Школа гісторыі

Адкрытыя лекцыі

Аляксей Бацюкоў: Магілёў – волные сыны в волной Речи Посполитой”.

Алесь Смаленчук: Польшча і палякі ў гістарычным лёсе Беларусі. ХІХ – ХХІ стагоддзі.

Сяргей Токць: Сацыяльная гісторыя Беларусі ХІХ ст.

Тацяна Астроўская: Глабальная гісторыя беларускага самвыдату.

Юры Пацюпа: Беларуская мова: культура маўлення – моўная інжынерыя – метаграматыка.

Таццяна Валодзіна: Фальклорная традыцыя ў часе і прасторы. Здароўе ў традыцыйнай беларускай культуры.

…не бывае чалавека без хваробаў, без унутраных засветаў, чужое – важкая частка яго мікракосму. І гэта не заўсёды той адмоўна маркіраваны элемент, да выдалення якога чалавек мусіць імкнуцца. Гэта ў такой жа ступені неабходны і арганічна ўласцівы “свой” чужы свет, у адносінах з якім патрэбныя пэўны рэгламент і гармонія…

Сустрэчы літаратурна-філасофскай кавярні “ЗНО”

Дыскусіі і размовы

“Парадоксы савецкасці”. Размова з Юліяй Чарняўскай.

З аднаго боку, існуе стэрэатып пра Беларусь як пра самую савецкую з савецкіх рэспублік. Думка пра тое, што менавіта непераадоленая савецкасць ляжыць у аснове папулісцкага выбару сярэдзіны дзевяностых, і тых дзіўных аўтарытарных гештальтаў, што сфармавалі сацыяльны і палітычны профіль краіны ў нулявых і дзясятых. З іншага, сённяшняе беларускае грамадства відавочна выйшла за рамкі старых вобразаў. Мы відавочна ўжо не “чорная дзюрка”, не “апошняя дыктатура”, і нават не “дэнацыяналізаваная нацыя”. Ці гэта значыць, што мы ўжо не “савецкія”?

Цэнтральная Еўропа: метамарфозы канцэпту. Размова з даследчыкам Аляксеем Кажарскім.

“Цэнтральная Еўропа” – гэта ідэя з непрадказальным лёсам. За апошняе стагоддзе яна шмат разоў змянялася, і часамі нават пераходзіла ў сваю супрацьлегласць. Так, з Цэнтральнай Еўропы як сферы ўплыву імперыялістычнай Германіі – свайго кшталту “нямецкай Еўразіі” – сталася Цэнтральная Еўропа малых народаў, якія хочуць пазбавіцца чужога прыгнёту. Чароўныя метамарфозы на гэтым не скончыліся. Сённяшняя “Цэнтральная Еўропа”, здаецца, паступова адыходзіць ад таго разумення, якое ў яго ўкладалі дысідэнты і палітыкі падчас антытаталітарных рэвалюцый 1989 г. Што нас чакае на новым этапе?

Праект “Настальгія”: ці можна прысніць будучыню? Размова з Ліліяй Ільюшынай.

Настальгія – бадай што галоўнае слова апошніх часоў. Туга па савецкай Атлантыдзе/ВКЛ/БНР/…, па ўтульнай стабільнасці ці гераічнай мінуўшчыне спараджае росквіт гістарычнага пачуцця. Звычайна ў фокусе аказваецца барацьба гістарычных дыскурсаў/наратываў: ці выконваюцца крытэры навуковасці, дзе межы інтэрпрэтацый, ці дасяжная “аб’ектыўная гістарычная праўда” і як яе адрозніць ад ідэалагем і да т.п. У гэтым рэчышчы можна параўноўваць “афіцыйную” гісторыю і “неафіцыйную”, спрачацца.
Але пра што сведчыць гэты феномен тугі? Што ён кажа не пра гісторыю, а пра нас сённяшніх? Якія рызыкі ўтрымлівае ў сабе настальгічнае мысленне? Ці так ужо добра захапленне сымбалямі, міфамі, каранямі? Адкуль наогул бярэцца гэтая туга? І, галоўнае, ці не засланяюць карціны мінуўшчыны вобраз будучыні?

Посткаланіяльныя гісторыі Усходняй Еўропы. Размова з Антонам Сайфуллаевым.

Мы ўжо прызвычаіліся, што беларускае мысленне выйшла за межы лакальнасці. Беларускія інтэлектуалы жывуць і працуюць у Празе і Стакгольме, Лондане і Берліне. Іх тэксты, лекцыі, ідэі не проста пашыраюць інтэлектуальныя далягляды тутэйшай гуманістыкі, але літаральна сшываюць культуры, кантэксты, пакаленні.
Нават на гэтым фоне кніга варшаўскага даследчыка Антона Сайфуллаева „Postkolonialne historiografie. Casus jednego średniowiecza”, што выдадзена Інстытутам гісторыі навукі ПАН, звяртае на сябе ўвагу. Аўтар працягвае работу (дэ) і (рэ) канструкцыі мінулага Усходняй Еўропы / Беларусі, распачатую Лары Вульфам, Тыматы Снайдэрам, Марыяй Тодаравай ды інш.
Беларуская гістарыяграфія пасля яе “ўжо ніколі не будзе ранейшай”.