне, даў сродкі на яго і дазволіў неаднаразова выдаць зборнік з адказам Ліпаману. Безапеляцыйы і рэзкі стыль водпаведзі, сапраўды, выдае на княжы. Хіба што валоданне багаслоўска-тэалагічнай аргументацыяй заслабое для пацверджання аўтарства князя.
У асноўнай частцы адказу Радзівіла паслядоўна аспрэчваюцца ўсе “артыкулы” нунцыя праз спасылкі на Св.Пісанне, дзеянні і выказванні апосталаў, Евангелле, радзей — на антычныя крыніцы (“словы” Саванаролы, творы Платона, Віргілія, Арыстоцеля, Катона, Цыцэрона, Карнеліўса Агрыпы і інш.). Аўтар падае прыклад Хрыста, які знаўся з простым людам і нават са злачынцамі.
Новыя алтары — даводзіць ён — ставяцца ў адпаведнасці з божымі запаветамі. У новых касцёлах (зборах) “няма ні рымскіх ні ларэтанскіх драўляных Марый, ніякіх вашых амыльных багоў і балванаў, можна сказаць, чортаў дэльфіцкіх…, а спраўлены яны на вечнае памінанне тайнай вячэры гасподняй…”. Абараняюцца і праведнасць прычасці пад дзвюма постацямі на памінанне цела і крыві Збаўцы, праўдзівыя казнадзеі, царкоўныя службы, прынятыя за часамі апосталаў, выкарыстанне роднай мовы ў літургіі і друку, бо і “апосталы распаўсюджвалі сваю веру на мовах мясцовага насельніцтва”. Асуджаюцца непатрэбныя цырымоніі за душы нябожчыкаў, “паганская фабула” пра чысцілішча, бясшлюбнасць духавенства і інш.
Закранаючы пытанне пра вяршэнства касцёлу рымскага, аўтар цвердзіць, што “наша вера” нічым з гэтым артыкулам не звязана. “Вызнаем і веруем толькі ў касцёл святы хрысціянскі — не рымскі, канстанцінопальскі, ерусалімскі, александрыйскі, анціахійскі, але ў той, што рассеяны па ўсяму свеце і таму празваны паспалітым”. Пра яго пісаў св.Павел у пасланні да ефесеяў, мянуючы яго касцёлам справядлівых, — аргументуе аўтар.
Ключавы фрагмент адказу — нечуваныя ў ВКЛ публічныя нападкі на касцёл рымскі і папу. “Што справядлівага, што слушнага можна знайсці ў тым вавілонскім касцёле? Што чыстага, што хвалебнага?” Дачынна папы, “фальшывага хрыстова вікарыя”, ананімны аўтар падае словы Саванаролы, якога “ваша бажніца бязлітасна замардавала”: “вепр лясны і акрутны, нячысты і плюгавы, пыхлівы і пралюбадзейны, люты і неўтаймаваны”. На рытарычна пастаўленае пытанне — “хто ератык сапраўдны?” — ён адказвае новай філіпікай: “Нічога не знойдзеш так непрыстойнага, так язычніцкага, адкінутага, чаго б не было ў вашым рымскім Вавілоне і ў тым каралеўстве антыхрыста, якое мянуеш стальцом апостальскім… Але блізкі ўжо дзень Божы… і та парожняя бездань з трохгаловай хімерай …будзе сцёрта і загіне”. Заканчваецца адказ напамінам, што свецкія каралі павінны дбаць аб справах касцёльных з духавенствам і людам, і прапановай склікання народнага сіноду.
У гісторыі кнігадрукавання ў Беларусі гэта адзінае выданне, адрасаванае высокаму ярарху каталіцкай царквы ў Польшчы з такой выразнай варожасцю да рымскага першасвятара і каталіцкага духавенства. Не дзіва, што ўсе друкі, выдадзеныя з ініцыятывы і на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага, як і ягоныя ўласныя творы, хутка патрапілі ў індэкс забароненых кніг.
Сярод значнай групы кніг, выдадзеных з пасярэдніцтвам Радзівіла, прыцягваюць таксама увагу музычныя працы польскіх кампазітараў Вацлава з Шаматул і Кіпрыяна Базіліка, служылых у ягонай дваровай капэле. Да падобных музычных твораў нясвіскага асяроддзя адносяцца таксама рэлігійныя песнапенні Андрэя Тжэсецкага малодшага, якія, з словаў сучаснікаў, былі напісаны на народнай — “вульгарнай” мове. Захаваліся звесткі пра сувязі вядомых дзеячоў польскага Рэнесансу — Яна Каханоўскага, Мікалая Рэя і іншых — з Радзівілам. Гэта, паміж іншага, пацвярджаецца шэрагам выданняў берасцейскіх друкарняў. На думку даследчыкаў (А.Брукнера, С.Кота, А.Кавецкай-Грычовай), у 1564 г. у Берасці быў апублікаваны сатырычны твор “Працей” з антыпапскімі выпадамі — па матывах “Саціра” Яна Каханоўскага. Кніга прысвечана Радзівілу Чорнаму, аўтарства прыпісваюць Кіпрыяну Базіліку — паэту, кампазітару, кнігавыдаўцу, які ўзначальваў на той час Берасцейскую друкарню. У ліку свецкіх выданняў, прысвечаных Чорнаму і надрукаваных у Кароне, ёсць некалькі кніг па медыцыне. Адзін з твораў — “Медычнае настаўленне аб пазнанні і лячэнні ліхаманкі” (Кракаў, друкарня Ероніма Шарфенберга, 1548) — напісаны малавядомым аўтарам Альбертам Статкевічам.
Прыкметна змяніліся царкоўна-канфесійныя і культурныя повязі спадчыннікаў Радзівіла Чорнага, найперш ягонага старэйшага сына — Мікалая Крыштафа Сіроткі, з 1567 г. адданага католіка, ахвяравальніка, дабрадзея. З ягонай шчодрай фінансавай падтрымкі ў ягонай жа друкарні ў Вільні выйшлі ў свет шмат якія працы актыўных ідэолагаў Контррэфармацыі, у т.л. творы прыдворнага каралеўскага казнадзея, пісьменніка, рэктара Віленскай акадэміі Пятра Скаргі.
Перамога Контррэфармацыі, пэўная стабілізацыя грамадска-палітычнага ладу ў ВКЛ у першай палове ХVII ст. панізілі цікавасць нясвіскіх магнатаў да новых перакладаў Св. Пісання, тэалагічных і палемічных кніг. Літаратурнае мецэнацтва істотна памяншаецца. Нават вялізныя мемуары канцлера ВКЛ Альбрэхта Радзівіла застаюцца ў рукапісах. Пераважаюць невялікія (зазвычай не больш за 20—40 старонак) творы прыдворна-панегірычнага зместу, большасць якіх напісана каталіцкімі святарамі. Рэдкім выключэннем паўстае героіка-эпічная паэма Ларса Боера “Караламахія”, апублікаваная Акадэмічнай друкарняй у 1610 г. з прысвячэннем Альбрэхту Ўладзіславу Радзівілу. У паэме апісваецца слынная перамога гетмана ВКЛ, графа ў Шклове і Быхаве Яна Караля Хадкевіча над вялікім швецкім войскам пад Кірхольмам.
Магнаты ВКЛ, якія непасрэдна спрычыняліся да дзяржаўнай, дыпламатычнай і вайсковай службаў, прыкметна цікавіліся картаграфіяй. Нясвіскі картограф і гравёр Томаш Макоўскі, які выконваў мастацкія заказы Мікалая Радзівіла Сіроткі — відарысы і планы гарадоў і мястэчак Беларусі, Літвы, Расіі (Масквы), ілюстрацыі да друкаў, быў адным з галоўных стваральнікаў самай буйной і найлепшай на пачатак ХVII ст. у Еўропе карты ВКЛ, выдадзенай у Амстэрдаме ў 1603 і 1613 гадах.
Традыцыі літаратурнага мецэнацтва ў канцы ХVI — сярэдзіне ХVII стст. устойліва падтрымвалі біржанскія Радзівілы, што пэўным чынам звязана з іхнім своеасаблівым канфесійным і грамадска-палітычным станам у Рэчы Паспалітай. Гэта адзіная галіна знакамітага і ўплывовага роду, якая да свайго згасання ў канцы ХVII ст. трымалася евангеліцкай канфесіі (кальвінізму) і адносна вярхоўнай улады нярэдка аказвалася ў апазіцыі. Біржанскія магнаты сабралі ў сваіх літоўскіх і беларускіх уладаннях — Біржах, Кейданах, Слуцку, Любчы і, зразумела, пры двары ў Вільні многіх вядомых у гісторыі польскай, беларускай, літоўскай літаратур пісьменнікаў, перакладчыкаў, паэтаў і іншых прадстаўнікоў вольных мастацтваў, медыкаў, музыкаў, архітэктараў, дойлідаў, навукоўцаў. Мецэнатам прысвечаны творы Беняша Буднага, аўтара папулярных “Апафегмат” — зборніка навел, якія прыпісваюцца Плутарху (Любча, 1614 г.), Саламона Рысінскага, “беларуса” (“Solomo Pantherus Leucorussus”), першага ў ВКЛ збіральніка народных і антычных пагаворак, афарызмаў (Любча, 1618), паэтычныя опусы Станіслава Серафіма Ягадзінскага з элементамі побытавай і сацыяльнай сатыры, прыдворнага адміністратара, медыка і паэта Даніэля Набароўскага, Мікалая Рэя, палемічныя і прававыя працы Андрэя Валана і інш.
З падтрымкаю або апекаваннем біржанскіх Радзівілаў выдаваліся гістарычныя творы Мацея Стрыйкоўскага, Паўла Дзмітровіча, Війюка Каяловіча, героіка-эпічныя паэмы Францыска Градоўскага, Андрэя Рымшы (“Дзесяцігадовая аповесць аб ваенных справах… Крыштофа Радзівіла”, Вільня, 1585), Яна Радвана (“Радзівіліада”, Вільня, 1588), у якіх апісваліся гісторыі арыстакратычных і магнацкіх родаў, услаўляліся подзвігі Радзівілаў у войнах з Крымскім ханствам, Атаманскай Портай, “Масковіяй”.
Адрозна ад Алелькавічаў і Радзівілаў, род Сапегаў не меў старавечнага і арыстакратычнага радаводу. Імклівае ўзвышэнне роду ў другой палове ХVI ст. пачалося за конт адміністратыўнай і палітычнай дзейнасці Льва Сапегі, сына драгічынскага старасты Івана Сапегі і княгіні Друцкай-Саколінскай. Умела карыстаючыся перавагамі прыдворнай службы (сакратар і пісар вялікага князя літоўскага ў 1580—1581 гг., падканцлер з 1585, канцлер у 1589—1623 гг.), Леў Сапега завалодаў двума важнейшымі “врядамі” ВКЛ — віленскага ваяводы з 1523 г. і гетмана вялікага літоўскага з 1625 г. Не дзіва, што ён першы з роду Сапег парадніўся з Радзівіламі, а тры ягоныя сыны зрабілі паспяховыя дзяржаўна-палітычныя кар’еры.
Зыходзячы з крыніц, пры двары Льва Сапегі ніколі не збіралася шмат прафесійных пісьменнікаў, кнігавыдаўцоў. Не знойдзена і слядоў існавання значных скрыпторыяў, уласных друкарняў. Найбольш значны ўдзел Льва Сапегі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці ВКЛ — ягоная спрычынёнасць да складання і выдання Статуту 1588 г.
Леў Сапега падзяляў царкоўна-рэлігійныя планы вярхоўнай улады на ўмацаванне пазіцый каталіцкай царквы ў ВКЛ і ў якасці каралеўскага пасланніка прысутнічаў на берасцейскім уніяцкім саборы 1596 г. Ён спрыяў таксама выданню амаль усіх палемічных твораў кіеўскага мітрапаліта Іпація Пацея, які, між іншым, разлічваў на ягоную падтрымку на сеймах і ў судовых працэсах з галоўным беларускім брацтвам у Вільні. 9 верасня 1602 г. Іпацій пісаў Сапегу ў сувязі з чарговай апеляцыяй братчыкаў: “Дапамажыце мне, Ваша міласць, сваім аўтарытэтам у пана (караля — Г.Г.) і ўбачыце, як я іх уціхаміру, так што і іншыя пакаюцца. Бо дабрынёй нічога не даб’ёмся ад гэтага быдла”.
Цвяроза ацэньваючы неспрыяльны збег сацыяльных і этна-рэлігійных супярэчнасцяў, змяненне знешнепалітычнай сітуацыі, Леў Сапега быў прыхільнікам гнуткіх метадаў царкоўнай палітыкі, што пацвярджае ягоная перапіска з Пацеем, Вельямінам Руцкім, Ясафатам Кунцэвічам. Гэта, праўда, не замінала яму рабіць жорсткія захады супраць антыўніяцкіх бунтоў і іншых гэткага кшталту выступленняў. Менавіта яму даручыў Жыгімонт III расследаванне віцебскіх падзей 1623 г. “Стаў на судах як суддзя, пасаджаны ад Бога, — пісаў адзін з пазнейшых панегірыстаў — і не лічыўся ні з чым, караў крывавых бацьказабойцаў”.
Іпацій Пацей прысвяціў Сапегу адно малавядомае выданне. 26 06.1605 г. ён апавешчваў “свайго міласцівага пана і благадзея”, што адправіў да яго нейкія кніжкі: “Благавалі, Ваша міласць, ад мяне іх прыняці, а я пастараюсь хутка выдаць іх па-польску”. Сучаснай бібліяграфіі вядома “рускае” выданне Пацея, выдрукаванае на варштатах Мамонічаў у 1604 г.: “Оборона собору флорентейского против фальшивому недавно от противников згоды выданому”. Аўтарам названы рэктар уніяцкай семінарыі ў Вільні Пётар Федаровіч.
Акрамя згаданай кнігі, Сапегу былі прысвечаны яшчэ тры выданні ўніяцкага перыяду дзейнасці Мамонічаў — усе літургічнага характару. Адну з такіх кніг з уласным аўтографам Леў Сапега падараваў у 1598 г. Чарэйскай царкве ў сваім маёнтку.
На думку І.І.Лапы, Леў Сапега атрымаў афіцыйны тытул “звирхнего пана” друкарні Мамонічаў у звязку з тым, што выданне Статуту 1588 г. ажыццяўлялася пад ягоным асабістым наглядам. Нават у тэксце апублікаванага ў кнізе каралеўскага прывілею былі з ягонага загаду зроблены папраўкі. Гэтае меркаванне Лапы, верагодна, не зусім дакладна асвятляе сутнасць сапраўдных стасункаў Мамонічаў з уплывовым патронам. У большасці выданняў, надрукаваных з 80-х гадоў ХVI да сярэдзіны 20-х гадоў ХVII ст., не маецца згадак пра Сапегу. Мажліва, канцлер быў толькі намінальным апекуном друкарні і кантраляваў пераважна афіцыйныя кірылічныя і польскамоўныя выданні.
У 1588 г. Сапега пісаў віленскаму ваяводу Крыштафу Радзівілу, што жадаў бы выдаць новы Статут па-польску, але пабойваецца недакладнасцяў у перакладзе “слова ў слова” з “рускага” тэксту. Польскія выданні Статуту 1588 г. былі з’явіліся ў 1614 і 1619 гг., у 1614 г. убачыў свет польскамоўны “Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага”. Магчыма, з уплыву Сапегі друкарня Мамонічаў упершыню ў беларускім кнігадрукаванні стала выкарыстоўваць курсіўныя шрыфты, што аднаўляла канцылярскі кірылічны хуткапіс. “Трыбунал”, Статут і шэраг іншых выданняў цалкам ці часткова надрукаваны гэтымі шрыфтамі. Азначаючы заслугі Сапегі ва ўмацаванні царкоўнай уніі, Леон Мамоніч параўноўваў яго з “хрысціянскім манархам” Канстанцінам: “великое подобенство в справах твоих, великий и милостивый пане, с помененым царем знайдутся…, великое в побожности и зычливости против народови нашому российскому, который такую помощь и розшырение, за тым теж и оутеху так великую от вельможности твоей мает, якую ледве кто и от кого иного мел альбо мети будет…”.
Актыўная падтрымка Сапегам уніяцкай царквы і кнігадрукавання не азначае, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, што ён быў уніятам. З умацаваннем Рэчы Паспалітай, моўнай і рэлігійнай паланізацыяй паноўных колаў каталіцызм стаў асноўным, “абетаваным” веравызнаннем арыстакратыі ВКЛ.
Вядомасць Льва Сапегі знайшла сваё адлюстраванне ў шэрагу зробленых яму прысвячэннях. Так, яму прысвечаны сёмая кніга “Хронікі Вялікага княства Маскоўскага і панств, да яго належачых” Гваніні (Кракаў, 1611), першая кніга паэтычнага перакладу Гарацыя Флака, зробленага “у сумнай няволі ў лірычных песнях” доктарам медычных навук Себасц’янам Петрыцыем (Кракаў, друкарня В.Скальскага, 1609). Пра шчодрую “ласку” Сапегі “яшчэ за жыцця бацькі яго” паведамляў у сваім прысвячэнні канцлеру магістар вызваленых навук польскі астраном Бернат з Кракава: “Дэкрэт або вырак астралагіцкі аб зацьменнях люстраў нябёсных” (Кракаў, 1605).
Вядомым фактам з’яўляецца таксама і мецэнатцтва нашчадкаў Льва Сапегі. З ініцыятывы яго другога сына, падканцлера Леона Казіміра, малавядомым службовым шляхцічам Андрэем Руткоўскім (Ружоўскім?) была складзена вайскова-гераічная паэма “Абарона Вялікага княства Літоўскага падканцлерам …Леонам Казімірам Сапегам… у 1648 г.” (Кракаў, друкарня Цэзарыя). Лейтматыў твору — апісанне сялянска-казацкіх бунтоў і хваляванняў у Беларусі ў перыяд найбольшага іх уздыму. Аўтар азначае шырокі размах ”нябачанай хлопскай вайны з панамі”, ахапілай амаль усю Беларусь — ад Слуцку і Пінску да памежных зямель з Расіяй. Кульмінацыйны пункт паэмы — аблога ўласнага гораду Сапегаў, Быхава, казацкім загонам Гаркушы і сялянамі. З цверджання аўтара, адступленне ад Быхаўскай крэпасці прывяло б да яшчэ большага пашырэння “хлопскай вайны”, бо ўсе “бунтаўшчыцкія воласці, мястэчкі і гарады азіраліся на Быхаў”. Аблога сталася няўдалай. Нягледзячы на тактычныя манёўры Гаркушы вакол Быхава, ён змог авалодаць толькі прадмесцем. Са звестак А.Руткоўскага (хутчэй за ўсё, перабольшаных), у выніку нападу шляхецкай харугвы на табар пад Быхавым загінула каля 2 тыс. бунтаўшчыкоў. Троху пазней палявы гетман Януш Радзівіл задушыў “хлопскія бунты” ў Мазыры, Рэчыцы, Пінску і Тураве. Адрозна ад звычайных панегірыкаў, паэме Руткоўскага не ўласціва трыумфальнасць. Ува ўмовах, калі на Ўкраіне доўжылася казацкае паўстанне, ускладняліся адносіны з Расіяй, перад шляхтай Рэчы Паспалітай паўставала перспектыва працяглай вайны на розных напростках. Верагодна, твор быў апублікаваны не пазней за сярэдзіну 1649 г.: на завершанне згадваецца, што полк Казіміра Леона Сапегі, сабраны на ягоныя сродкі, кіруецца да Зборава. Аўтару яшчэ невядомы вынікі будучай збораўскай бітвы ў жніўні 1649 г., дзе харугва Сапегі мужна змагалася і была амаль дарэшты панішчана.
2. Беларускае кнігадрукаванне. У засені шляхецкага мецэнацтва
Параўнальна з магнацкім, іншы характар мела літаратурнае мецэнацтва сярэдняй і дробнай шляхты, больш моцна павязанай з побытавымі і культурнымі традыцыямі края. У гэтым асяродку яшчэ доўга трымаліся богадагоднага звычаю ўкладаць у мясцовы храм замоўленыя або рознымі шляхамі набытыя царкоўна-рэлігійныя кнігі, пераважна Евангеллі і Апосталы, з адпаведнымі пазнакамі пра дабрачынцаў (своеасаблівымі ахоўнымі запісамі). Нярэдка аздоблены аб’ёмным ліццём, накладкамі, ціснёным арнаментам скураны пераплёт такіх кодэксаў каштаваў даражэй, чым сам рукапіс ці старадрук. Апраўленае пазалочаным срэбрам Тэтра-Евангелле Пятра Мсціслаўца 1575 г., падоранае царкве на Цэпры пазнейшым яе ўладальнікам, абышлося 27 коп літоўскіх і 24 гроша, а сама кніга — дзве копы. Як бачна з маргінальных запісаў на рукапісах, у канцы ХVІ — першай палове ХVІІ стст. заўважна змяніўся сацыяльны склад шляхты, звязанай з беларускай кірылічнай пісьменнасцю, узрасла вага дробнай і сярэдняй шляхты, надзвычай рэдкімі сталі кнігі, напісаныя з замовы магнатаў або з іхнай фінансавай дапамогай.
Азначаныя тэндэнцыі лепш прасочваюцца па старадруках. Брацкія беларускія друкарні ў Вільні, Еўі, Куцейне і Магілёве, а таксама друкарня Спірыдона Собаля, што дзейнічала ў Беларусі з падтрымкі брацтваў, з 1595 да 1654 г. выпусцілі каля 100 выданняў.
Па арыгінальных асобніках вядома 87 такіх выданняў. Большасць мецэнатаў — асобы, якія не належаць да арыстакратыі. Унікальнае сярод іх, да прыкладу, — Евангелле вучыцельнае (Еўе, 1616) прысвечана 5 шляхецкім родам.
У другой чвэрці ХVІІ ст. адбылося, аднак, істотнае звужэнне сацыяльнай асновы брацкага кнігадрукавання, што звязана было з адыходам беларускай шляхты ад праваслаўя.
Літаратура
Вайшвилайте И.В. Характер художественного меценатства в Литве // Проблемы истории античности и средних веков. М., 1983;
Кніга Беларусі 1517—1917. Зводны каталог. Мн., 1986;
Голенченко Г.Я. Крупные светские частновладельческие библиотеки Белоруссии и Литвы второй половины ХVI — середины XVII в. // Фёдоровские чтения 1982. М., 1986. С. 100—114;
Каханоўскі Г. Да пытання аб беларускім мецэнацтве ў ХVI—ХVIII стст. // Беларусіка. Мн., 1992. Кн. 2. С. 101—105;
Нікалаеў М. “Палата” кнігапісная. Рукапісная кніга на Беларусі ў Х—ХVIII стагоддзях. Мн., 1993;
Саверчанка І.В. Aurea mediocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі. Адраджэнне і ранняе барока. Мн., 1998;
Lempicki St. Mecenat kulturalny w Polsce. Problemy i postulaty. Krakуw, 1928;
Gуrski K. W promeniach mecenatu Mikolaja Radziwilla Czarnego // Studia nad dziejami polskiej literaturu antytrynitarskiej XVI wieku. Krakуw, 1949. S. 101—140;
Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki. W kregu radziwillowskiego mecenatu. Poznan, 1965;
Pelc J., Tomkiewicz W. Rola mecenatu w rozwoju kultury i literatury polskiej w czasach renesansu oraz baroka // Problemy literatury staropolskiej. Seria druga. Warszawa et al. 1973. S. 165—236;
Topolska M.B. Czytelnik i ksiazka w Wielkim Ksiestwie Litewskim w dobie Renesansu i Baroku. Ossolineum, 1984;
Topolska M.B. Srodowisko twуrcze w Wielkim Ksiestwie Litewskim w XVI w. (autorzy publikowane) // Studia nad gospodarka, spoleczenstwem i rodzina w Europie pуzno feudalnej. Lublin, 1988. S.201—205;
Miscellanea historico-archivistica T. 3. Radziwillowie XVI—XVII wieku w kregu polityki i kultury. Warszawa, Lуdz, 1989;
Badania ksiegozbiorуw Radziwillуw. Warszawa, 1995;
Topolska M.B. Drukowana ksiazka polska w kulturze Wielkiego Ksiestwa Litewskiego na przelomie Renesansu i Baroku (1553—1654) // Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica. 1995. № VІ. С. 83—108.